Размовы

Бахарэвіч: Беларусь — гэта выспа, што вандруе з намі ў часе і ў прасторы

Бахарэвіч: Беларусь — гэта выспа, што вандруе з намі ў часе і ў прасторы

Малюнак Ave

Альгерд Бахарэвіч некалі жыў у Гамбургу, але вярнуўся ў Менск. Пасьля ўсяго ён ізноў з’ехаў за мяжу, і цяпер бадзяецца па сьвеце, працягваючы пісаць свае нашы беларускія кніжкі. На кірмашах чужых краінаў і гарадоў новыя кнігі Альгерда разьбіраюць як сэзонную садавіну — у сэзон. Ці надышоў сэзон беларускай культуры ў выгнаньні, Сойка запытала ў Альгерда. Далей — наша размова з адным з асноўных пісьменьнікаў сучаснасьці.

Дзеля справядлівасьці і чыстага хараства захоўваем клясычны правапіс, на якім выдадзеныя кнігі Бахарэвіча.

На «Гучнафэсьце» ў Варшаве вы сказалі, што такога (колькасьці зацікаўленых людзей, увагі і г. д.) не было ня тое, што ў іншых эўрапейскіх гарадах — такога ў Менску не было. Гэта было эмацыйнае ўражаньне моманту, ці сапраўды сёньня за мяжой бум цікавасьці да беларускай культуры?

Назваць тое, што адбываецца, бумам я ўсё ж не наважуся. Але я добра бачу, зь якой цікавасьцю беларусы за мяжой адкрываюць для сябе беларускую культуру — і, ў прыватнасьці, літаратуру. Зрабілася ледзьве ня правілам добрага тону купляць і чытаць беларускія кнігі па-беларуску, падтрымліваць беларускіх выдаўцоў, запрашаць да сябе пісьменьнікаў і паэтаў і, галоўнае, спрабаваць разабрацца, што гэта за літаратура ў нас такая і што яна можа сказаць паспалітаму чалавеку, як яна рэагуе на падзеі, што хвалююць нас усіх. Гэта ня можа ня цешыць. У Варшаве на «Гучнафэсьце» мая аўтограф-сэсія доўжылася некалькі гадзін, людзі падыходзілі да мяне ня толькі са свежанабытымі навінкамі, але і з маімі ранейшымі кніжкамі. Сотні беларусаў у эміграцыі ў чарзе па беларускія кнігі — для мяне гэта доказ таго, што літаратура жыве і мае свайго чытача. Іншае пытаньне, што будзе далей. Бо літаратура не дае адказаў і не загойвае раны, літаратура наогул — кепскі абязбольнік. Затое яна — добрая зброя, вечнае паліва для мозгу і найлепшы слоўнік. Сёньня нашая літаратура — важная частка беларускага супраціву.

У якіх абставінах пісаўся ваш апошні раман, што ў ім нас чакае, і ці нехта ўжо выказаў ахвоту яго выдаць?

На пачатку сакавіка мы з маёй жонкай, літаратаркай Юляй Цімафеевай прыляцелі з аўстралійскай Адэляіды ў Цюрых, каб зрабіцца гасьцямі адной з найлепшых эўрапейскіх пісьменьніцкіх рэзыдэнцый, што месціцца ў швайцарскім Цугу. Раман «Аўгуры» напісаўся менавіта там. Раман прысьвечаны навальніцам і мэтэаралёгіі, ягонае дзеяньне адбываецца ў краіне, якая нагадвае ці то Беларусь, ці то Кітай, ці то нейкае іншае шахства-гаспадарства, і разгортваецца ў дэкарацыях аднаго сумеснага прадпрыемства. Што да выданьня… Сёлета ў мяне выйшлі тры кнігі па-беларуску: «Ператрус у музэі», «Хлопчык і сьнег» і «Плошча Перамогі». Таму з выданьнем «Аўгураў» я пакуль не сьпяшаюся. Трэба даць чытачу адолець тое, што ўжо выдадзена.

На якіх аўтараў з падобнай эмігранцкай доляй вы арыентуецеся, каго ўзгадваеце, чаму вас вучаць іхныя біяграфіі?

