Маё пакаленьне апошняе, для якога папяровыя кнігі былі галоўнай і нават адзінай крыніцай інфармацыі. Таму мы любім і ўмеем чытаць. А таксама ўмеем выбіраць найлепшае для прачытаньня. Вось кнігі, якія былі ляўрэатамі прэміі Гедройця і чытаць якія абавязкова. Зразумела, што сьпіс цалкам суб’ектыўны, а лонг-лісты прэміі ўтрымліваюць у прынцыпе найлепшыя кнігі на кожны густ.
Суб’ектыўны ТОП-10
Сьвятлана Курс. Па што ідзеш, воўча?
Пераможца (2021). Аўтарка пісала кнігу 10 гадоў і стала зь ёй усеагульна прызнанай лідэркай сучаснай беларускай літаратуры (СБЛ). Рына, жанчына сярэдніх гадоў і «падшафэ» прыяжджае з Варшавы ў беларускую глушэчу, каб пахаваць сваю бабулю, але тут высьвятляецца, што ўсё зусім ня так, і пачынаецца самая балотная казка беларускай літаратуры.
Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
Трэцяе месца (2021). Беларускае дыскавэры ўласнай гісторыі. Адкуль што ўзялося. Кастусь Каліноўскі — першы нацыянальны лідэр, які прыдумаў сучасную Беларусь.
Бясплатны пдф — тут.
Андрэй Федарэнка. Сузіральнік
Лонг-ліст (2019). Кніга ад прызнанага найлепшага стыліста СБЛ. Чытаеш, як дыхаеш — адчуйце гэтую музыку і каштоўнасьць жыцьця.
Уладзімер Арлоў. Танцы над горадам
Пераможца (2018). Вось вам прызнаны жывы клясык СБЛ. Героі аповесьці — самнамбулы. Удзень яны незнаёмыя паміж сабой, а ўначы ўтвараюць сваё таемнае брацтва.
Зьміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы
Пераможца (2017). Першая кніга трылёгіі. Абавязкова трэба прачытаць і наступныя: «Клініка кітайскага дантыста» і «Забіць упалмінзага». «Верабейка» — пра невядомыя зьявы беларускай гісторыі ХХ ст. і найперш пра самую страшную зь іх — камунізм.
Бясплатны пдф — тут.
Андрэй Адамовіч. Таўсьціла і лешч
Трэцяе месца (2016). Надзвычай арыгінальны аўтар. Кніга — «кароткі даведнік па фідарнай лоўлі і галяктычных падарожжах».
Аляксандр I. Бацкель. Яблыневы маёнтак
Лонг-ліст (2016). Унікальны для СБЛ твор, лёгкі, як францускі фільм «Амэлі». «Кніга пра містыку, вусьціш, фобіі, даўгавалосых дзяўчат, пра цела і пра сьвет вакол адной асобы».
Сяргей Дубавец. Сіні карабель у блакітным моры плыве
Шорт-ліст (2015). «Літаратурныя коміксы з мантрамі і саўндтрэкам». Проста аднойчы ва ўсім сьвеце прапала электрычнасьць. Цяпер пішуць, што так і будзе, пытаньне часу. Сам не разумею, як напісаў такую афігенскую кніжку.
Альгерд Бахарэвіч. Гамбургскі рахунак Бахарэвіча
Другое месца (2013). Найлепшы гайд па беларускай літаратуры. Непараўнальнага ўзроўню эсэістыка.
Бясплатны пдф — тут.
Аляксандар Лукашук. Сьлед матылька. Освальд у Менску
Шорт-ліст (2012). Неверагодная гісторыя забойцы прэзыдэнта Кенэдзі, які працаваў на заводзе «Гарызонт» і любіў хадзіць у менскую Опэру.
Бясплатны пдф — тут.
Прэмія-2022, або Гедройць як гарантыя вяртаньня
Кніжную прэмію імя Ежы Гедройця, парыскага інтэлектуала, антыкамуніста і ўраджэнца Менску, называюць беларускім Нобэлем ці Букерам, і гэта слушна. Але, на маю думку, гэта яшчэ і галоўны твор беларускай грамадзянскай супольнасьці, гарантыя таго, што выгнаная за мяжу супольнасьць вернецца дадому, на радзіму прэміі і яе патрона. Як талісман. Як бумэранг.
Тое, што прэмія за найлепшую беларускую кнігу мінулага году другі год уручаецца за мяжой, вядома ж, адбілася на сьпісе прэтэндэнтаў. Ня кожны аўтар можа дазволіць сабе трапіць у «экстрэмісты». Таму калі ў ранейшыя гады мне як удзельніку журы даводзілася прачытваць паўсотні кніг (а кнігі бываюць на 500 і болей старонак), дык сёлета іх было крыху болей за дваццаць. Але, што прыемна ўражвала, — разнастайнасьць.
