Размовы

Эфект хіпстара. Эфект маркера. Эфект паджопніка

Аляксей Лявончык

Эфект хіпстара. Эфект маркера. Эфект паджопніка

Аляксей Лявончык – сузаснавальнік грамадскай ініцыятывы BY_Help. Кампанія існуе з 2017 года, збірае сродкі і аказвае ўсемагчымую дапамогу палітзняволеным, рэпрэсаваным ды іхным сем’ям. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіны дзейнасць BY_Help займела і ўкраінскі кірунак, дапамагаючы беларусам, якія бягуць яшчэ і ад вайны. Сузаснавальнік ініцыятывы нядаўна прыняў яшчэ і важнае асабістае рашэнне – публічна выступаць, пісаць і выказвацца толькі па-беларуску. А за кожны расейскамоўны «грэх» пералічваць 100 еўра на рахунак узброеных сілаў Украіны. Sojka выслухала і занатавала аргументы Лявончыка пра мову і абяцанні – на досвітанку і пасля змяркання.

МАРКЕР

Не, ябацькі не бываюць беларускамоўнымі. Таму для нас беларуская мова – гэта маркер «свой-чужы». Я заўважыў, што многія людзі, напрыклад, у маёй FB-стужцы, прычым людзі, якія звязаныя з мовай другасна, раптам сталі беларускамоўнымі, overnight. І гэта клёва. Тое ж самае цяпер адбываецца ва ўкраінскай плоскасці, калі, напрыклад, эксперты, што былі расейскамоўнымі, зрабіліся ўмомант украінамоўнымі. Гэта маркер.

‍Але трэба падзяляць асабістае выкарыстанне мовы ў прыватных варунках і публічнае выкарыстанне. З публічным ва Украіне даўно многа што змянілася: палітыкі перайшлі на ўкраінскую, законы паступова змяняліся на карысць украінскай мовы. Зразумела, украінізацыя не адбывалася страшным чынам, калі расейшчыну вынішчалі калёным жалезам, і расейшчыны яшчэ шмат. Але мы можам паглядзець на Ізраіль, дзе іўрыту спатрэбілася 50 год, каб задамінаваць. У краіну з’ехаліся габрэі са Штатаў, з Нямеччыны, Расеі, Эфіопіі. Яны паставілі сабе мэту – пазіцыянаваць іўрыт як лінгва франка. І ім гэта ўдалося, але колькі часу пайшло.

‍Я дагэтуль размаўляю па-расейску ў сям’і 50 на 50, але, калі іду па вуліцы з жонкай, размаўляю з ёй па-беларуску. І жонка гэтаксама – прызвычаілася ўжо да гэтага. Я чалавек шматмоўны, і губляць расейскую я таксама не хачу – толькі праз тое, што яе ўтылізаваў карлік, ну або Лука. Я камунікую на ёй добры кавалак жыцця. Я не хацеў бы губляць польскую, ангельскую. Я яшчэ нямецкай валодаю і спадзяюся праз год па-гішпанску пачаць не толькі класіку чытаць і навіны, а што ў мяне з’явіцца кола, з якім я змагу размаўляць.

Карацей, я не зусім тыповы выпадак, бо ведаю дастаткова шмат моваў, люблю карыстацца мовамі, іх паліраваць. Я прачнуўся сёння раніцай і адразу першы сказ прыйшоў па-беларуску, значыць, такі сёння дзень будзе.

 

МАЛЕНЬКАЯ БЕЛАРУСКАЯ КНІЖКА

Калі я быў маленькі, я жыў у Ерэване. І мама мне ўвесь час піхала нейкую кнігу, якая была напісаная вельмі незразумелымі словамі. Я брыкаўся і крычаў, але чытаў яе. Потым мы пераехалі ў Санкт-Пецярбург, а пасля ў Беларусь. І вось калі я пайшоў у школу і пачуў беларускую мову, яна не здалася мне ні дзіўнай, ні смешнай, бо я яе памятаў з кніжкі. Але я не размаўляў па-беларуску. Напрыклад, мой дзед, які ўрокі вёў на беларускай, пісаў, з мамай размаўляў па-беларуску, са мной пераключаўся і гаварыў на расейскай. Але ў яго было вельмі шмат беларускамоўных кніг, якія я пачаў чытаць, напрацоўваючы пасіўны запас.

Потым я паехаў у Індыю, а там нейкі маскалік мне і кажа: «Что это у вас за язык такой, исковерканный русский?» І ў гэты момант у мяне ў галаве нешта пераключылася. Праз паўгода ён ужо бегаў ад мяне з крыкамі «размаўляй са мной па-ангельску, я нічога не разумею». Я паставіў сабе за мэту паглядзець, наколькі гэта «іскаверканая» мова. Мне вельмі дапамог спадар Караткевіч з ягонымі дыялектызмамі, я пачаў разбірацца і зразумеў, што, у адрозненне ад расейскай мовы, беларуская мова развівалася як еўрапейская, у яе не было ўнармаванага цэнтралізаванага стандарту. Вось у расейскай ёсць спушчаны зверху стандарт, там няма вялікай разбежнасці дыялектаў.

