Размовы

Алесь Пушкін пра сябе

Цытаты з інтэрв’ю

Алесь Пушкін пра сябе

На развітанне з Мастаком чытаем ягоны аповед пра сябе з інтэрв’ю розных гадоў.

***
На Божы свет я з’явіўся 6 жніўня 1965 года, а літаральна праз некалькі дзён, калі мяне збіраліся ў першы раз купаць, здарыўся вельмі цікавы і містычны выпадак. Да нас прыйшоў міліцыянер. Побач з мястэчкам здарылася нейкая аварыя, і ён высвятляў усе абставіны. Я даволі часта думаю пра гэты Знак. Шмат хто перакананы: пры першым купанні трэба ўважліва сачыць за ўсім, што адбываецца, бо нешта можа сведчыць пра далейшы лёс немаўляці.

***
У мяне быў яшчэ старэйшы брат Сяргей, які ў 37 год, на жаль, памёр ад гарэлкі. А яшчэ быў — Аляксандр Мікалаевіч Пушкін. Нарадзіўся ён у 1960 годзе і пражыў толькі адзін годзік. На нашых могілках ёсць магіла менавіта з такім надпісам. Праз чатыры гады яго імя далі мне. Цяпер трэба пражыць за дваіх.

***
У 1990 годзе мяне размеркавалі ў Віцебск і адразу ўзялі на ўлік у мясцовай міліцыі. […] Чаму абраў менавіта гэты горад? Таму што ў Віцебска цудоўная гісторыя. Там працавалі Малевіч і Шагал. Спачатку я там уладкаваўся на працу ў мастацкі камбінат і нават атрымаў інтэрнат. Потым знайшоў сабе майстэрню, купіў мальберт і пачаў рыхтаваць першую выставу, якая называлася «Сацарт. Дэкларатыўнае мастацтва». Былі выстаўлены 27 прац. Пасля цырымоніі адкрыцця я сеў на асла, дзве дзяўчыны і духавы аркестр суправаджалі мяне на вуліцы Суворава, раней гэта была вуліца Узгорская, потым — на Успенскую горку. Адной з дзяўчат была Света Бень, цяпер вядомая артыстка. На Успенскай горцы павіншаваў усіх з 25 сакавіка, з Днём абвяшчэння Незалежнасці, выпусціў белага голуба і сказаў: «Ён прынясе нам свабоду!»

***
Я быў у той час яршысты, не з усімі вітаўся. Кан’юнктуршчыкам мог рукі не падаць. Тым, хто маляваў Леніна, руку ціснуць не хацелася. Такія, хто не пісаў Леніна, безумоўна, былі. Адзін з іх — Аляксандр Салаўёў, старэйшы віцебскі творца, заслужаны дзеяч мастацтваў, мастак-экспрэсіяніст. Тады да мяне прыглядаліся, зразумеўшы мой характар, заказаў давалі вельмі мала. Давялося афармляць сталовую ў Расонах, у кіраўніка прадпрыемства афармляць офіс.

***
Мама была спагадлівай, душэўнай. Кожны вечар малілася. Гумар таксама ад яе. Яна ўмела добра расказваць смешныя гісторыі, заўважала яскравыя моманты ў паўсядзённым побыце. Мама пражыла 77 гадоў, яна чакала ўнука Міколку. Калі ён з’явіўся на свет, скора яна адышла. Нарадзілася Марылька — адышоў і тата. Ад яго мне дастаўся гарачы характар, часам запальчывасць. Бацька стварыў пры жыцці Бобрскі Камітэт па адраджэнні мясцовай царквы, групу з дваццаці чалавек. Калі будынак быў узведзены, бацька сказаў: «Распісваць будзе мой сын!»

***
У войску я вёў дзённік. У ім я напісаў, як непрыемна і сорамна адчуваць сябе акупантам у чужой краіне. За гэты дзённік я патрапіў на 10 дзён на гаўптвахту. Старшыня сказаў, што мае думкі не адпавядаюць лініі партыі ў афганскай інтэрнацыянальнай палітыцы. За дзесяць гадоў савецкай прысутнасці ў Афганістане загінула 2 мільёны афганцаў і 35 000 савецкіх салдат і афіцэраў.

***
…Зразумела, што пасля таго як царква згарэла, людзі казалі — з-за Пушкіна, таму што там быў намаляваны Лукашэнка. Магчыма, і так. Але менавіта яны вырашылі, што адраджаць фрэскі буду таксама я. Жартую, што пасля пажару ў мяне было тры шляхі. Першы. Спіцца, паламаць пэндзлі, выкінуць палітру, бо такая Божая воля і Яму не даспадобы такое мастацтва. Другі — з’ехаць у эміграцыю, бо ў Беларусі працаваць мне не даюць. Трэці шлях. Зноў брацца за работу па аднаўленні нашай царквы. Яго і абраў.

***
Я шукаў вялікую ідэю, якую можна было б кінуць у натоўп, і знайшоў яе ў БНР. Праблема незалежнасці Беларусі дагэтуль застаецца нявырашанай. Я выбраў сваю, зямную ідэю, за якую можна пазмагацца. У свой час, напэўна, так паўстала хрысціянства: прыйшоў на зямлю Хрыстос са сваёй ідэяй, яго закатавалі, але ягоную ідэю падхапілі іншыя людзі, якія таксама потым прынялі пакутніцкую смерць — і так разгойдаўся маятнік. Чым больш было рэпрэсіяў — тым далей распаўсюджвалася новая вера.

***
Працую вольна і натхняюся беларускім духам. Я — рэдкі вольны чалавек у нашай несвабоднай краіне. І я — дзіцё 1980–1990-х гадоў мінулага стагоддзя, гадоў Свабоды, Галоснасці, Новага Неба над Новай краінай. Гэту каштоўнасць я адчуваю і нясу ў сваім жыцці і творчасці, дзе б яна і ў якім бы жанры мастацтва ні была рэалізавана: роспісы і перформансы, жывапіс і татуіроўкі, тэатр і графіка…

***
Заходнія мастацтвазнаўцы і куратары часта казалі, як яны мне, уласна беларускаму мастаку з цвёрдай акрэсленай грамадскай пазіцыяй, шчыра зайздросцяць на рэакцыю і цікавасць грамадства і ўлады да маёй творчасці! Яна жывая, непадробная і па-свойму шчырая! Гэта і ёсць прызнанне, гэта і ёсць цікавасць жыцця і мастацтва ў кантэксце часу. І факт з’яўлення мастака, яго творчасць і жыццё, ужо колькі Бог адмерыць яму год, — ёсць сведчанне неўміручасці Беларускай ідэі…