Размовы

Бацюшка з YouTube: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя

Аляксандр Кухта — праваслаўны святар

Бацюшка з YouTube: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя

Калі святар не замыкаецца ўнутры храма, то ён выходзіць у ютуб. Прынамсі такі выбар зрабіў праваслаўны святар Аляксандр Кухта. Аўтар самага папулярнага беларускага ютуб-блога пра жыццё царквы расказаў Сойцы пра папулярнасць, крызіс веры і пра тое, чаму асоба — гэта галоўнае, а прафесія ці пол — не.

Аляксандр Кухта — праваслаўны святар. У 2015 годзе ён пачаў весці ютуб-канал «Batushka ответит» і хутка стаў вядомым не толькі сярод вернікаў. У сваіх роліках Аляксандр развейвае стэрэатыпы пра хрысціянства. Сёння на яго канале 46 тысяч падпісчыкаў.

Бацюшка з YouTube: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя

— Вы пачалі весці канал у 2015 годзе, даволі хутка нарасцілі аўдыторыю. Чаму вы выбралі менавіта YouTube?

— Усё склалася так, як склалася. У тым годзе я выпусціўся з семінарыі, цэлы год займаўся самавызначэннем і зразумеў: святары бываюць розныя. Ёсць святары-малітоўнікі, якія добра моляцца, гэта дакладна не пра мяне. Ёсць святары-будаўнікі, якія будуюць храмы. Гэта таксама не мая гісторыя. Калі мне даць кавалак зямлі ў полі і сказаць: «Пабудуй тут храм», максімум, што змагу зрабіць — гэта будан. Ёсць святары-навукоўцы, якія займаюцца даследаваннямі і пішуць навуковыя працы. І гэта таксама не пра мяне. А ёсць святары-папулярызатары. Я зразумеў, што мне камфортна знаходзіцца ў гэтым полі. Другая рэч — трэба займацца тым, што падабаецца, інакш выгарыш і кінеш. Так што я гарманічным чынам прыйшоў на YouTube, хоць, калі б справа была ў 2022 годзе, то хутчэй за ўсё гэта быў бы TikTok. Хоць у мяне ёсць і TikTok.

— Таму што вы імкняцеся да моладзі, а TikTok — больш «маладая» пляцоўка?

— Першыя ролікі ў ютубе былі спробай звярнуцца да маладой аўдыторыі, накшталт старэйшых школьнікаў. Прызнаю, гэта была спроба быць не сабой. Зараз статыстыка на ютубе паказвае, што часцей за ўсё мяне глядзяць мае равеснікі, і аўдыторыя расце разам са мной. Цяпер гэта на 70% мужчыны, 25-35 гадоў. Я чалавек свайго пакалення, які выкарыстоўвае культурныя коды, якія хутка гэтым пакаленнем счытваюцца. Думаю, калі праз 10 гадоў працягну займацца тым, што раблю, мая аўдыторыя таксама вырасце.

Дарэчы, ужо стаміўся ваяваць са стэрэатыпам пра тое, што мяне глядзяць 15-гадовыя дзяўчаты-падлеткі. Думаю, у іх іншыя інтарэсы.

Бацюшка з YouTube: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя

— Вы нездарма зрабілі рэмарку пра сваё пакаленне — праваслаўная царква сама па сабе лічыцца даволі архаічнай, а сучасны свет патрабуе надзвычайнай гнуткасці. Як гэта — шукаць агульную мову з аўдыторыяй, якая ўжо не проста дзеліцца на вернікаў і нявернікаў, мужчын і жанчын, а, напрыклад, ёсць людзі, якія ўсвядомілі сябе па-за бінарнай гендарнай сістэмай?

— Калі ў цэлым сказаць пра тэму стасункаў, гендараў і самаіндэнтыфікацый, то ў мяне ёсць адказ з дзвюх частак. Першая частка: я б хацеў больш камунікаваць з такімі людзьмі, каб больш даведацца пра тое, што важна для іх. Генеральная ўстаноўка ў тым, што я бачу ў іх у першую чаргу людзей. Нядаўна глядзеў інтэрв’ю з жанчынай, якая ў сілу абставінаў і асабістага выбару стала ідэнтыфікаваць сябе як яно. Мне вельмі спадабаліся яе словы пра тое, што яна хацела б, каб у ідэальным свеце людзі рэагавалі не на знешнасць, гендэр ці нешта яшчэ, а бачылі проста іншых людзей. Напэўна, гэта тое, аб чым кажа хрысціянства.

