Гiды

З ёга ўсяго многа, або 5 пытанняў на шляху да дыванка

З ёга ўсяго многа, або 5 пытанняў на шляху да дыванка

Малюнкі Ксеніі Лагавой

Без перабольшвання ёга з’яўляецца самым дэмакратычным комплексам фізічных практыкаванняў у свеце. Не мае значэнне вага, фізічная падрыхтоўка, узровень даходу ці веравызнанне. Нават калі вам падаецца, што пасля першай жа «сабакі мордай уніз» вам так і не ўдасца разагнуцца, даверцеся Сойцы — разам мы падрыхтуемся да любых неспадзяванак.

Пытанне 1. Ёгай нельга займацца вернікам?

Агулам ёга — гэта комплекс фізічных, духоўных і філасофскіх практык, але сёння мы разглядаем ёгу выключна ў еўрапейскім рэчышчы папулярнага фітнэс-кірунку. Практыкі супакойваюць нервы і ўмацоўваюць арганізм, уся «палітінфармацыя» ідзе ў якасці бонусу і дакладна не можа паўплываць на вас, калі вы гэтага не пажадаеце. Як занятак айкідо не зробіць з вас даоса, а лыжны спорт — нарвежца. (Хоць праваслаўная, некаторыя цячэнні пратэстанцкай царквы, іслам, артадаксальны іўдаізм не ўхваляюць заняткаў).

Між тым, ніжэй мы сабралі напрамкі хатха-ёгі, дзе канцэнтрацыя — на спартыўным баку асан. Абірайце той, што больш даспадобы вам:

  • Інь — статычныя практыкаванні (да 10 хвілінаў у адной позе!), выдатна пасуе для пачаткоўцаў, якія мала рухаюцца.
  • Віньяса-флоў — кірунак хатха-ёгі, які вылучаецца дынамікай, плаўнасцю рухаў і моцнай повяззю паміж дыханнем і рухам.
  • Кундаліні — ідэальная для падтрымкі хрыбетніка.
  • Бікрам — 26 асан, ідуць ад простай да складанай.
  • Майсор — плаўны, бяспечны і дасяжны шлях ёга-практык.
  • Айенгара — канцэнтрацыя на ідэальным, дэталёвым выкананні асан. Часта выкарыстоўваюцца дадатковыя прыстасаванні і элементы.

Пытанне 2. Ёга толькі для дзяўчат?

Ёга сёння лічыцца «жаночым прадуктам» у асноўным праз тое, што жанчыны часцей незадаволеныя сваім знешнім выглядам, ім прасцей прадаць фітнэс. Між тым, ёга — цудоўная форма фізічнай актыўнасці, якая даступная ўсім людзям. Хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы — асноўная прычына мужчынскіх смерцяў у свеце. Ёга дапамагае наладзіць працу сэрца і сасудаў, а таксама падтрымлівае нервовую сістэму, яна эфектыўная пры комплексным лячэнні дэпрэсіі, зніжае ўзровень гармонаў стрэсу. І гэта ўжо не кажучы пра тое, што ў сучасным свеце так мала месцаў, куды мужчына можа надзець стылёвыя легінсы!

Пытанне 3. Ці можна займацца ёгай і есці мяса?

Адказ на гэтае пытанне залежыць ад таго, у каго вы спытаецеся. Людзі, для якіх ёга — частка духоўнага жыцця, адназначна скажуць, што мясаедам тут няма месца. Тыя, хто ходзіць на ёгу без задніх думак і філасофскага падтэксту, у сваю чаргу, прызнаюцца, што і з мясам ёга заходзіць добра.

Няма непасрэднага ўказання на тое, што тым, хто займаецца ёгай, нельга есці мяса, але гэтая духоўная практыка заснаваная на прынцыпе ненанясення шкоды — ахімсы. З гэтага пункту гледжання ўжыванне мяса і іншых прадуктаў жывёльнага паходжання выглядае, як парушэнне асноў. Між тым, калі ўспрымаць ёгу выключна як комплекс цікавых практыкаванняў-асан, этычны і філасофскі кантэкст не будуць дакранацца да вашай талеркі. Хоць з практычнага боку лепш не наядацца перад заняткамі і аддаваць перавагу лёгкім прадуктам.

Пытанне 4. Можна займацца ёгай і ўжываць алкаголь?

Адназначнае НЕ. Пры ўсім падабенстве да папярэднега пункта, адказ на гэтае пытанне ніякім чынам не звязаны з маральным ці ідэалагічным бокам заняткаў ёгай. Сумяшчаць алкагольныя загулы і фізічныя практыкаванні — дрэнная ідэя перш за ўсё праз медыцынскія перасцярогі. Дактары і інструктары раяць адкласці фізічныя нагрузкі на 36 гадзінаў пасля ўжывання спіртавых напояў, да якіх адносіцца і піва (дадалі мы на ўсялякі выпадак). Ужыванне алкаголю правакуе абязводжванне, дрэнна адбіваецца на каардынацыі, шкодзіць страўніку і іншым чынам перашкаджае плённым заняткам. Лепш, каб прага да здаровага ладу жыцця і алкаголь не перашкаджалі адно адному.

Пытанне 5. Ёга толькі для ідэальных?

Апошняе пытанне звычайна больш падобнае да сцвярджэння. Маўляў, вунь яны якія прыгожыя ўсе, стройныя, гнуткія, адразу разумеюць, дзе анатасана, дзе шавасана і не ржуць з Мандукасана. Але мы ўпэўніваем, што правільны ёга-клас — гэта прастора паразумення і добрага стаўлення адно да аднога. Падчас ёгі могуць здарацца розныя неспадзяванкі: паверце, хруст каленак — не самы сорамны гук, які можа выдаць ваш арганізм на занятках, але гэта здараецца з усімі. А значыць, трэба атрымліваць задавальненне ад працэсу, а не баяцца выглядаць неідэальна.

ПАСЛЯСЛОЎЕ Хатка ёгі. Што трэба, каб пачаць ёгу

Легенды кажуць, што калі ўстаць а пятай раніцы, падпаліць араматычныя палачкі і заняцца ёгай, атрымаеш зарад бадзёрасці і рашучасці на ўвесь дзень. На ўласны густ можна дадаць бераг акіяну ці сасновы лес. Прынамсі так выглядае ідэальны ўрок у сацыяльных сетках і рэкламе. Рэчаіснасць не вымагае інстаграмнай карцінкі, для паспяховых заняткаў вам дастаткова мець:

  • Прастора. У вас павінна быць досыць месца для таго, каб легчы на падлогу ў поўны рост ці развесці рукі.
  • Час. Вызваліце досыць часу для таго, каб з задавальненнем і асэнсаванасцю пазаймацца. Лічыцца, што лепш займацца раніцою, але мяркуйце па сабе.
  • Адзенне. Падбярыце зручную форму, якая не будзе замінаць рухацца, не будзе ціснуць ці націраць.
  • Узор. Знайдзіце курсы, відэаўрокі ў сеціве, апісання практыкаванняў ці аднадумцаў з досведам, каб даведацца пра асаны.
  • Матэрыялы. Дыванок, араматычныя палачкі і іншыя атрыбуты зробяць вашы заняткі максімальна прыемнымі, але яны не абавязковыя для ўдалай практыкі.

Добрых вам заняткаў і зарубіце сабе на карме: ёга бывае карыснай і для цела, і для свядомасці.