Што такое САЖ?
Прыгожы посуд на свята, шыкоўная бялізна на свята, самае смачнае на свята. Знаёма? Ці так: калі пахудзею, калі пераеду, калі найду таго/ту самага/ую, з панядзелка, калі дзеці вырастуць…
Прывітанне, сіндром адкладзенага жыцця!
САЖ — гэта такая падступная рэч, якая шэпча на вуха: пачакай яшчэ, гэтае тваё жыццё не сапраўднае, недзе там, за гарызонтам, цябе чакае падзея ці чалавек, які ўсё зменіць і тады як зажывеш… Не, шаноўнае спадарства, жыццё — гэта тое, што адбываецца з намі цяпер. А пакуль вы знаходзіцеся ў будучыні, ваша сучаснае не можа праявіцца найлепшым чынам.
У чалавека з САЖ можа назірацца наступнае
- Заніжаная самаацэнка, бо ён/яна не рэалізуе сваіх патрэбаў. І як вынік — адчувае сябе горшым/ай за іншых.
- Узрастае рызыка наагеннага неўрозу (адсутнасць сэнсу ў жыцці). Немагчыма рэалізоўваць сэнс, не пражываючы само жыццё. Наагенны неўроз часта ідзе поруч з дэпрэсіяй.
- Адчуванне хранічнай зайздрасці і злосці. «Я горшы за іншых, яны змаглі, а я не. Ім пашанцавала, а мне не».
- Падмена свайго жыцця іншымі: жыццём дзяцей, партнёраў/ак, блогераў/ак. Гэта зручны спосаб не звяртаць увагі на сваё жыццё, бо там страшна. І тады чалавек альбо пачынае капіяваць чужое, альбо ўмешвацца ў жыццё іншых, не пытаючыся. Як вынік — канфлікты з блізкімі.
Усё пералічанае вымушае чалавека пакутаваць, і ён/яна пачынае — што…? Правільна, яшчэ больш чакаць таго самага моманту, калі ўсё зменіцца.
Чаму так адбываецца?
У дзяцінстве такога чалавека:
- Не звярталі дастаткова ўвагі на пачуцці. І дарослы чалавек не разумее, чаго ён/яна сапраўды хоча.
- Не былі задаволеныя важныя патрэбы. Напрыклад, у кампентэнтнасці — разбірацца ў абранай вобласці, развівацца ў ёй, даведвацца новае. А таксама патрэба ў безумоўнай любові, мэсыдж якой: ты сам(а) па сабе каштоўнасць, што б з табой ні адбывалася.
- Шмат забаронных установак з сям’і, грамадства.
Чалавек вырастае без веры, апоры на сябе і свае здольнасці, а чаканыя цуд і падзея, якія павінны змяніць жыццё, — нішто іншае як прататып «дарослай асобы», якая прыйдзе на дапамогу.
Акрамя гэтага, такія падзеі як эміграцыя, рэвалюцыя, вайна, жыццё пад рэпрэсіямі ўзмацняюць забарону на жыццё «тут і цяпер».
З чаго пачаць?
- Вучыцца жыць цяпершчынай. Можна весці дзённікі: напрыклад, дзённік пачуццяў, дзённік падзякі сённяшняму дню (радасці). Медытацыі, якія накіраваныя на назіранне за дыханнем, целам. Такі кірунак як mindfulness (медытацыя ўсвядомленасці) таксама дапамагае.
- Цікавіцца сабой. Прапісаць свае каштоўнасці і жаданні. Што са спісу жаданняў я магу рэалізаваць ужо цяпер, у бок якіх я магу пачаць рабіць першыя крокі?
- Ставіцца ўважліва да сваіх пачуццяў. Што важнае яны мне хочуць данесці?
- Вызначыць свае абмежаванні. Ці вы бачылі ката, які хоча быць сабакам? Ніколі. Гэта нонсэнс. Што можа зрабіць цікавага гэты самы кот для свайго жыцця, улічваючы свае асаблівасці? А што кату зрабіць немагчыма, бо ён не сабака, не тхор і не страус?
- Калі вы ў эміграцыі, напішыце спіс усяго таго, што можа зрабіць вашае жыццё ў гэтай краіне утульнейшым. Тут і цяпер. Можа, прыемная бялізна, можа, прыгожы кубак, з якога вы будзеце кожны дзень піць каву. І абавязкова канцэнтруйцеся на асалодзе ад напою падчас працэсу.
Паступова ўсё атрымаецца. Дайце сабе час, каб пачаць па-іншаму. Але не з панядзелка і не з новага года. Сёння. Цяпер. Першы крок.
З чаго пачняце?