Малюнак Анастасіі Дачко
Можна колькі заўгодна жартаваць пра «скажы мне што-небудзь на псіхалагічнай» — і далей пра інсайт, канформнасць, асертыўнасць і ўсвядомленасць, але для людзей, якія сутыкаюцца з псіхалагічнымі праблемамі, далёка не заўжды ўсё гэта смешна і лечыцца прагляданнем вясёлых мемаў па тэме. Сойка разам з псіхалагіняй Надзеяй Гарадніцкай разбіраюцца з тым, што такое сузалежныя стасункі, як іх распазнаць і куды яны вядуць.
Што такое сузалежныя стасункі
Гэта эмацыйная залежнасць аднаго чалавека ад значнага іншага, калі фокусам жыцця становіцца той, іншы чалавек, а ўся ўвага канцэнтруецца на тым, каб:
- прадбачыць яго думкі,
- зразумець, што гэты чалавек адчувае і чаму,
- пабачыць сябе яго вачыма,
- і, на ўсялякі выпадак, выратаваць.
Чалавек у сузалежных стасунках не цікавіцца па-сапраўднаму ні сабой, ні сваімі задачамі развіцця — праз тое, што сфакусаваны не на сваім жыцці. Апроч таго, сузалежныя стасункі ненасычальныя. Без іншага чалавека «Я» робіцца пустым, і ўзнікае трывога, якая заўжды прымушае шукаць кагосьці. Чалавек спрабуе запоўніць сябе іншымі людзьмі, але іх ніколі не дастаткова.
Галоўны канфлікт сузалежнасці: патрэба ў любові, каханні і адначасова глыбокая ўпэўненасць, што ты гэтага не заслугоўваеш.
Якімі бываюць сузалежныя стасункі
1) Распусканне ў іншым
- Я — частка партнёра.
- Партнёр разумнейшы, цікавейшы, я жыву дзеля яго.
- Партнёр — бацькоўская фігура, якой перадаецца адказнасць за маё жыццё.
2) Паглынанне іншага
- Без мяне партнёр не зможа.
- Я разумнейшы, я мацнейшы.
- Я ведаю, як трэба.
- Бацькоўская фігура — я сам(а), і я адказваю за жыццё партнёра.
3) Люстэрка
- Партнёр павінен даказваць, што я лепшы/лепшая за астатніх.
- Партнёр мусіць захапляцца мной.
- Партнёр павінен імкнуцца здзейсніць усе мае жаданні.
Калі партнёр не хоча быць люстэркам, то:
- на яго месца шукаюць новага,
- ім маніпулююць,
- спрабуюць заслужыць увагу любай цаной.
4) Валоданне і разбурэнне псіхалагічнай тэрыторыі партнёра
- Я — усё, партнёр нішто. У мяне поўная ўлада, накіраваная на разбурэнне «Я» партнёра.
- Іншы чалавек — мая ўласнасць.
Здаровыя стасункі ад сузалежных адрозніваюць:
- Уменне быць у адзіноце
- Узаемная цікавасць і намер яе падтрымліваць, нават калі яна слабее
- Наяўнасць у жыцці нечага, акрамя стасункаў з партнёрам
- Здольнасць вытрымліваць моманты ахалоджання ў пары
- Уменне адрознівацца ад партнёра, мець свае інтарэсы
- Здольнасць мець уласныя пачуцці і жаданні
Прычыны сузалежнасці:
- Нявызначаная/непрапрацаваная траўма развіцця ў першы год жыцця
- Адарванне дзіцяці ад мамы на ранніх стадыях развіцця, што перашкодзіла фармаванню надзейнай сувязі, якая ўплывае на «псіхалагічнае нараджэнне» дзіцяці ў 2-3 гады
- Залежнасць бацькоў ад алкаголю, наркотыкаў і г.д.
- Адстароненасць, гіперапека, звышкрытычнасць, дамінантнасць з боку бацькоў
- Эмацыйны гвалт у дзяцінстве
Што рабіць?
- Прызнаць, што калі стасункі робяць вам балюча — гэта не нармальна.
- Запісацца на тэрапію. Праблема сузалежнасці нашмат глыбейшая, чым можа падавацца.
- Перамясціць фокус увагі на сябе. Канцэнтравацца не на тым, што адчувае партнёр, а на тым, што адчуваеце вы і як вам з гэтым жывецца, на сваіх інтарэсах і стасунках з блізкімі людзьмі.
- Скласці спіс з мэтамі, нават самымі маленькімі (як паход да лекара) і пачаць іх здзяйсяняць.
- Камунікаваць з іншымі людзьмі, атрымліваць зваротную сувязь.
- Пашукаць новае хобі.
- Забяспечыць уласную фінансавую незалежнасць.
- Скласці спіс з таго, што ў вас агульнага і рознага з партнёрам. Навучыцца прымаць вашыя адрозненні.
- Вашыя стасункі з іншымі — гэта заўсёды вашыя стасункі з самім сабой. Мяняецца стаўленне да сябе — мяняецца стаўленне да вас партнёра (ці сам партнёр).
У чым соль
Калі ў фокусе вашай увагі іншы чалавек, гэта паўтарае сітуацыю дзяцінства, дзе ў фокусе ўвагі дзіцяці — бацькі. Сузалежныя стасункі — гэта спроба атрымаць усё тое, што вы не атрымалі ў дзяцінстве.
Таму галоўнае, што вы можаце для сябе зрабіць — гэта даць сабе ўвагу, клопат і па-сапраўднаму пачаць цікавіцца сваім жыццём, жаданнямі, мэтамі, планамі. І не, гэта не пра эгаізм. Гэта першы крок, каб па-сапраўднаму сустрэцца з Іншым і збудаваць урэшце здаровыя стасункі.