Калі расейцы стваралі сваю мову, яны жорстка навязалі ўсім, што, калі вы на ёй не размаўляеце, вы сялюк, як кажуць украінцы, а калі гаворыце – «правільны арыец».

 

ЯК ПЕРАХОДЗІЦЬ НА БЕЛАРУСКУЮ?

Няздольнасць да моваў – гэта выдумка. Любы чалавек здольны вывучыць паслядоўнасць словаў, калі ён гэтага хоча. Ну будзе вашая мова з кучай русізмаў, і што? Палова Украіны гаворыць на суржыку, там памылкі, там неідэальная мова. Ну і што? «Лучше идеальный русский, чем плохой беларусский!» А ангельскую калі вы вучылі, яна была ў вас ідэальная са старту? Не трэба баяцца, што вашая мова будзе крывой! А вучыць беларускую трэба абавязкова, яна зараз стане моднай.

Пачынайце пакрысе. Спачатку «добры дзень» потым дадайце «кава», потым «філіжанка»… Слова за словам. Практыкуйце фанетычныя штукі – дзекайце, цекайце. У мяне яшчэ дзеканне сваё натуральнае, але ў многіх беларусаў ужо вывучаная расейская фанетыка. Пачынайце з малога.

‍Расейская стане рана ці позна мовай акупанта, мовай агрэсара. Для 73%. Я ў курсе, што ў Беларусі тэфлонавага электарату, прыхільнікаў улады, не 3%, а недзе 20%, але прыхільнікаў усялякай дзічы столькі і ў іншых краінах, а задача цывілізаванага чалавека не даць гэтаму адсотку расці. Тэфлон – гэта адпорнасць, +100 да адпорнасці, выжывальнасці ў экстрэмальных тэмпературах. Але на ўзроўні людзей – усялякіх, у тым ліку тэфлону – у нас вайны не хоча 90%, у нас у генетычнай памяці адмаўленне вайны. Нам гадамі ўбівалі, што мы мірныя людзі, «абы не было вайны». Лукашэнка тут проста напляваў на нашу архіідэю.

‍Калі вы хочаце сябе адасобіць ад вайны, ужывайце нешта іншае, не расейскую мову.

 

ЯК АДБУДЗЕЦЦА БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ

Хто гатовы добраахвотна перайсці на іншую мову ў сябе дома:

  • Той, для каго гэта важна іміджава
  • Каму важны маркер «свой – чужы»
  • Хто захапляецца прыгажосцю мовы

‍Эфект хіпстара, эфект маркера, эфект прыгажосці. Усе астатнія – і ў Ізраілі, і ва Украіне, і ў нас – будуць пераходзіць пад тым ці іншым ціскам і прымусам. Гэта называецца эфект паджопніка. Можна пачынаць з дзяржорганаў. Хочаш ісці на дзяржаўную працу – мусіш валодаць беларускай мовай. Уся твая камунікацыя мае быць па-беларуску, нават у рабочай пошце.

‍Другая ступень – гэта школа. З кожнай наступнай хваляй, з кожным наступным выпускам мова будзе замацоўвацца.

‍Прымус будзе, вось у Ізраілі ён спрацаваў. Прыязджае студэнт аднекуль з-пад Бірабіджана, а яму кажуць: «Хочаце вучыцца ў нашым універсітэце? У нас усё на іўрыце. Прафесар па-іншаму не будзе размаўляць для вас».

‍У нас жа як кажуць? «Ой, я не понимаю по-белорусски, а можно по-русски?» – «Конечно, можно!» Гэта няслушна. У нас праблема такая, што мы хутка лапкі падымаем. Тут студэнт з Бірабіджана, па-беларуску не разумее. Няправільны адказ: «Хорошо, тогда мы все перейдем на русский». Правільны: «Папрасіце таго, хто побач сядзіць, хай паперакладае вам. Там урокі беларускай дадатковыя, запішыцеся».

 

РАСПЛАТА ЗА ГРАХІ

Эмацыйна здараецца, што хочацца напісаць па-расейску. Цяпер ужо ўсё менш – беларуская стаіць аўтаматам, па-расейску некамфортна. Або хочацца звярнуцца да гэб’я, якое, я ўпэўнены, мяне чытае, або да рускамоўных падпісчыкаў, якія не разумеюць па-беларуску або не хочуць разумець, а я хачу да іх данесці думку, я пішу па-расейску, але я тады абяцаю сабе, што за кожны такі пост адпраўлю 100 еўра на падтрымку ўкраінскіх узброеных сілаў. З аднаго боку, калі даеш такое абяцанне, то ні перад кім не адказваеш, бо ніхто не можа даведацца, пералічыў ты ці не. Але я публічная асоба, якая, напрыклад, не можа даць паіменна справаздачу па тых, хто атрымаў дапамогу ад BY_help, бо гэта не публічная інфармацыя, якую мы не можам апублікаваць (за што мы атрымалі порцыю выспяткаў у свой час). І я там, дзе магу, паказваю доказ таго, што выканаў абяцанне, бо для мяне важна, што я прынамсі недзе магу адсправаздачыцца.