Размовы

Восьмы цуд свету: пытанні і адказы пра сяброўства

Восьмы цуд свету: пытанні і адказы пра сяброўства

Малюнак Анастасіі Дачко
Тэкст Надзеі Гарадніцкай

Кіно. Сцэна з хлопчыкамі, дзе адзін другога пытае: а давай я буду тваім сябрам? Усміхаюся: а так можна было? Дзеці простыя. У дарослых па-іншаму. Але што аб’ядноўвае людзей усіх узростаў — гэта агульная патрэба ў тых, каму можна патэлефанаваць без папярэджання, скідваць мемы, зразумелыя толькі вам, плакацца ў цяжкія часы і залівацца смехам, не думаючы, як вы выглядаеце ў гэты момант.

Давайце паразважаем пра дарослых і сяброў.

У чым каштоўнасць сяброўства?

Гэта першыя свядомыя адносіны, якія мы выбіраем. У тэрапіі часта сутыкаешся з кліенцкім болем, што дзяцінства і бацькі былі менавіта такімі, а хацелася б інакш. Дык вось сяброўства — гэта прастора волевыяўлення. Мы выбіраем тых людзей, камунікацыя з якімі будзе падтрымліваць нашае станоўчае бачанне сябе, якім бы ні было наша дзяцінства.

Я асабіста лічу, што гэта восьмы цуд свету — быць сябрамі.

Што асаблівага даюць сябры, што не можа даць партнёр ці сям’я?

Сябры даюць магчымасць размеркаваць сябе і свае інтарэсы. Бедныя нашы партнёры/кі, якія павінны нас і ў гэтым разумець і пра гэта цікавіцца. Часам чую ад кліентак скаргу на тое, што іх партнёры не цікавяцца тым, што ім цікава. І ведаеце што? Яны і не мусяць. Гэта ў вас павінна «гарэць» унутры ад таго, што вам падабаецца. І тады вашаму партнёру/цы будзе цікава з вамі. Бо чалавек, які цікавы сам сабе, цікавы і іншым. Напрыклад, мой муж не цікавіцца псіхалогіяй, гэта не яго сфера. І што б было калі б я дакучала яму сваімі фрэйдаюнгамі? Палюбіў бы ён псіхалогію? Наўрад ці. Але ён дакладна любіць маю захопленасць прафесіяй. А вось адна з маіх блізкіх сябровак — таксама псіхалагіня, і вісець на тэлефоне мы можам гадзінамі, абмяркоўваючы выклікі душы чалавечай. Сябры даюць нам магчымасць праявіць свае розныя часткі, каб пабачыць сябе цэласнага.

А як быць з сябрамі ў дарослым узросце?

Як паказваюць даследаванні, можна заводзіць сяброў і падтрымліваць сяброўства ў любым узросце. Дарослы і сталы ўзрост — гэта не перашкода для сяброўства, хутчэй наадварот — добры фундамент. Растлумачу. Нягледзячы на тое, што па законе дарослым лічыцца чалавек ад 18 гадоў, нейрабіёлагі кажуць, што наш мозг сталее бліжэй да 28-30 гадоў. Пытанне: на чым будуецца сяброўства? Вядома, на агульных каштоўнасцях і інтарэсах. А які чалавек лепш сябе разумее: малады ці сталы? Таму ваш узрост толькі плюс, каб будаваць новыя стасункі, бо вы ўжо лепш усведамляеце свае патрэбы. З іншага боку, у дарослых людзей і патрабаванні могуць быць большымі да стасункаў. Але на мой погляд, гэта таксама плюс. Навошта траціць сябе на пустое?

Як знаходзіць і будаваць новыя сяброўскія стасункі пасля пераезду ў іншы горад/краіну ці пасля таго, як з’ехалі твае сябры?

І зноў-такі, абапіраючыся на свае каштоўнасці і зацікаўленасці. Напрыклад, на днях завяршылася мая тэрапеўтычная група для беларусаў і беларусак Варшавы. І ўжо на апошняй сустрэчы ўдзельнікі групы дамаўляліся адзначыць дзень народзінаў. Тэрапеўтычныя групы вельмі спрыяюць з’яўленню новых сяброў, бо людзі там дзеляцца самым глыбокім і патаенным.

