Універсальныя правілы
Пераканайцеся, што вы маеце жаданне, сілы, магчымасць і псіхалагічную вытрымку, каб размаўляць і дапамагаць. У любой камунікацыі з людзьмі ў цяжкай сітуацыі трэба вельмі сур’ёзна ацэньваць свой рэсурс. Калі вам псіхалагічна цяжка слухаць расповед, перапрасіце, прапануйце выслухаць пазней. Ацаніце, наколькі адэкватна вы ўсё ўспрымаеце, наколькі вы гатовыя працягваць аказваць дапамогу і падтрымліваць. Калі вас саміх траўмуе тое, што адбываецца, і вы самі знаходзіцеся ў нестабільным стане, лепш не працягвайце, рабіце перапынкі, прапануйце іншым людзям замяніць вас.
Базавыя прынцыпы аказання дапамогі:
- Запытвайце, якая дапамога патрэбная.
- Агучвайце, чым можаце дапамагчы.
- Пакідайце прастору для выбару.
- Не прымайце абразы на свой рахунак — людзі ў стрэсе могуць быць жорсткімі.
Не бярыце на сябе больш, чым зможаце выцягнуць. Беражыце сябе і іншых.
Людзі і гора. як не зрабіць горш жаданнем дапамагчы
Калі мы гаворым пра прафесіі людзей, якія дапамагаюць — праваабаронцы, дактары, валанцёры, — то тут ёсць набор этычных правілаў камунікацыі з тымі, хто знаходзіліся або працягваюць знаходзіцца ў траўматычнай сітуацыі. Гэтак, асноўныя задачы людзей, якія аказваюць дапамогу:
- быць больш асцярожнымі, не спрачацца і не навязваць сваё меркаванне
- памятаць, што людзі ў стане афекту не заўжды могуць разважаць рацыянальна і пры гэтым могуць быць здольныя на агрэсію
- даць людзям прастору, каб спусціць эмоцыі, паплакаць, пасварыцца
- зазямліць, змясціць фокус увагі на нешта вельмі канкрэтнае ці прадметнае
- выслухаць
- разумець спецыфіку розных групаў грамадства
Як размаўляць са сведкамі, ахвярамі і пацярпелымі? — кароткі экскурс ад “Прэс-клуба”.
Людзей, якім аказваецца дапамога, можна ўмоўна падзяліць на дзве групы:
Людзі, якія ўжо выйшлі з траўматычнай сітуацыі
- напрыклад, бежанцы, якія ўжо трапілі на нейкую бяспечную тэрыторыю, або вязні, чыё зняволенне ўжо скончылася. З імі размаўляць прасцей, можна рэфлексаваць пра тое, што адбывалася, дапамагаць, падтрымліваць, адаптаваць іх пад новыя ўмовы.
ВАЖНА! З цягам часу, калі першы стрэс ад пераезду/зняволення і г.д. праходзіць, людзям трэба дапамагаць інтэгравацца ў новае грамадства, новае жыццё, а не толькі шукаць задавальнення базавых патрэбаў на кароткі тэрмін. Важна прапанаваць кантакты супольнасцей, канкрэтных асобаў, каб людзі не сыходзілі ва ўнутраную эміграцыю.
Людзі, якія працягваюць знаходзіцца ў траўматычнай сітуацыі
- напрыклад, родныя палітвязняў, якія ўвесь час існуюць унутры траўматычнай сітуацыі, выйсця з якой можа не з’явіцца яшчэ доўга. З-за напружання і адсутнасці часавых рамак людзі могуць рэагаваць на дапамогу вельмі па-рознаму. Тут важна агучыць спіс опцыяў, чым мы можам дапамагчы, каб пакінуць прастору для выбару і запэўніць, што ёсць хтосьці, каму не абыякавы лёс гэтых асобаў.
У астатнім жа, дапамагаючы людзям у складанай сітуацыі якраз важна не дзяліць гэтых людзей паводле полу, расы ці іншых адметнасцей, да ўсіх ставіцца роўна. Сярод асобаў, якім патрэбная дапамога, могуць аказацца і людзі з асаблівасцямі развіцця, з інваліднасцю. Трэба захоўваць карэктнае стаўленне да гэтых людзей, памятаць пра спецыфіку адчувальнасці, а калі неабходна — шукаць дапамогі ў адмысловых арганізацыяў, якія аказваюць падтрымку людзям са спецыфічнымі патрэбамі.