Кожная эмігранцкая доля — унікальная. Быць пісьменьнікам у экзылі ў цёмныя часы ў ХХІ стагодзьдзі, напэўна, усё ж лягчэй, чым сто гадоў таму. Ёсьць шмат арганізацый і фондаў, якія запрашаюць пажыць і папрацаваць у спакойных умовах. Тут, у Швайцарыі, знайшлі вечны супакой двое з трох маіх настаўнікаў і майстроў, якія некалі перакулілі маё жыцьцё і зрабілі мяне тым, кім я цяпер ёсьць. У Цюрыху пахаваны Джойс, у Мантро — Набокаў. Магілу Кафкі ў Празе я наведаў ужо даўно. Усе яны — выгнаньнікі. Джойс пакінуў Ірляндыю па сваёй волі, бо на радзіме яму было душна жыць і пісаць. Набокаў быў уцекачом з бальшавіцкага пекла. Кафка — унутраны выгнаньнік. Кожны зь іх вучыць мяне не здавацца, прымаць выгнаньне як дарунак, працягваць рабіць сваё насуперак усім дурням, цэнзарам ды пашлякам і шукаць таямніцы мовы, якімі б страшнымі ні падаваліся яе лябірынты.

Як выглядае ваша эмігранцкае жыцьцё, штодзённасьць сёньня? Што вы палюбляеце рабіць, як часта даводзіцца зьмяняць краіны, кватэры, што дапамагае захоўваць унутраную ўстойлівасьць?

Нашае зь Юляй жыцьцё апошнія гады — гэта пераважна гатэлі, вакзалы, цягнікі, самалёты, сцэны ў вялікіх і малых гарадах, бясконцыя інтэрвію і пісьменьніцкія рэзыдэнцыі, часовыя прытулкі для вандроўных аўтараў. А найперш — праца, творчасьць без выходных і адпачынкаў. Не звар’яцець мне дапамагае тое, што мы зь Юляй увесь час разам. Яна ня толькі жонка, але і верны сябар, першы чулы чытач, таленавітая аўтарка і перакладчыца, зь якой заўсёды цікава. Ня ведаю, што б са мной сталася безь яе ў гэтым дзіўным падарожжы. Два гады нашым домам была гара ў аўстрыйскім Грацы, затым мы жылі ў музэі ў нямецкім Хемніцы, адкуль паляцелі ў Аўстралію на запрашэньне найбуйнейшага ў Паўднёвым паўшар’і літаратурнага фэсту. Цяпер наш часовы дом — Цуг, а потым будзе Гамбург. Цяпер я ў Беларусі — абсалютна забаронены аўтар, мае кнігі выкінулі з усіх кнігарняў і бібліятэк, іх нішчаць і пагражаюць людзям за іх захоўваньне і распаўсюд злавеснымі артыкуламі. Не маўчыць і дзяржаўная прапаганда. Я чалавек, часам мне вельмі балюча і страшна, як і ўсім нам. Мяне вельмі падтрымалі мае цудоўныя выдаўцы Андрэй Янушкевіч у Варшаве і Вэсна Касэрэс у Празе, а таксама мой сябар і нязьменны рэдактар Сяргей Шупа. А яшчэ мае чытачы. Мы жывем у такі час, калі руйнуецца стары, знаёмы нам сьвет. Беларусь перажывае цяпер сапраўдную катастрофу. Магчыма, мне крыху лягчэй. Бо, жывучы ў Беларусі, я даўно падазраваў, што гэта здарыцца. Вядома, звычкі, рытуалы і рэчы дапамагаюць нам уратвацца ад распаду. Добрая ежа, сэкс і віно, мастацтва і творчасьць, кнігі і размовы — неймаверна важна, што ў гэтым трывожным сьвеце ім яшчэ ёсьць месца. Але мой асноўны, адзіны занятак — літаратура, яна — маё паветра, калі я не пішу і не чытаю — я ня ведаю, навошта жыву.

Як не адарвацца думкамі, адчуваньнямі ад Беларусі, калі супраць нас грае адлегласьць і цалкам розны досьвед, якога з кожным днём усё больш між тымі, тых, хто зьехаў, і тымі, хто застаўся?

