Размовы

Як наладзіць харчовыя паводзіны і пачаць жыць

Як наладзіць харчовыя паводзіны і пачаць жыць

Малюнак Анастасіі Дачко

Масавая культура вучыць нас, што пасля расстання з партнёрам трэба ўключыць меланхалічную музыку і з’есці пад яе вядзерка марозіва або пайсці ў іншую скрайнасць: запісацца ў спартзалу, перасесці на сельдэрэй і схуднець на 10 кілаграмаў. Так ці іначай, мы прывыклі бачыць сувязь паміж стрэсам і ежай, але, як казалі класікі: ці нармальна гэта? Псіхалагіня Надзея Гарадніцкая разважае пра разлад харчовых паводзінаў і раіць, як вярнуць здаровыя стасункі з целам і ежай, незалежна ад таго, што адбываецца ў жыцці.

Пераяданне ці недаяданне — агрэсіўны акт у дачыненні да свайго цела, іншымі словамі, акт аўтаагрэсіі. Любая аўтаагрэсія сведчыць пра тое, што ёсць заблакаваныя пачуцці, якія неабходна вызваліць.

Такая скрыня Пандоры з неўсвядомленымі, схаванымі пачуццямі ёсць у кожнага чалавека. Яшчэ спадар Фрэйд увёў паняцце падсвядомага – той вобласці, дзе знайшлі прытулак усе непажаданыя для нас перажыванні, прагі, успаміны… За кожнай аўтаагрэсіяй, як і за кожнай дэструктыўнай звычкай, стаіць падсвядомае. Каб разблытаць складаныя стасункі з целам і ежай, трэба гэтую скрыню з падсвядомага дастаць, адчыніць, назваць кожнае пачуццё і дазволіць ім пабыць у вашым жыцці. Не пужайцеся моцных эмоцыяў! Яны дапамогуць разабрацца ў сабе і потым абавязкова пойдуць на спад.

Адна з самых дэструктыўных звычак — спроба справіцца са сваім болем праз ежу. Гэта такая спроба ўсталяваць кантроль над сваім жыццём — як адмаўленне ад ежы, гэтак і яе паглынанне.

У звычцы вырашаць эмацыйны боль ежай ёсць перадумова. Мы ўсе былі немаўлятамі і клопат, любоў да сябе і пачуццё бяспекі атрымлівалі праз ежу — малако з матчыных грудзей. Паесці і адчуць маміна цяпло было дастаткова, каб пачувацца ў бяспецы. Але і ў дзіцяці бываюць розныя патрэбы. З цягам часам у ідэале мама вучыцца дыферэнцыяваць розныя плачы свайго дзіцяці, бо не заўсёды плач — гэта голад. Але магло стацца так, што яна не мела ці то рэсурсаў, ці то дастаткова любові, каб задаволіць іншыя патрэбы дзіцяці, і тады ежа была адказам на кожны плач. Такія дзеці вырастаюць у тых дарослых, якія не ўмеюць распазнаваць свае пачуцці і патрэбы, бо ў дзяцінстве не было тых самых дарослых, хто мог бы гэтаму навучыць. Узнікае трывога, і мозг падкідвае знаёмы спосаб справіцца з ей — пакласці нешта сабе ў рот. То бок чалавек проста блытае эмацыйны і фізічны голад. Ежа быццам замянее нам усе тыя стасункі, якіх нам не хапае. Па сутнасці, гэта такая бацькоўская фігура. Але палёгка ад шакаладкі заўсёды не доўгатэрміновая: ежа ніколі не пазбавіць вас ад унутранага болю — бо гэта найперш пра вашую душу, а не пра цела.

Што такое РХП (разлад харчовых паводзінаў)?

РХП (разлад харчовых паводзінаў) можа развіцца ў любога чалавека, але найболей схільныя да яго маладыя дзяўчаты і дзяўчаткі-падлеткі.
Найбольш пашыраныя тыпы: анарэксія, булімія і кампульсіўнае пераяданне.

Кампульсіўнае пераяданне — сур’ёзны разлад харчовых паводзін, пры якім людзі рэгулярна спажываюць надзвычай вялікую колькасць ежы і не могуць спыніцца.

