Што такое сепарацыя? Аддзяленне. Калі мы нараджаемся, нас фізічна аддзяляюць ад маці, пераразаючы пупавіну. Пазней перад намі стаіць наступная задача — паступова і паслядоўна перарэзаць «пупавіну псіхічную», якая звязвае і не дае рухацца ў поўнай меры. Знайсці свой змест і сваю форму, якая не пра бацькоў, партнёраў, родзічаў з сёмага калена, суседзяў, а пра вашую ўнікальнасць і асабістасць. Перарэзаць пупавіну — значыць выбраць «хачу» замест «мушу».
У новым выпуску рубрыкі псіхалагіня Надзея Гарадніцкая і мастачка Анастасія Дачко гавораць і малююць пра сепарацыю.
Якія прыкметы таго, што я не прайшоў/-ла сепарацыю?
Ну, напрыклад:
- празмерная залежнасць ад чужога меркавання
- сузалежныя стасункі
- хранічнае пачуццё віны
- патрэба даказваць усяму свету, што вы можаце
- неразуменне, чаго вы хочаце ад жыцця і чаго яно чакае ад вас
- немагчымасць казаць «не», разумець і абараняць свае межы
- патрэба заўсёды даказваць сваю правату
- адчуванне сябе ахвярай і страх узяць адказнасць за сваё жыццё
- бясконцыя цяжкасці ў рамантычных стасунках
- немагчымасць зарабляць дастаткова
- нізкая самаацэнка
- нараджэнне дзяцей, каб парадаваць бабулю з дзядулем
- пражыванне ідэнтычнага сцэнара, як у бацькоў
- ці, наадварот, страх быць падобнымі да іх
- перманентная трывога за здароўе і эмацыйны стан бацькоў
- жаданне іх перарабіць
- звышдоўг перад бацькамі
- пражыванне з бацькамі ў дарослым узросце (у нашым культурным асяроддзі)
- прыярытэт на бацькоўскай сям’і, а не ўласнай (прывет, агарод па выходных!)
- фінансавая залежнасць ад бацькоў
Спіс, як бачыце, даволі доўгі, і яго можна працягнуць. Але калі абагульніць — гэта адсутнасць паразумення сябе як цэласнага асобнага чалавека са сваімі пачуццямі і жаданнямі.
Няпройдзеная сепарацыя — гэта не толькі пра стасункі з бацькамі?
Вядома, мы можам быць не сепараваныя, напрыклад, ад калектыву, працы. І нават ад краіны. Але калі мы пачнем капаць, то ўсё роўна прыйдзем да бацькоў як першапрычыны.
Пераехаў у іншую кватэру/горад/краіну — значыць сепараваўся?
Фізічная сепарацыя — гэта аснова. У той жа час вы можаце збегчы хоць у Антарктыку, але возьмеце з сабой эмацыйныя кручкі, якія не дадуць вам спакойна жыць і цешыцца пінгвінамі.
Ці спрыяе сепарацыі абмежаванне/перапыненне кантактаў з бацькамі?
Сепарацыя ад бацькоў не азначае прыпынення ці абмежавання стасункаў: наадварот, менавіта пасля сепарацыі можа наступіць новы этап узаемаадносін бацькоў і дзяцей як дарослых самастойных асоб. Гэта найлепшы сцэнар. Але так, бываюць выпадкі, калі разумней за ўсё спыніць стасункі як мінімум на нейкі час.
Ок, я адчуваю, што патрабую сепарацыі. Што рабіць? Як дапамагчы сабе «падарослець»?
Запісацца на тэрапію:)
І там навучыцца:
- сябраваць са словам «не»
- распазнаваць маніпуляцыі і супрацьстаяць ім
- разумець і выражаць свае пачуцці
- абапірацца на свае каштоўнасці і сэнсы-
- казаць прама, калі вам нешта не падабаецца
- паважаць свае і чужыя межы
- прымаць бацькоў такімі, якія яны ёсць
- прапісаць свае каштоўнасці і мэты ў жыцці, перачытаць і выкрэсліць не вашыя
- знайсці тое, што вам падабаецца ў жыцці
- стаць фінансава незалежнымі: пачаць самастойна зарабляць і жыць асобна
- прызнаць, што ажыццявіць усе мары бацькоў і апраўдаць іх чаканні вы не зможаце і, галоўнае, не павінны
І самае галоўнае — прыняць той факт, што іншага дзяцінства і іншых бацькоў не будзе. Разам з гэтым адпусціць надзею, што вы даатрымаеце ад іх тое, чаго не атрымалі раней. Цяпер вы той самы чалавек, які павінен будзе сябе далюбіць.
Як несепараванаму чалавеку пачаць будаваць межы ў камунікацыі з бацькамі і не трыгерыцца на іх крытыку, маніпуляцыі ці патрабаванні вырашаць іх праблемы?
Адмаўляць і вытрымліваць усе пачуцці, якія будуць уздымацца на маніпуляцыі кшталту «ты дрэнная дачка/сын». Вы не адказныя за пачуцці дарослых людзей, нават калі гэта вашыя бацькі: сталыя, хворыя, любыя. Вы не павінны вінаваціць сябе, калі яны не задаволеныя вамі. Прычына іх негатыўных эмоцый — іх уласныя праекцыі і чаканні, якім вы не абавязаныя адпавядаць, таму што ў вас сваё жыццё, якое адрозніваецца. Ім давядзецца спыніць перакладваць на вас адказнасць за свае эмоцыі і навучыцца спраўляцца з імі самастойна. Але хутчэй за ўсё гэта вам прыдзецца перастаць браць гэтую адказнасць на сябе.
Сепарацыя дапамагае нам знайсці свой почырк, аўтэнтычнасць. Як майстар з кавалку гліны вырабляе твор, так і сепараваны чалавек вырабляе сваімі рукамі сябе як мастацтва.
Поспехаў!