Як размаўляць з людзьмі ў смяротнай небяспецы
Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі прывучылі нас да наяўнасці пастаяннай небяспекі. Вайна, якая распачалася 24 лютага, прывучае да наяўнасці пастаяннай смяротнай небяспекі. Людзі трапляюць пад абстрэлы, спяць у бамбасховішчах і аказваюцца адрэзанымі ад свету ў заблакаваных ворагам гарадах і паселішчах. Вось асноўныя правілы камунікацыі з людзьмі, якія знаходзяцца ў смяротнай небяспецы і не могуць зараз жа перамясціцца ў іншую сітуацыю.
- Не патрабуйце рэгулярных справаздачаў і не пішыце істэрычных паведамленняў пра тое, як моцна вы хвалюецеся. Проста дамоўцеся, што важныя для вас людзі будуць намагацца выходзіць на сувязь тады, калі гэта будзе магчыма і бяспечна для іх.
- Не дадавайце трывожнасці паведамленнямі пра тое, што людзей, якія знаходзяцца ў небяспечнай сітуацыі, чакае яшчэ большая небяспека, пра якую вы толькі што прачыталі ў якім-небудзь тэлеграм-чаце. Новы абстрэл, дэсант кадыраўцаў, выбух на АЭС. Усё гэта страшна і ўсё гэта магчыма. Проста думайце, колькі карысці такая інфармацыя прынясе вашым знаёмым/блізкім.
- Старайцеся нічога не раіць. Калі вашая парада спатрэбіцца, у вас запытаюць. Чалавек у небяспецы лепш адчувае, ці час яму, напрыклад, эвакуявацца.
- Калі вас запыталі пра надвор’е, навіны, абстаноўку, гуманітарныя калідоры і г.д., дасылайце не карцінкі, а тэкст, лепш нават смс.
Рэшта парадаў ад дзяўчыны, што прасядзела ў аблозе, вось тут.
Як падтрымліваць зносіны са зняволенымі і іх сем’ямі
TEST!У любой камунікацыі з людзьмі ў цяжкай сітуацыі трэба вельмі сур’ёзна ацэньваць свой рэсурс. Калі вам псіхалагічна цяжка слухаць расповед, перапрасіце, прапануйце выслухаць пазней. Ацаніце, наколькі адэкватна вы ўсё ўспрымаеце, наколькі вы гатовыя працягваць аказваць дапамогу і падтрымліваць. Калі вас саміх траўмуе тое, што адбываецца, і вы самі знаходзіцеся ў нестабільным стане, лепш не працягвайце, рабіце перапынкі, прапануйце іншым людзям замяніць вас.
Стасункі з сем’ямі вязняў
Стыгма з тэмы турэмнага зняволення, «зэкаў» і іх сем’яў пачала спадаць, калі ў Беларусі неймаверна вырасла колькасць палітзняволеных. Перспектыва трапіць у месцы пазбаўлення волі для ўсіх без выняткаў слаёў грамадства з разраду малаімаверных сцэнароў перарасла ў верагодную перспектыву. Таму самы час для барацьбы з дыскрымінацыяй.
Стасункі з сем’ямі вязняў
Праваабаронцы распавядаюць, як некаторыя сваякі палітвязняў, з якімі даводзілася працаваць, доўгі час рэагавалі агрэсіўна і на саміх праваабаронцаў, і на прапанову дапамогі, і на ўсю сітуацыю ў цэлым. Яны не разумелі, што адбываецца, злаваліся, вымяшчалі свае эмоцыі на тых, хто спрабуе падтрымаць. Тут важна не прымаць эмоцыі на свой рахунак.
Асноўныя прынцыпы:
— Тое, што родны чалавек знаходзіцца ў вязніцы, ніякім чынам не характарызуе асобу. Якое б злачынства ні было здзейснена (а ў Беларусі гэта ўвогуле не абавязковая ўмова для таго, каб патрапіць у зняволенне), сваякі не нясуць адказнасці за гэта. Наадварот, людзі, якія не кідаюць блізкіх нават у такіх варунках, хутчэй дэманструюць высакароднасць.
— Калі людзі не робяць інфармацыю аб зняволенні сваякоў публічнай, не варта рабіць гэта за іх. Асабліва ўважліва трэба ставіцца да такіх месцаў, як школа, садок ды іншыя дзіцячыя ўстановы.