Што вам цікава?

  • кніжныя клубы афлайн і анлайн
  • танцавальныя мерапрыемствы
  • сустрэчы для жанчын з дзецьмі
  • гульні ў мафію/у настолкі
  • ёга-класы
  • розныя групы ў тэлеграме, дзе арганізоўваюцца агульныя мерапрыемствы па раёнах. Не бойцеся самі прапанаваць пайсці разам на каву.

І памятайце: шмат людзей зараз адчуваюць адзіноту, сумуюць па сябрах, і хочуць ініцыяваць новае сяброўства, але саромеюцца рабіць гэта. Баяцца нармалёва. Бойцеся і рабіце крокі. Таксама варта разумець, што стасункі могуць і не завязацца так хутка, як хацелася б. Але калі вы будзеце гэтаму спрыяць, то станоўчы вынік абавязкова будзе.

Не хапае часу і энергіі на сяброў, часцей выбіраеш серыяльчык замест вечарынкі ці сустрэчы за кавай — пра што гэта сведчыць?

Пра тое, што серыяльчык тут і цяпер можа даць чалавеку тое, што сустрэча не можа. Напрыклад, адпачынак. Чалавек не можа быць 24/7 энэргічным і гатовым да стасункаў. Прыслухоўвацца да сябе і свайго цела — галоўны навык, каб якасна жыць сваё жыццё.

Ці можа сяброўства быць таксічным? На што звярнуць увагу, каб пазбегнуць нездаровых стасункаў?

Таксічным сяброўства быць не можа, бо гэта ўжо не сяброўства. Але памыліцца з тым, каго завеш сябрам, — проста. Што можа сведчыць пра тое, што чалавек побач з вамі не зусім адпавядае вызначэнню сябра? Пасіўная агрэсія, канкурэнцыя, пагарда, маніпуляцыі, газлайтынг, пастаянныя канфлікты і драмы, адсутнасць падтрымкі… Усё тое, дзе няма вашай свабоды быць самім сабой.

Як падтрымліваць сувязь з даўнімі сябрамі, калі між вамі кіламетры?

Радавацца, што 21 стагоддзе падаравала нам шмат магчымасцяў, а той жа каранавірус падараваў пляцоўкі, дзе можна сабраць хоць сто сваіх сяброў і адзначыць свята разам. Вядома, анлайн не можа замяніць жывыя сустрэчы, але дазваляе прысутнічаць у жыцці адзін аднаго. У мяне ёсць чатыры блізкія сяброўкі, і ўсе яны далека. За два гады на адлегласці ў мяне не сапсаваліся адносіны ні з адной з іх. Адказ — будзьце на сувязі. І не спыняйцеся цікавіцца жыццём сяброў.

Як быць чалавекам, з якім хочуць сябраваць?

  • Умейце слухаць. Цалкам. Не чакаючы, калі суразмоўца скончыць, каб пачаць размаўляць пра сябе.
  • З’яўляйцеся не толькі тады, калі вам нешта патрэбна.
  • Знаходзьце час для сяброў. Усе гэтыя жарты пра тое, каб сабрацца з тымі, каму за трыццаць, — праўда. Сям’я, праца, свае заняткі патрабуюць часу. Але гэтага ж патрабуе і сяброўства.
  • Праяўляйце шчырую зацікаўленасць жыццём сяброў.
  • Улічвайце вашую рознасць і індывідуальнасць кожнага.
  • Давайце ведаць, што чалавек для вас важны.
  • Паважайце межы — свае і іншыя.
  • Умейце не толькі спачуваць, але і радавацца чужым поспехам.
  • Прызнавайце свае памылкі і выбачайцеся.
  • Рабіце кампліменты, падтрымлівайце.
  • Будзьце шчырымі.
  • Праяўляйце сябе як асобу. Бо толькі асоба можа пабачыць у іншых такую ж асобу, вартую ўвагі і павагі.

Я прапаную працягнуць спіс у каментарах. Што для вас быць чалавекам, з якім хочуць сябраваць?