Размовы

… І не кажы!

Словы, якія трэба пакінуць у мінулым стагоддзі

… І не кажы!

Малюнак Ксеніі Лагавой

Слова не верабей: вылецела няўлоўнае і паляцела ўдалечыню біць, нішчыць, прыніжаць і падаўляць. Вядома, калі гэта кепска падабранае слова. Аб’яўляем паляванне на вераб’ёў — наперад вырываецца драпежная птушка Сойка, вядомая сваім моўным майстэрствам. Вучымся падбіраць словы, каб несці павагу і любоў.

Асоба каўказскай нацыянальнасці — варыянт з расейскай мовы, які перакачаваў і ў беларускую. Па-шчырасці, не так шмат у жыцці сітуацый, калі трэба ўдакладніць этнічнасць асобы, і ў такім выпадку лепш спаслацца на нацыянальнасць «армянін», «інгуш», а яшчэ лепей — «грамадзянін Арменіі». Дарэчы, ці ведалі вы, што ў Расейскай імперыі ў паліцыі бытаваў выраз «асоба польскай нацыянальнасці»? Меліся на ўвазе людзі, якія патэнцыйна маглі быць удзельнікамі вызваленчых паўстанняў на тэрыторыі сённяшніх Беларусі, Літвы ды Польшчы.

Бомж — выраз, які не толькі нясе негатыўнае стаўленне, а таксама цалкам дэгуманізуе асобу, якая хаваецца за гэтай абрэвіятурай («без определенного места жительства»). Бесхацінец — лепшы варыянт, хоць аптымальна выкарыстоўваць разгорнутую фразу «асоба, якая часова не мае, дзе жыць» ці іншае, больш дакладнае акрэсленне.

Гомасэксуаліст — хоць гэтае слова вельмі шырока ўжываецца, яго трэба забыць. Па форме «гомасэксуалізм» можа асацыявацца з хваробай, становячыся ў адзін шэраг з алкагалізмам ці крэтынізмам. Або з ідэалогіяй (марксізм, таталітарызм). Найлепшы адпаведнік — «гомасэксуал» (ад анг. homosexual). Казаць пра «нетрадыцыйную арыентацыю» ці «сэксуальныя меншасці» таксама не варта — памятайма, што перад намі найперш чалавек, і гаворым мы пра яго.

Даўн, аўтыст і г. д. — выкарыстоўваючы такія фармулёўкі, вы падкрэсліваеце стан, а не асобу. Лепш казаць «асоба з сіндромам Даўна», «чалавек з асаблівасцямі развіцця», калі патрэбны больш агульны варыянт. Тым больш ганебна выкарыстоўваць рэальныя дыягназы ў якасці абразаў.

Інвалід — зноў на першым месцы павінна быць асоба, а не стан. «Чалавек з фізічнай інваліднасцю» будзе гучаць лепш. Чаму не «чалавек з абмежаваннямі»? Фармулёўка як бы ўказвае на тое, што чалавек няздольны нешта рабіць праз свой ментальны ці фізічны стан, але чалавек з фізічнай інваліднасцю не мае ментальных абмежаванняў, а магчымасці фізічныя часта абмежаваныя выключна неспрыяльным асяроддзем.

Кіргізія, Малдавія, Туркменія — ад стваральнікаў Белоруссии. Гэтыя назвы папросту архаічныя, іх ужывалі ў Савецкім саюзе, русіфікаваўшы і адаптаваўшы арыгіналы пад маскоўскае вуха. Такім чынам з Кыргызстану зніклі, верагодна, немілагучныя для расейскамоўных «ы». Савецкая фея ўзмахам чароўнай палачкі-русіфікатаркі знішчыла і корань «-стан», які паходзіць з персідскай мовы, і ўсе назвы колішніх рэспублік без асаблівага гістарычнага і нацыянальнага каларыту загучалі падобна. Прадстаўнікі пералічаных народаў могуць абражацца на каланіяльную назву, таму выкарыстоўваем афіцыйныя: Кыргызстан, Малдова, Туркменістан. Ну і Беларусь.

Прыбалтыка — зноў faux pas. Хочаце гучаць пісьменна, сучасна ды па-еўрапейску — кажыце «краіны Балтыі».

Транс — няўдалае слова, бо цысгендарных людзей ніхто не называе цыс, а словы «трансвестыт» ці «транссэксуаліст» ужо даўно не ўжываюцца ні ў якім кантэксце. Лепшы варыянт — трансгендарная асоба.

Укра́інцы — нягледзячы на тое, што ўсе беларускія (ды нават расейскія) слоўнікі аднагалосна лічаць нормай націск на «і», нават нашы суайчыннікі нярэдка працягваюць для чагосьці адкопваць «укра́інцаў» з расейскіх выданняў XIX стагоддзя. Ідэя ўжываць націск на «а» сёння належыць расейскаму прэзідэнту. Хочаце быць як ён — кажыце «ўкра́інцы»!

Цёлка — гэтае слова можна ўжываць выключна ў прамым значэнні «маладая карова, якая яшчэ не нараджала цялятаў». Апісваць гэтым словам жанчын абразліва. І не, варыянт «цёлачка» нічым не лепшы і ў беларускай, і ў расейскай мовах.

Цыганы — існуе шмат стэрэатыпаў, звязаных з гэтай этнічнай групай. Каб не пашыраць стагадовыя забабоны, лепш ужываць назву народа «рома». А яшчэ лепш задумацца, ці вам сапраўды важна ўказваць на нацыянальнасць чалавека.

Чарнаскуры і іншыя N-words, якія красамоўна апісваюць колер скуры і нагадваюць часы, калі менавіта гэтая якасць была вырашальнай для лёсу чалавека. Калі важна падкрэсліць паходжанне ці грамадзянства чалавека, так і рабіце: грамадзянка Конга, жыхар Зімбабвэ, чалавек французска-афрыканскага паходжання. Афраамерыканец — таксама можна.