— Дзеці зняволеных трываюць вялікі ціск. Між тым, яны не нясуць адказнасці за дзеянні дарослых. Часам дзеці не ведаюць, дзе знаходзяцца іх бацькі, таму не варта задаваць пытанні ці каментаваць нешта без знаёмства з сямейнай версіяй падзеяў.
— Цяжкія пачуцці, звязаныя са зняволеннем блізкага, могуць выяўляцца ў дэпрэсіі, агрэсіўных паводзінах, дэструктыўнасці і ў дарослых, і ў дзяцей. У школьнікаў могуць пагоршыцца вынікі вучобы ці з’явіцца саматычныя захворванні. Варта паставіцца да гэтага з разуменнем, прапанаваць дапамогу ці прынамсі не пагаршаць сітуацыю.
— Тысячы сем’яў вымушаныя паглыбіцца ў асаблівасці турэмнага побыту і літаральна жыць па раскладзе сваіх зняволеных сваякоў. Варта з павагай ставіцца да таго, наколькі для іх важныя магчымасць пабываць на спатканні, зрабіць перадачу.
Стасункі з былымі вязнямі
Людзей, якія прайшлі праз СІЗА і турму, праваабаронцы зазвычай апытваюць пра ўмовы ўтрымання, стаўленне ў няволі. Гэта дазваляе, з аднаго боку, фіксаваць правапарушэнні, катаванні, з іншага, дае людзям магчымасць выгаварыцца, адрэфлексаваць тое, што адбылося. Тут важна даведацца, наколькі людзі гатовыя гаварыць і слухаць і наколькі яны ўсведамляюць, што ад іх хочуць, які іхны эмацыйны стан. Трэба памятаць, што і зняволеныя па палітычных матывах, і ўсе іншыя вязні пакутуюць ад умоваў свайго пазбаўлення волі аднолькава.
— Чалавек, які адбыў пакаранне, чысты перад законам. У рэчаіснасці пляма судзімасці застаецца з чалавекам назаўсёды. Большасць не можа знайсці працу і, адпаведна, вярнуцца да нармальнага жыцця. Не пашырайце кола дыскрымінацыі.
— Не распытвайце аб тым, што адбывалася з чалавекам у зняволенні, калі ён сам не ініцыюе такую размову. Асабліва, калі вы не гатовы слухаць так доўга, як захоча распавядаць суразмоўца.
— У зняволенні чалавек на гады выпадае з сучаснасці. Тэхналагічны прагрэс можа паставіць у тупік чалавека, які вызваліўся не так даўно, таму варта з паразуменнем ставіцца да пэўных складанасцяў у асваенні побытавых рэчаў. Напрыклад, зняволены можа не ведаць, як карыстацца электронным праязным ці аплочваць паркоўку праз аплікацыю. Тэхналогіі, якія паступова ўваходзяць у грамадскае жыццё, вывальваюцца на чалавека, які вызваліўся, у адзін момант.
— Не варта задаваць пытанні, якія могуць яшчэ больш траўмаваць ці “накручваць” людзей: а што калі вы зноў патрапіце за краты? Якія вашыя глабальныя планы на будучыню?
Як экалагічна стасавацца з уцекачамі
Вайна. Мільёны людзей адарваныя ад свайго дома, родных і блізкіх. Роспачная рака расцякаецца ручаінамі па свеце ад тых месцаў, дзе ідуць баі. Калі вы хочаце дапамагчы камусьці выбрацца з гэтай плыні, будзьце ўважлівымі і цярплівымі.
Сёння некаторыя ўкраінцы агрэсіўна рэагуюць на беларусаў, не памятаючы, з рэпрэсіямі якога маштабу сутыкнуўся наш народ, калі спрабаваў выказаць сваю нязгоду з фальсіфікацыямі і дыктатурай. Тут важна памятаць, што на эмоцыях людзі могуць абагульняць, казаць не абавязкова тое, што лічаць насамрэч.
— Не блытайце звычайную цікаўнасць і інтарэс да асобы. Калі вам хочацца пачуць пра цяжкасці і жахі вайны, то хутчэй за ўсё вамі кіруе простая цікаўнасць. Паразмаўляйце з чалавекам пра ягоныя захапленні, працу, хобі і г.д.
— Людзі, якія пакінулі сваю краіну, ужо прайшлі вялікі шлях, і гэта важна падкрэсліваць у камунікацыі з імі: трэба звяртаць увагу на тое, што яны малайцы, што вельмі шмат зрабілі, што цяпер будзе лягчэй.