Другая частка: у мяне проста няма рэальнага досведу зносін з людзьмі на гэтыя тэмы. Шчыра, не тое каб я стараюся яго атрымаць — жыццё цяпер вельмі складанае, і так сыходзіць вельмі шмат сіл на тое, каб перажыць гэтую зіму. Крыху баюся гаварыць на гэтыя тэмы, таму што вакол іх шмат міфаў, і, думаю, я сам жыву ў гэтых міфах. Гэта заўсёды вельмі вострыя тэмы, якія могуць зрабіць балюча або справакаваць скандал. Таму пакуль трымаюся далей.

Бацюшка з YouTube: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя

«Святар не зачынены ў храмавай прасторы»

— У пэўным сэнсе, вы самі ведаеце, як ісці супраць сістэмы. Не кожны вернік, не кажучы ўжо пра святароў праваслаўнай царквы, сем гадоў таму лічыў ютуб годным заняткам.

— Усё ж такі праблема гендарнай самаідэнтыфікацыі і ролікаў у ютубе зусім розныя. І калі я ўлез у адну бойку, гэта не значыць, што я павінен залазіць ва ўсе іншыя. У выпадку з ютубам было зразумела на ўзроўні адчуванняў, што з гэтага можа атрымацца нешта добрае. Калі сем гадоў таму мой канал сапраўды быў феноменам нават у маштабе царквы і на мяне глядзелі па-рознаму, то цяпер святары, якія нешта кажуць, нешта здымаюць, нешта пішуць — гэта руціна. Упэўнены, што зараз у кожнага дзясятага святара ёсць свой тэлеграм-канал. Пытанне маштабу — наколькі гэтыя каналы папулярныя. У ютубе святароў менш: калі казаць пра беларускую царкву, іх не больш за пяць, калі пра рускую, то іх каля дзясятка. А калі ў цэлым пра хрысціянства — то іх сотні.

— Як вы захоўваеце баланс паміж тым, каб быць папулярным блогерам, і тымі абавязкамі, якія так ці інакш накладвае на вас сан святара?

— Перш за ўсё, я не павінен быць папулярным блогерам. Гэта вытворнае. Задаваў сабе гэтае пытанне гадоў сем таму і нават спрабаваў прыдумляць нейкія формулы, але потым зразумеў, што трэба быць самім сабой. Разумею, што гучыць гэта банальна і сумна, але як толькі пачынаю гуляць у нейкага старца, умудронага жыццём, яно гэтак жа смешна, як і ў выпадку, калі б я спрабаваў удаваць тынэйджара. І тая, і тая скрайнасці аднолькава недарэчныя і смешныя. Выйсце адно — быць сабой. Мяне не бянтэжыць, што святар не зачынены ў храмавай прасторы і акрамя набожных словаў, якія мы стэрэатыпна хочам ад яго пачуць, ён займаецца нечым яшчэ. Пры гэтым я буду першым, хто скажа: не буду гэтага рабіць, калі нешта будзе для мяне ненатуральным. Напрыклад, танцаваць хіп-хоп. Разумею, што для некага гэта важна і нехта праз хіп-хоп спазнае свет, але для мяне гэта не натуральна. І калі пачну гэтым займацца, усе адразу зразумеюць, што нешта няправільна. Але дапускаю, што існуюць святары, якія знаходзяцца ў субкультуры, дзе танцаваць хіп-хоп натуральна і важна. Гэта як усе карціны свету маляваць адным маркерам. Нам трэба шмат розных фарбаў, каб атрымаць увесь гэты выдатны жывапіс. Нельга вылечыць усе хваробы адной таблеткай. Усе хваробы розныя, і лекі ад іх розныя. Так і святары павінны гаварыць на розных мовах.

— Калі вы пачыналі канал, у вас былі пэўныя мэты і жаданні. Наколькі яны змяніліся з часам?

— Перш за ўсё, я вырас. За сем гадоў многае змянілася. Апошнія два гады вельмі шмат значылі для ўсёй беларускай нацыі. Вельмі падабаецца такое параўнанне: ютуб сёння — гэта як кнігадрукаванне ў 16 стагоддзі або дарогі ў часы Рымскай імперыі. Гэта новы сродак для дасягнення аўдыторыі. Як дзве тысячы гадоў таму апосталы карысталіся рымскімі дарогамі, каб гаварыць пра Евангелле, таксама і я карыстаюся «дарогамі» майго часу. Проста сёння гэта ютуб. У астатнім, напэўна, толькі стаў крыху лепш здымаць.