Я ня ведаю. Калі ўспрымаць Беларусь выключна як дзяржаўную тэрыторыю РБ, на якой жывуць грамадзяне РБ — напэўна, адарванасьць непазьбежная і будзе расьці далей. Але ў тым і рэч, што Беларусь — нешта большае за РБ, гэта выспа, што вандруе з намі ў часе і ў прасторы. Я люблю паўтараць, што радзіма пісьменьніка — яго мова. Мая Беларусь заўсёды са мной. Беларусь — гэта найперш тэкст. Я пішу для ўсіх, хто чытае па-беларуску. І пераклады маіх і ня толькі маіх кніг на іншыя мовы робяць Беларусь большай за ўсе абрэвіятуры і стэрэатыпы. Беларусам, дзе б яны ні жылі, варта зразумець, што калі захаваюцца наша мова і індэнтычнасьць — сустрэча тых, хто застаўся, і тых, хто зьехаў, застаецца магчымай. Дзяржава можа зьнікнуць і паўстаць наноў, але толькі тады, калі ў яе будзе грунт. Гісторыя дагнала нашу краіну і дала ёй вялікае выпрабаваньне, як расплату за доўгія гады дыктатуры — выгнаньне адных і пакуты іншых, але мы не адны такія ў сьвеце. Літоўцы, латышы, эстонцы, ірляндцы і іншыя нацыі перажылі гэтую разарванасьць. Безумоўна, літаратару тут цяжэй — бо немагчыма ўвесь час жыць успамінамі. Табе патрэбныя пахі і гукі Менску, каб пісаць пра яго. Застаецца фантастыка, застаюцца прыпавесьці — але хто сказаў, што яны не працуюць?..

Што для вас зьмянілася за год пасьля прызнаньня «Сабак Еўропы» «экстрэмісцкімі»? Ці адчуваеце, што гэты статус быццам даў кнізе нейкі ўнутрыбеларускі «Пулітцэр», і кніга стала інакш успрымацца? Вы самі не баіцеся таго, што маглі гэтай кнігай заклясьці будучыню? А што, калі напісанае вамі збудзецца?

«Сабакі Эўропы» — кніга пра ўладу мовы і мову ўлады, найлепшы мой раман у тым сэнсе, што ў ім я змог выйсьці за нейкія межы, адкрыць новыя сэнсы, стварыць цэлы сусьвет, сказаць нешта важнае і новае пра сябе, Беларусь як эўрапейскую выспу і Эўропу як беларускі лёс. Бо беларускі нацыянальны і літаратурны наратыў да выхаду «Сабакаў» безнайдзейна захрас у 90-х, а Беларусь тым часам зьмянялася, і літаратура не пасьпявала за гэтымі зьменамі. «Сабакі» — больш, чым проста яшчэ адна мая кніга, і я рады, што яе ацанілі яшчэ да таго, як раман трапіў пад забарону. Вядома, пасьля 2020-га ён пачаў успрымацца як прароцтва. Але кожны раманіст — прадказальнік і вялікі скептык, інакш немагчыма, бо раманіст глядзіць адначасова ў мінуўшчыну, у будучыню і ў сёньня. Такі зрок трэба ўвесь час разьвіваць, калі ты пішаш прозу. Ён і завецца гістарычным мысьленьнем. А гісторыя кажа нам тры важныя рэчы: што ўсё паўтараецца, што адмяніць яе немагчыма і што калі ў тваёй краіне мір, ты можаш сьмела прадказваць вайну. Мне было ясна, куды ідзе пуцінская імпэрыя і куды ідзе Беларусь, ужо даўно. І хацелася падзяліцца гэтым з чытачамі. Але, ясная рэч, і «экстрэмісцкі» статус рамана, і міжнародны посьпех спэктакля паводле «Сабакаў» Беларускага Свабоднага тэатра, і выхад кнігі ў расейскім перакладзе таксама паўплывалі на тое, што цяпер «Сабакі Эўропы» — самы чытаны, абмеркаваны і прадаваны мой твор. Я вельмі чакаю польскага і нямецкага выданьня. Пераклад Томаса Вайлера на нямецкую будзе прэзэнтаваны ў сакавіку наступнага году на Ляйпцыгскім кніжным кірмашы.

Што варта даваць глядзець/чытаць тым, каму мы хочам распавесці, што адбылося ў 2020-м? Як тлумачыць эўрапейцам, якое наша месца ў гэтай вайне, у стасунках з расейцамі, украінцамі?

