Малюнак Ave
5 абсалютных табу для жартаў
- Рэлігія
- Нацыянальнасць
- Фізічны стан / хваробы / ментальны стан
- Пол
- Гендарная ідэнтычнасць
Жарты на гэтыя тэмы вельмі часта будуюцца на крыўдных і небяспечных стэрэатыпах і наўпрост прыводзяць да гвалту. Даследаванні амерыканскіх і еўрапейскіх навукоўцаў паказалі, што сэксісцкія жарты ў дачыненні да жанчын правакуюць выпадкі харасменту, гвалту і прыніжэнняў.
Калі абсмейваецца сур’ёзная тэма, яна гэткім чынам выходзіць з катэгорыі «вельмі важных». Забаўляе сітуацыя, у якой чалавек з інваліднасцю не можа выйсці з пакою? Такім чынам праблема безбар’ернага асяроддзя, адзіноты, дыскрымінацыі таксама можа быць «смешнай». Стэрэатыпізацыя, жартоўнае прыпісванне дурных, нерэальных рысаў людзям і цэлым групам у грамадстве — не проста не смешна, але і злачынна ў некаторых дзяржавах.
Памятаем: наш гумар у першую чаргу паказвае нас саміх, а не герояў нашых жартаў.
Кантэкст важны
Наўрад ці вы будзеце аднолькава жартаваць у размове з найлепшым сябрам і са сваім кіраўніком. Нават з аднымі і тымі ж людзьмі адныя і тыя ж словы ў розных акалічнасцях могуць гучаць па-рознаму.
Калі не ўлічыць культурнага кантэксту, жарт можа выйсці не проста нясмешным, але і небяспечным. Шэраг рэлігійных групаў не дапускае нават ценю іроніі ў дачыненні да сваіх святыняў. Гэтак, аўтара карыкатураў на прарока Мухамеда ў дацкім выданні Jyllands-Posten некалькі разоў спрабавалі забіць, а за ягоную галаву нават прапаноўвалі 100 кг золата. А парыжскаму тыднёвіку Charlie Hebdo, што друкаваў гэтыя ды іншыя карыкатуры, фундаменталісты адпомсцілі, зладзіўшы тэракт, у якім загінулі 12 чалавек.
Некоторыя жарты могуць быць характэрнымі для пэўнай супольнасці. Напрыклад, дзіўныя мянушкі, якія прыяцелі даюць адно аднаму, могуць падацца дзіўнымі вонкаваму чалавеку або новаму ўдзельніку групы. Але цалкам бывае, што такія імёны могуць быць сімвалам прыналежнасці да супольнасці (напрыклад, гэта пашырана сярод сталых наведнікаў пабаў у Брытаніі).
Дарэчы, псіхолагі заўважаюць, што разуменне агульных жартаў — важны крок на шляху да адчування сябе «сваім» у кампаніі. Няважна, сяброўская гэта суполка ці працоўны калектыў.
Не забывайцеся пра бэкграўнд суразмоўцаў. Спектр тэмаў, на якіх можна паслізнуцца, неабмежаваны, бо грунтуецца на асабістым досведзе людзей. Прыклад такой паразы — жарт пра лішнюю вагу ў прысутнасці чалавека, які цярпеў ад булінгу. Або каментар пра жанчын-кіроўцаў у прысутнасці сяброўкі, якая перажыла аварыю (у першую чаргу гэта сэксізм, але яшчэ і непавага да асабістага траўматычнага досведу).
Не хавайце за жартам абразу
Звяртаць увагу на балючыя пункты, праблемы чалавека — нізка. Паверце, усім зразумела, што вы не «проста жартуеце». Асабліва разбуральны такі жарт у дачыненні да блізкіх людзей. Часам варта паставіць сябе на месца суразмоўцы і падумаць, як бы вы самі рэагавалі на такі гумар.
Самаіронія — справа майстэрства
Жартаваць з сябе годна і без прыніжэння — не самая простая справа. Амерыканскі палітык Рональд Рэйган падчас прэзідэнцкай гонкі ў ЗША ў 1984 годзе ідэальна скарыстаўся самаіроніяй. Як самы стары кандыдат сярод іншых, ён пажартаваў на тэледэбатах, што не будзе карыстацца «маладосцю і нявопытнасцю свайго суперніка». Гэты жарт увайшоў у гісторыю як прыклад годнай дасціпнасці.
Састарэлыя досціпы
Жарты, як і іншыя сведкі свайго часу, маюць тэрмін дзеяння. Акторка Джэніфер Эністан у сваім нядаўнім інтэрв’ю апраўдвалася за жарты з сусветна вядомага сіткома Friends. Яна адзначыла, што сёння вельмі няпроста жартаваць, а маладое пакаленне лічыць жарты з серыяла, на якім гадаваліся мільёны, абразлівымі і недапушчальнымі. У сеціве Friends крытыкуюць за гамафобныя, бодзішэймінгавыя ды сэксісцкія кпіны. Эністан адзначыла, што новая адчувальнасць да гумару і новыя табу робяць працу комікаў вельмі складанай.
Ужо і пажартаваць нельга?!
Можна і трэба. Гумар можа дапамагчы адказаць на складаныя ці нетактоўныя пытанні, падбадзёрыць у змрочнай сітуацыі, дапамагчы пазбегнуць канфлікту. Урэшце, гэта адна з тых нешматлікіх рэчыў, якая даступная кожнаму чалавеку ў свеце.
Гумар — гэта здольнасць заўважаць у звычайных рэчах і словах абсурднасць, камічнасць і ўменне смяяцца з сябе. Як, напрыклад, брытанскі святар Уільям Спунэр, які павіншаваў каралеву словамі «За старога квір-пастара» замест «За нашую дарагую каралеву» (Three cheers for our queer old dean). Такая агаворка магла б каштаваць галавы, але нічога, пасмяяліся і разышліся. Бо ў гэтым сэнс гумару — прымушаць смяяцца з абсурднага.