Бацюшка з YouTube: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя

Царква — не магія, ровара не будзе

— Ваша задача — не толькі самому захаваць асабісты рэсурс для працы, але да вас і людзі прыходзяць як бы не ў пякарню, а па выратаванне вечнай душы…

— Часам здаецца, што якраз-такі прыходзяць як ва ўмоўную пякарню, дзе, калі правільна памаліцца, прачытаць нейкія правільныя тэксты, купіць нейкую патрэбную колькасць свечак, то можна будзе вымаліць сабе трохпакаёвую кватэру або ровар. Чым гэта адрозніваецца ад паходу ў пякарню, сказаць не бяруся, аднак гэта ўсё што заўгодна, але не хрысціянства.

— Што ж такое хрысціянства? Апошнія два гады беларусы проста не могуць выдыхнуць, такое ўражанне, што гравітацыя становіцца мацнейшай, і не застаецца ніякага месца для любові. Толькі горыч і нянавісць.

— Калі ўпадаю ў роспач, таксама задаю сабе гэтае пытанне. Варта пры гэтым зрабіць рэмарку, што крызіс веры — гэта нармальна. Вера — гэта не абсалютныя веды, а шлях з даверам да навакольнага свету, абставінаў, людзей і Бога. Зразумела, што давер — велічыня непастаянная. Нармальна праходзіць праз крызіс і шукаць новыя адказы. Вернік, які адказаў на ўсе пытанні, хутчэй за ўсё, не ў ладах з сабой. У дрэнным сэнсе гэта фанатызм, які перашкаджае ўбачыць жывога Бога.

Цяпер у мяне няма адказу на вашае пытанне. Магу апісаць толькі некалькі вектараў думак, якія часцей за ўсё займаюць мяне апошнім часам. Першы: вера мае куды больш агульнага з даверам, чым з ведамі. Гэта заўсёды крыху пра крызіс. Нават сярод апосталаў быў Фама, які казаў, што пакуль сам не ўбачыць раны Хрыста, ні ў што не паверыць.

Другі вектар: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя, а самае галоўнае, нічога не абяцалі. Мы прывыклі думаць пра тое, што ты прыйшоў у царкву, і ўсё будзе добра. Гэта не так. Перш за ўсё, царква не дае інструкцый, як трэба ці не трэба жыць. Хутчэй, яна расказвае пра тое, што ёсць закон любові, да якога варта імкнуцца.

Трэці: царква — гэта не магія, і выпрасіць сабе ровар ці здароўе з дапамогай рэлігіі дакладна не ўдасца.

Чацвёртая думка мне вельмі падабаецца: Бог для хрысціян — гэта асоба. З Богам у вас могуць быць цалкам унікальныя стасункі, якія можна будаваць па-рознаму. І Бог знаходзіцца прыкладна ў тым жа становішчы, што і мы. У тым сэнсе, што ён не сочыць за намі, а пакутуе разам з намі. Ён даў нам свабоду выбару, якая, у сваю чаргу, абмяжоўвае яго свабоду. І калі ў адным месцы збіраецца шмат свабодных людзей, з гэтага можа атрымацца ўсё што заўгодна.

— Выходзяць даволі жорсткія ўрокі…

— Згодны. Цяпер я кажу прыгожыя словы, але сам, паўтаруся, не заўсёды адчуваю салідарнасць з імі. Калі ў суседзяў вайна, адсоткаў 90% гэтых прыгожых словаў здаюцца не зусім прыдатнымі.

Бацюшка з YouTube: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя

Крызіс веры

— І калі ўжо пайшла гаворка пра крызісы, то відавочна, што праваслаўная царква сёння страціла вельмі шмат даверу з боку сваіх вернікаў. Ці не стануць сённяшнія падзеі прычынай падзення царквы?