Булімія — разлад харчовых паводзін, пры якім чалавек імкнецца пазбавіцца ад лішняй ежы пры дапамозе ваніт або слабільных прэпаратаў. У людзей з буліміяй можа быць дэпрэсія, трывожныя разлады і ПТСР. Акрамя таго, людзі з такім разладам схільныя да самапашкоджання.

Анарэксія — нервовы разлад, пры якім адбываецца частковая ці поўная адмова ад харчавання, што прыводзіць да сур’ёзных функцыянальных парушэнняў у працы ўсяго арганізма. Таксама можа суправаджацца іншымі разладамі. Нервовая анарэксія — адзіны разлад харчовых паводзін, які непасрэдна пагражае жыццю і здароўю чалавека.

Усе тры тыпы аб’ядноўваюць агульныя фактары рызыкі:

  • Складаныя стасункі ў сям’і
  • Сямейныя традыцыі, звязаныя з ежай
    Досвед фізічнага ці маральнага гвалту
  • Маці, якая камплексавала з нагоды свайго цела (ці не разумела яго патрэбаў) і сэксуальнасці
  • Сваякі з РХП або іншымі разладамі псіхікі
  • Схільнасць сядзець на дыетах
  • Культ худзізны
  • Досвед булінгу
  • Трывожныя разлады

З пункту гледжання псіхааналітыкаў, такія дэструктыўная нападкі на сваё цела — гэта, перш за ўсё, агрэсія ў бок мамы. Бо некалі мы былі з ей адным целам, а жанчына мае цела падобнае да сваёй матулі. І тады гэта аўтаагрэсія можа разглядацца як агрэсія на маму праз сваё, падобнае да ейнага, цела. Анарэксія можа разглядацца як жаданне заставацца падлеткам, не пераўтварацца ў жанчыну, бо ў нашай псіхіцы жаночая фігура — гэта найперш фігура мацярынская, з якой падсвядома не хочацца сябе ідэнтыфікаваць.

Што з усім гэтым рабіць?

Некаторым удаецца перамагчы кампульсіўнае пераяданне і булімію самастойна: можа дапамагчы тэматычная літаратура і падтрымка людзей з такімі ж разладамі, якія змаглі іх пераадолець. Але большасці людзей з РХП і асабліва людзям з нервовай анарэксіяй неабходная кваліфікаваная дапамога псіхатэрапеўта (а звычайна яшчэ і псіхіятра).

Памятайма, што мы змагаемся не са звычкай, а з той траўмай, якая за гэтай звычкай стаіць. На шчасце, РХП можна вылечыць. І хоць з пачатку тэрапіі да поўнай папраўкі можа прайсці ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў, справіцца з разладам харчовых паводзін можна.

Таму першая і галоўная парада — звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў. Але вы і самі можаце зрабіць пэўныя крокі насустрач вашаму здароўю праз кантакт з пачуццямі і эмоцыямі.

Што можна зрабіць самастойна:

  • Весці дзённік пачуццяў: запісваць усе пачуцці і эмоцыі за дзень. Калі вам складана распазнаваць свае пачуцці, можна пагугліць спецыяльныя табліцы і першапачаткова абапірацца на іх. Гэтыя дзённікі дапамагаюць вярнуць сабе кантакты з пачуццямі, бо ўсе яны жывуць у нашым целе, а шмат хто з нас прывык іх падаўляць, што і вядзе потым да розных псіхалаічных праблем, у тым ліку РХП.
  • Весці дзённік радасці: запісваць на працягу дня ці напрыканцы яго ўсё, што вам прынесла радасць. Гэта дапаможа лепей зразумець вашыя патрэбы і жаданні. Плюс гэта дапамагае змяшчаць фокус, бо, як правіла, мы запамінаем дрэннае лепш, чым добрае.
  • Весці дзённік клопату: запісваць усё тое, што вы для сябе зрабілі — схадзілі на масаж, смачна і карысна паелі, раней леглі спаць, паглядзелі цікавы серыял, купілі вітаміны на восень і г. д.
  • Пасябраваць са сваім Ценем. Менавіта са сваёй агрэсіяй, якая знаходзіць выхад у дзеяннях супраць сябе. Вы можаце скарыстацца сваей агрэсіяй, ператварыўшы яе ў энэргію на дасягненне нейкай мэты. Ці наадварот, на спыненне нечага дэструктыўнага ў сваім жыцці.