Мы любім пісаць пра рост, матывацыю і добрыя рэчы, якія напаўнаюць жыццё сэнсамі. Але ўвесь поспех, дасягненні і гадамі вырошчваная ўнутраная гармонія знікаюць умомант, калі ў бядзе блізкія. Яшчэ цяжэй, калі раптоўная навіна пра смерць роднага далятае знянацку адтуль, куды не зможаш пайсці-паехаць, паўдзельнічаць, перажыць развітанне. Сойка запытала ў псіхалагіні, як прайсці праз цяжкі, чорны перыяд, калі няма магчымасці асабіста правесці блізкага, пабыць у жалобе разам з сям’ёй.
Рубрыку вядуць псіхалагіня Надзея Гарадніцкая і мастачка-ілюстратарка Анастасія Дачко.
Як развітацца, калі не можаш прыехаць на пахаванне?
Ва ўсе часы ва ўсіх культурах пахаванні суправаджаліся рытуаламі. З пункту гледжання псіхалогіі, рытуалы існуюць для нас саміх, каб справіцца са стратай. Калі ў вас няма магчымасці прыехаць, вы можаце скарыстацца адным са спосабаў развітацца:
- Напісаць развітальны ліст і выразіць у ім свае пачуцці. Падзякаваць, выбачыццца, сказаць усё, што не паспелі сказаць.
- Запаліць свечку і сабрацца вакол яе з блізкімі людзьмі, якія па чарзе скажуць развітальныя словы пра чалавека. Можна раздрукаваць фота. Такое кола створыць магчымасць раздзяліць гора, выказаць пачуцці і адпусціць.
- Сабрацца за развітальнай вячэрай. Паставіць адно пустое крэсла, фота таксама будзе добра. Даць кожнаму магчымасць расказаць пра свае стасункі з памерлым.
- Калі ў вас ёсць рэчы, якія належалі гэтаму чалавеку, можна іх пахаваць. Выбраць для гэтага месца, якое вам падабаецца ці нешта значыць для вас. Таксама паклікаць блізкіх і даць кожнаму развітальнае слова.
Як прабачыць сабе сваю адсутнасць і не несці пачуццё віны?
Пачуццё віны пры страце блізкага ўзнікае практычна заўсёды. Гэта нармальная рэакцыя на смерць роднага чалавека. Гэтае пачуццё ўзнікае як спосаб вярнуць сабе кантроль над тым, што адбываецца. Вядома, гэта толькі ілюзія кантролю. Лягчэй вінаваціць сябе («а калі б я была побач…»), чым прызнаць сваю бездапаможнасць і той факт, што чалавек памёр.
Але задумайцеся: хіба ваш блізкі хацеў бы стаць прычынай вашага болю? Калі не для сябе, то дзеля таго, хто сышоў, не трэба сябе абвінавачваць. Не ва ўладзе чалавека кантраляваць смерць. Як казаў Віктар Франкл, «ёсць звышсэнс, які недасяжны чалавеку. Мы проста схіляем галаву перад таямніцай».
Колькі «нармальна» быць у жалобе? Што, калі гэта працягваецца год і болей?
Прынята вылучаць умоўную норму гаравання — год-паўтара. Але рэакцыя на страту блізкага чалавека індывідуальная для кожнага. Чалавек можа пераскокваць стадыі гора (адмаўленне, гнеў, гандаль, дэпрэсія, прыняцце) і вяртацца назад, ісці ў сваім парадку і тэмпе. Бывае і так, што стан гаравання можа цягнуцца гадамі, напрыклад, калі смерць была раптоўнай. Гэта завецца адтэрмінаванай рэакцыяй на стрэс. Ёсць фактары, якія спрыяюць развіццю паталагічных рэакцый, калі ў людзей праз год ці два развіваецца ПТСР. Добрым паказчыкам для чалавека будзе, калі той з цягам часу зможа вяртацца да звычайнага жыцця. І наадварот, калі з цягам часу нічога не мяняецца і чалавек доўга не выходзіць з дэпрэсіі, то можна казаць пра паталогію.
Ці варта прымаць антыдэпрэсанты падчас вострага перыяду жалобы?
Дваістая сітуацыя. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць транквілізатары, якія выключаюць эмацыйныя рэакцыі. Якім бы цяжкім ні быў перыяд гаравання, чалавек павінен прайсці і праз боль, і праз гора. Калі таблеткі адключаюць эмоцыі, моцна падвышаецца рызыка цяжкіх адтэрмінаваных рэакцый у будучыні. Але ў той жа час можна падабраць больш лёгкія прэпараты, каб чалавек, як мінімум, мог спаць. У любым выпадку, варта звяртацца да спецыялістаў. Псіхолагі, якія працуюць з тэмай страты, будуць добрым плячом у гэты складаны час. І яны змогуць накіраваць вас да псіхіятраў, калі ўзнікне такая неабходнасць.
Як зразумець, што чалавек спраўляецца сам?
Псіхолаг Дж. Уільям Уордэн вылучыў чатыры задачы гора. Калі задачы не вырашыць, гора так і не наблізіцца да завяршэння, праз што ўзнікаюць праблемы нават праз шмат гадоў. Адкладзенае перажыванне цяжэйшае яшчэ і таму, што праз нейкі час чалавек ужо не атрымлівае той падтрымкі ад навакольных, як адразу пасля страты.
Задача 1: Прызнаць факт страты
Задача 2: Перажыць боль страты
Задача 3: Пераладзіць побыт
Задача 4: Працягнуць жыць
Даць сабе час. Падтрымку.
Прыкметы завяршэння жалобы:
- здольнасць накіроўваць большую частку пачуццяў не памерламу, а іншым людзям,
- успрымальнасць да новых уражанняў і падзей жыцця,
- здольнасць гаварыць пра памерлага без моцнага болю,
- цікавасць да жыцця, новыя ролі і новае асяроддзе.
Смутак, вядома, застаецца. Гэта натуральна. Але гэта ўжо спакойны, светлы смутак. Бо на змену жалобе прыходзіць любоў, якая замацоўвае за чалавекам месца ў сэрцы і вечнасці.