— Упэўнены, што не стануць, і нават наадварот — сённяшні крызіс можа быць прадвеснікам вялікай трансфармацыі. Так ужо было, напрыклад, з каталіцкай царквой пасля Другой сусветнай вайны. У іх наогул склалася тады шмат акалічнасцяў, якія вельмі дрэнна адбіліся на царкве. Яны ўляпаліся ў супрацоўніцтва з таталітарнымі рэжымамі, так што пасля Другой сусветнай быў масавы сыход вернікаў. Больш таго, гэта быў велізарны крызіс і для святароў. Ёсць законы рыторыкі — тое, пра што я кажу, мусіць хоць неяк увасабляцца ў жыццё. Інакш і людзі вакол страцяць давер да мяне, і я сам сябе перастану паважаць. Самы просты прыклад: выступаю за здаровы лад жыцця, а ўначы з-пад крыса прадаю алкаголь. У мяне ўжо будзе ўнутраны крызіс, а калі пра гэта даведаецца нехта звонку, будзе зусім бяда. І ў каталіцкага духавенства гэты крызіс адбыўся, калі, з аднаго боку, яны вучылі любові і свабодзе і іншым выдатным хрысціянскім рэчам, а з другога — заплямілі сябе супрацоўніцтвам з гітлераўцамі, напрыклад. Гэты ўнутраны канфлікт прымусіў іх змяніцца і пачаць магутны рух пераўтварэння каталіцкай царквы. Так яна стала такой, якой мы ведаем яе сёння.

Думаю, што б ні адбывалася, рэлігія не займае настолькі вялікае месца ў галовах людзей. Сёння яны з ёй не сябруюць, а заўтра новая царкоўная рыторыка можа даць імпульс для паходу ў храм. Гэта раз. Два: у людзей ёсць базавая патрэба ў пошуку найвышэйшай мэты. Навошта людзі прыходзяць на Вялікдзень у царкву раз на год? З пункту гледжання святара, гэта не прыхаджане, іх стасункі з хрысціянствам часцей за ўсё вагаюцца недзе ў раёне нуля. Але ж лоя чагосьці ім гэта патрэбна. Магчыма, тое, як мы гаворым сёння, не рэзануе з іх душамі, але, можа быць, праз нейкі час словы змогуць пацэліць. Так што ўсё, што адбываецца ў свеце і ў нашай краіне сёння, — гэта нагода пераўтварыцца.

Бацюшка з YouTube: Бог і хрысціянства нічога мне не павінныя

БЛІЦ

— Вам падабаецца той прадукт, які вы робіце на ютубе?

— Ёсць ролікі, у якіх усё, у тым ліку і я як персанаж, выбудавана гарманічна і прыгожа, а ёсць ролікі, дзе я проста ніяк не ўпісваюся ў навакольную прастору. Таму выходзіць трошкі страшненька. У цэлым, яшчэ ёсць над чым працаваць.

— Чаму вы абмяркоўваеце на сваім канале «Уладара пярсцёнкаў» Толкіна?

— Таму што «Уладар пярсцёнкаў» — гэта добрая нагода пагаварыць пра нас, адарваўшыся ад актуальнай сферы. Цяпер пра што ні загавары, упрэшся ў актуальную павестку. А «Уладар пярсцёнкаў» — добрая нагода сысці ад — у самым дрэнным сэнсе — срачоў і сказаць тое, што важна. Проста словы пра любоў усіх адно да аднаго.

— Вы калі-небудзь цікавіліся тым, ці прывялі вашыя відэа некага ў царкву?

— Статыстыкі ў мяне няма, уласна, як і задачы прывесці чалавека ў царкву. Мне б хацелася для тых, хто бачыць тэму царквы як закрытую, нецікавую і, магчыма, нават трохі маргіналізаваную, вывесці з зоны забароненага. І жыві з гэтым як хочаш. Хай гэтая думка будзе ўнутры, а далей яна ўжо можа ў нешта трансфармавацца. Ці не. Але царква сапраўды стане больш зразумелай і блізкай. І тут дакладна ведаю, што спраўляюся з гэтай задачай. Часам атрымліваю паведамленні: стаўленне да царквы ніякае, але мне адкрываецца новы свет, па-свойму цікавы.

— Апошняе пытанне. Усё ж такі бацюшка ці блогер?

— Саша. Наогул я шмат думаў пра тое, хто я: святар, вакол якога набудаваная мая асоба, або асоба, вакол якой набудавана наогул усё. Зразумеў, што для мяне як для хрысціяніна важней за ўсё проста быць асобай. Так што я Саша, хрысціянін, у сваім хрысціянстве святар, а мой спосаб увасаблення майго святарства — у тым ліку і публічная дзейнасць, блог.