Эўрапейцы — гэта мы, беларусы. Іншага шляху ў нас няма. Пакуль мы не зразумеем гэтага, нічога добра чакаць не даводзіцца. Гэта адно з самых важных пасланьняў, якія я агучваю ў сваіх выступах і інтэрвію для замежнай публікі. Калі на Захадзе зразумеюць, што Беларусь — таксама Эўропа, толькі кінутая на пажыву Расейскаму райху, забытая, згвалтаваная, зганьбаваная, калі на Захадзе прызнаюць, што беларусы — гэта іх суседзі-эўрапейцы, загнаныя ў пастку ўласнай уладай, толькі тады можна чакаць разуменьня. Мы зь Юляй Цімафеевай шмат расказваем на Захадзе пра тысячы палітычных зьняволеных, пра рэпрэсіі, пра тое, што ставіць знак роўнасьці паміж Беларусьсю і Лукашэнкам — памылка, пра тое, што беларусы не падтрымліваюць вайну. Але нас чуюць толькі тыя, хто хоча чуць. Для большасьці заходніх эўрапейцаў значна лягчэй знаходзіць простыя адказы на складаныя пытаньні, шукаць вінаватых не сярод сябе, а сярод нейкіх далёкіх чужынцаў — чым разьбірацца і думаць. Хоць Захад таксама нясе адказнасьць за тое, што адбываецца. Заляцаньні да расейскага рэжыму, заплюшчваньне вачэй на расейскія злачынствы прывялі да таго, што ў Расеі ўстварыўся фашыстоўскі рэжым, які ёсьць пагрозай усяму вольнаму сьвету. Але дагэтуль на Захадзе многія палітыкі лічаць, што вайна іх не закране, калі не дражніць монстра. Людзі культуры мала што могуць зрабіць у гэтай сытуацыі, літаратура страціла сваё значэньне ўладаркі думак, якое мела ў ХХ стагодзьдзі. Але калі пасьля нашых выступаў да нас падыходзяць простыя грамадзяне вольных краін і дзякуюць за тое, што мы паказалі ім Беларусь з зусім іншага боку — значыць, хоць штосьці, хоць трошкі мы змаглі зьмяніць, хоць нехта нам спачувае і ня верыць, што пашпарт краіны-ізгоя — дастатковая прычына для нянавісьці.

Вы шмат выступаеце за мяжой. Ці гэта ўвесь час гутаркі пра Беларусь і нашу бяду, ці здараюцца размовы ўласна пра літаратуру, так, быццам вы — сусветны пісьменнік, чытачы якога — людзі космасу і тэктанічных зрухаў, а не ахвяры мімалётных разборак апошніх царкоў на краі Еўропы?

Натуральна, збольшага з намі размаўляюць пра палітычныя падзеі. Нават калі такія размовы пачынаюцца з чыста літаратурных тэмаў. Але наш сьвет цяпер неймаверна палітызаваны, і гэта заканамерна. Ты ня можаш зьняць зь сябе праклён кантэксту, сьцерці чорную метку палітычных навін. Ня надта прыемна быць жывой ілюстрацыяй да нечых загалоўкаў, але значна горш — маўчаць і рабіць выгляд, што цябе ня тычацца ні вайна, ні дыктатура, ні палітвязьні. Нібы ты жывеш у сваёй вежы са слановай косткі і паплёўваеш з вышыні на сьвет. На шчасьце, мы маем магчымасьць гаварыць ня толькі мовай інтэрвію і публічных дыскусій, але і мовай свайго мастацтва. На розных мовах, якімі мы валодаем. Юліна паэзія, яе «Менскі дзёньнік», перакладзены на некалькі моваў, мая публіцыстыка, мае «Сабакі» і «Ператрус у музэі», і «Апошняя кніга пана А.» — усё гэта палітычнае мастацтва. Мастацтва не бывае апалітычным, ня мае такога права. Літаратура заўсёды — пра Эрас і Танатас, а не пра войны, царкоў і рэвалюцыі, але літаратура — гэта заўсёды пра свабоду, свабоду жыць, думаць, адчуваць, быць сабой, яна сама па сабе — свабода, інакш яна — не літаратура.

Ва ўсёй сёньняшняй сітуацыі для культуры, беларускай мовы і нас як народу наогул ёсьць хоць што-небудзь пазітыўнае, за што ўчапіцца?

Чалавек слабы, ён можа вельмі мала, і ніхто не абавязаны быць героем. Але ёсьць тое, што можа зрабіць кожны з нас, дзе б ён ні жыў. Гаварыць, думаць і чытаць па-беларуску. Гэта тое найменшае і рэальнае, простае і карыснае — што абавязкова зробіцца вялікім, важкім і велічным, калі нам і праўда патрэбная іншая будучыня.