— Карыстайцеся актыўным слуханнем. Гэта прыёмы, якія дапамагаюць зразумець, у якім псіхалагічным стане ваш суразмоўца. Не перарывайце паўзы, удакладняйце нешта са сказанага, даслоўна паўтарайце некаторыя фразы і гэтак далей.
— Не задавайце пытанняў, калі не жадаеце чуць адказ ці слухаць столькі, колькі патрэбна. Чалавек можа распавядаць пра вельмі траўматычныя, балючыя, страшныя рэчы, і калі расповед пачаўся, перапыняць яго не варта. У скрайнім выпадку папрасіце дазволу вярнуцца да размовы пазней.
— Фізічны стан тых, хто ўцякае ад вайны, можа быць вельмі хісткім. Рывок да бяспекі выцягвае ўсе рэсурсы з арганізму. У спакоі чалавек можа захварэць.
— Прыступы панікі, неўралагічныя сімптомы, трэмар і іншыя праявы перажытага стрэсу могуць захавацца надоўга, таму не распытвайце чалавека, адкуль у яго падобныя сімптомы. Можна ўдакладніць, ці патрэбна нейкая дапамога або што вы можаце зрабіць у выпадку, калі такі стан вернецца.
— Шум, грукат, перарывістае святло (якое міргае, гарыць няроўна, мяняе колеры), часам проста яркае святло могуць справакаваць панічную атаку. Абараніце ўцекачоў ад гэтых нават самых мірных уплываў.
Можа быць, зараз не варта размаўляць з украінцамі пра вайну і пра месца ў ёй беларусаў. Пройдзе час, і будзе зразумела, колькі беларусаў ангажаваліся ў дапамогу Украіне.
ВАЖНА! Калі чалавек не можа спаць, адмаўляецца ад ежы, не п’е, не перастае плакаць ці наадварот выяўляе надзвычайную актыўнасць, абавязкова варта дапамагчы яму пракансультавацца з псіхолагам. Падрабязней чытайце пра захаванне псіхічнага здароўя ў нашым гайдзе.
Як падтрымліваць стасункі з былымі ўдзельнікамі баявых дзеянняў
Доктар псіхалагічных навук Міхаіл Рашэтнікаў параўноўвае рэабілітацыю вайскоўцаў пасля вайны з разборам атамнай станцыі. На жаль, баявыя дзеянні моцна ўплываюць на чалавека. Каб забіць іншага, нават нападніка, злачынцу, механізм чалавечага мыслення перабудоўваецца. Большасць з тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, перамагае траўму вайны. Каля 10% ніколі не змогуць акрыяць. Як па неасцярожнасці не нашкодзіць ваяру, чытайце ніжэй.
— Посттраўматычны разлад даволі часта сустракаецца ў вайскоўцаў, што пабывалі ў гарачых кропках. Высокая эмацыйнасць, раздражняльнасць і агрэсіўнасць, паранаідальныя настроі, парушэнні сну, эмацыйнае выгаранне сведчаць аб тым, што чалавеку патрэбна дапамога прафесіяналаў. І чым раней, тым лепей.
— Не правакуйце ваяра. Не падыходзьце ззаду, не рабіце нечаканых выпадаў. Чалавек навучыўся рэагаваць на небяспеку целам раней, чым мозгам. Такія дзеянні могуць вярнуць яго ў стан вайны.
— Важна даць чалавеку распавесці сваю гісторыю.
— Аберагайце чалавека ад рэзкіх гукаў, яркага святла, іншых раздражняльнікаў.
— Не прапаноўвайце былому ўдзельніку баявых дзеянняў алкаголь. Алкаголь — моцны дэпрэсант. Ён толькі пагоршыць стан чалавека, можа абудзіць траўматычныя ўспаміны ці прывесці да ўспышкі агрэсіі.
— Побытавыя справы, мірныя заняткі могуць падавацца нязначнымі чалавеку, які ўдзельнічаў у вайне. Ваяры ды мірныя жыхары, што былі на вайне, могуць стаць агрэсарамі для сваякоў і блізкіх, варта ўлічваць гэта. Не трэба рэагаваць на рэзкія каментары аб нязначнасці мірных справаў, лепш прыцягваць былога байца да іх выканання.