Самая аднастайная катэгорыя, з маіх назіраньняў, — бэлетрыстыка. Яе у беларускім кніжніцтве пішацца шмат. Гэта, вядома, добра, але вельмі часта за займальным сюжэтам не праглядаецца аўтар. А мая задача — ацэньваць менавіта аўтара, а не рамяство. Не тэхналёгію. Таму бэлетрыстыка, як правіла, у пераможцы не трапляе. Як ні дзіўна гучыць, шанцы мае толькі «аўтарская» кніга.
Далей усё яшчэ больш складана.
Як ня трапіць пад уплыў аўтарытэту прызнанага аўтара. Сёлета шмат хто махаў рукой — маўляў, ясна, што прэмію атрымае Ўладзімер Някляеў са сваім раманам пра Янку Купалу «Гэй Бэн Гіном». Бо майстар. Сапраўды, майстар можа ўзьляцець да вышыняў, а можа і зымітаваць палёт. Аўтар паставіў амбітную мастацкую задачу — сказаць пра загадкавую сьмерць Купалы тое, чаго мы яшчэ ня ведалі. Але не сказаў. Пасьля найлепшага дасьледаваньня «Карані міфаў» Георгія Коласа атрымалася варыяцыя на тэму. Прычым някляеўскай паэтычнай ударнай хвалі ў рамане — на адзін верш. Гэта, бадай, і ёсьць адзін верш, расьцягнуты на сотні старонак. Уладзімер Някляеў — паэт.
Максім Клімковіч заўсёды ўражваў. І тэмай чорнай рукі ў чорным горадзе, якая ўжо ў тваім пад’езьдзе, ужо на тваім парозе… У 1990-я гэтае ўражаньне было асабліва моцным. Дзіцячыя страшылкі, выпісаныя добрай рукой, проста шакавалі і гатовыя былі стаць бэстсэлерам. Але сёньня яны ўспрымаюцца як успамін пра «мае 90-я». Што, зрэшты, у будучыні не перашкодзіць ім стаць бэстсэлерам для кожнага новага пакаленьня.
Ганна Севярынец напісала добрую кніжку пра школу. Я нават зрабіў нарыхтоўку намінацыі — за што яна атрымае прэмію Гедройця. «За прыватны досьвед таго, як грамадзтва (не) трансфармуецца з савецкага ў постсавецкае праз самы кансэрватыўны інстытут — школу».
Гэта ляўрэаты. І колькі словаў пра тых, каму дасталіся ўзнагароды.
Трэцяе месца атрымаў Валер Гапееў. Як удзельнік журы, я чытаў ягоныя раманы, якія ва ўмовах кніжнага рынку абсалютна маглі б быць (а некалі і будуць) бэстсэлерамі. Крутыя сюжэты, выразныя героі, гатовы матэрыял для сэрыялаў. Але кніжную прэмію атрымала маленькая кніжка «Жэнька, каралева мышак», на першы погляд, зусім дзіцячая, але вельмі па-даросламу разумная, мудрая. У мяне гэты пісьменьніцкі кшталт асацыяваўся з марктвэнаўскім «Томам Соерам». Хутчэй за ўсё, гэта вельмі разавы прадукт, такое наўрад ці можна зрабіць сваім літаратурным амплуа.
Хтосьці ў журы назваў кнігу Вольгі Гапеевай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» вельмі эўрапейскай. І гэта дакладна. Ёсьць творы, дзе аўтар дэманструе свае літаратурныя ўмельствы, ёсьць бэлетрыстыка з захапляльным сюжэтам. Але больш высокі кшталт — кніга, якая запрашае чытача да суўдзелу ў вобразах, думках, містэрыі. Гэта як сумесны палёт, бо твор жыве недзе па-над тэкстам, ён кожным прачытваецца па-свойму і ня тут, а недзе ў «пакоі насупраць». Прачытваецца за адзін (не кароткі) прысест.
Ну і першае месца — кніга Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Тое, пра што ўсе думалі, але ня ведалі, дзе прачытаць. Думалі пра родны Менск, што зь ім так, што зь ім ня так, адкуль ён такі, які ёсьць, якая ў яго душа, як б’ецца ягонае сэрца. За што мы яго любім, за што хацелі б любіць. Аўтар напісаў нерэальную кнігу, бо проста немагчыма ўявіць, што такую кнігу можна напісаць.
І яшчэ. Ня слухайце тых, хто кажа пра сьмерць папяровай кнігі. Чытайце. Ня страчвайце гэтага ўменьня. Яно вам яшчэ прыдасца. Асабліва калі ва ўсім сьвеце прападзе электрычнасьць