— Вельмі важна даць чалавеку пасля вайны задачу, мэту. Нешта, што зойме яго і пераключыць на мірны лад.
— Раскажыце пра свой досвед баявых дзеянняў.
— Досвед сур’ёзнай вайсковай службы ў Вайскова-паветраных сілах Савецкага Саюза ў мяне дастаткова аб’ёмны: ад Ціхаакіянскага рэгіёну да Афганістана ўключна ў 1981—1982 гадах. 10 гадоў лётаў на самалётах АН-12 у якасці бартавога тэхніка, у Афганістане быў начальнікам групы абслугоўвання авіяцыйнага абсталявання 10-га асобнага авіяцыйна-верталётнага палка. Будучы адным з кіраўнікоў інжынерна-авіяцыйнай службы ў сістэме ваенна-транспартнай авіяцыі, быў у курсе ўсіх спраў і баёў: без нашай эскадрыллі не абыходзілася ніводная аперацыя — мы займаліся перавозкамі, забеспячэннем, сувяззю.
— Як перажывалася ўбачанае на вайне?
— У 1981 годзе я быў ужо ў сур’ёзным веку — мне было 39 гадоў. Меў 10 гадоў лётнай працы, пабываў у многіх гарачых кропках яшчэ да Афганістана. Таму я быў «абстраляны» афіцэр, скажам так. І недзе на працягу тыдня нервовая сістэма цалкам адаптавалася да вайны — на стрэлы нават вухам не вёў. Мне ў гэтым плане было прасцей. Але паколькі праз нашу авіяцыйна-транспартную эскадрыллю ў суткі праходзілі дзясяткі і сотні людзей (натуральна, мы з імі пастаянна размаўлялі), то я бачыў, як вайну перажываюць салдаты, афіцэры, прапаршчыкі. Ва ўсіх гэта было па-рознаму. «Неабстраляныя» салдаты баяліся. У многіх падраздзяленнях хлопцы тэрміновай службы нават пілі мачу ад хворых Боткіна, каб самім захварэць і ў гарачыя месяцы праляжаць у шпіталі. Была і баязлівасць, і геройства, была маса ўсялякіх і негатыўных нават рэчаў — усё як на вайне.
— У Савецкай арміі была сістэма аказання псіхалагічнай дапамогі?
— Лекараў-прафесіяналаў, вядома, не было. Гэтым займаліся зампаліты на ўсіх узроўнях — пачынаючы з роты. Камандзіры ў нас былі падрыхтаваныя хлопцы, добрыя — з любым гаварылі, дапамагалі чым маглі.
— У іх былі нейкія памяткі, як размаўляць?
— Не было ніякіх інструкцый і памятак не было, усё было жыццёва. У чалавека ж розныя праблемы маглі быць. Галоўнае, каб чалавечнасць была — вось і ўся інструкцыя. І ў тыя часы сапраўды была нейкая чалавечнасць, не тое, што цяпер.
— З часам убачанае на вайне забываецца?
— Гэтыя рэчы і сёння не забываюцца — часам у сне прыходзяць.
У 1987 годзе я пачаў у Жодзіне ствараць арганізацыю ветэранаў афганскай вайны. І ўсе хлопцы, каму было цяжка, звярталіся да мяне ў штаб кожны дзень. Калектывам сустракаліся раз на тыдзень — хто хацеў і хто мог. А калі ў каго бяда якая — у любы час тэлефанавалі мне, прыходзілі, мы неадкладна ўключаліся ў працу. У асноўным гэта былі тры прычыны: лячэнне, працаўладкаванне і жыллё.
— Як размаўляць з тымі, хто вярнуўся з баявых дзеянняў? Можна распытваць пра вайну?
— Усё залежыць ад таго, на якім баку ваяваў чалавек. Калі ён абараняў сваю краіну, сваіх людзей, то ён на баку справядлівасці. Ён будзе пра ўсё распавядаць — навошта яму маўчаць? Пра ўсё можна з ім гаварыць.
— Як стасавацца са сваякамі загінулых?
— Трэба імкнуцца не закрануць тыя струны, якія губяць чалавека. Казаць трэба паважліва, калі ёсць магчымасць — пажадана нечым дапамагчы. Напэўна будуць праблемы або фінансавыя, або па лячэнні. Калі ў цябе чалавечы настрой, то, убачыўшы вочы суразмоўцы, ты ў момант вызначышся, пра што з ім можна размаўляць, а пра што не.