Гiды

Віцебск: невідавочны гід

Віцебск: невідавочны гід

Хочаце абразіць віцьбіча? Спытайце яго: «А што ў вас ёсць у горадзе, акрамя славянскага базара?» Непрыязнасць да канца жыцця будзе вам гарантаваная. Аднак пра Віцебск можна гаварыць і без клішэ пра «культурную сталіцу» — пагатоў такой быў горад стагоддзе таму, шмат вады сцякло з тых часоў у тры мясцовыя ракі. Зачараванне Віцебска сёння — у старых дворыках з дамамі з чырвонай цэглы, зайздросным для іншых беларускіх гарадоў рэльефе і памяці пра былую веліч, якую не вытравіць і якую горад працягвае з гонарам несці.

Чым ганарыцца: віцебскае мастацтва

Пра тое, што Шагал у сваіх Парыжах да канца жыцця маляваў родны Віцебск, ведае ўжо ці не кожны беларус, аднак з гэтым горадам звязаныя жыцці і іншых не менш вядомых мастакоў. Тут пару гадоў працаваў Казімір Малевіч, і менавіта тут вакол яго ўзнікла авангардная арт-група УНОВІС (у яе ўваходзілі, напрыклад, Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева і народжаны ў Віцебску Лазар Хідэкель). Месцы, звязаныя з дзейнасцю гэтага аб’яднання, знойдзеце ў цэнтры горада на вуліцы Шагала — гэта былы будынак Вышэйшай народнай мастацкай вучэльні, дзе цяпер музей, і дамы з супрэматычнымі кампазіцыямі, сярод якіх — адна з самых інстаграмных лакацый горада: «сцяна Малевіча», што месціцца па Леніна, 18.

34travel.me

Сцяна Малевіча | 34travel.me

А калі ўсё гэта ўжо вамі абходжана і хочацца яшчэ мастацтва — можна прайсціся па месцах Іегуды Пэна, які быў першым настаўнікам Самі-Ведаеце-Каго (Шагала). Калекцыя яго работ вісіць у Мастацкім музеі, а дом мастака, на жаль, не захаваўся — на Сінім доме (пра яго пазней) ёсць памятная шыльда, якая вісіць на тым месцы, дзе раней стаяла хата сям’і.

А яшчэ аднойчы тут пад гукі духавога аркестра праехаў на асле і з голубам у руках Алесь Пушкін, у якога ў горадзе была творчая майстэрня. Пасля мастак выпусціў голуба са словамі: «Ён прынясе нам свабоду!»

Нетыповыя музеі

Краязнаўчы музей з біўнямі маманта, які быў прапісаны ў Віцебскім раёне, і зернем, знойдзенае ў кішэні селяніна, які скраў яго на калгасных палетках у 12 стагоддзі, вы знойдзеце ў любым горадзе, а вось у Віцебску, акрамя ўсялякіх розных калямастацкіх музеяў (іх тут легіён), варта ісці ў парачку чыста мясцовых. Калі вы раптам не ведалі: Віцебск — гэта першы горад у Беларусі, дзе з’явіўся трамвай (гэта адбылося ў 1898 годзе — раней, чым у іхных сталіцах расійскай імперыі), таму пункт нумар адзін — Музей гісторыі віцебскага трамвая.

probelarus.by

Пункт нумар два: цёплы лямпавы Музей прыватных калекцый. Экспазіцыя тут часта змяняецца: гэта могуць быць елачныя цацкі, парцалянавыя статуэткі, старыя прасы і нават бляшанкі з-пад гарбаты (гэта не жарт). Таму калі вы любіце ўсялякі фрыкануты шлак (у добрым сэнсе) — вам сюды.

Несаромныя і дзіўныя помнікі

Помнікі вусатым дзядзькам на кані ніякога не цікавяць (ну, ёсць толькі асобныя фанаты паразглядаць біялагічную дакладнасць у перадачы геніталіяў жывёліны), таму тут не будзе рэкламы Альгерда. Звычайна гэтаксама турыстам нецікавыя стандартныя помнікі пісьменнікам і іншым нацыянальным дзеячам, але ў беларускай сітуацыі ўсё крыху складаней, таму раптам вам захочацца прынесці кветкі некаму харошаму — то ў Віцебску ёсць помнік Уладзіміру Караткевічу (пра які гарадскія ўлады не клапоцяцца, і ён разбураецца) і мемарыяльная шыльда Васіля Быкава. А яшчэ ёсць міленькі помнік Марку Шагалу, які «грае» на скрыпцы, складзенай з віцебскіх дворыкаў і эйфелевай вежы.

Помнік Уладзіміру Караткевічу

 

Помнік Марку Шагалу

Ёсць у Віцебску і мемныя помнікі, трымайце топ-3:

  1. «Тры штыкі» — гэта помнік Перамозе ў т. зв. «Вялікай айчыннай» — выглядае як тры… штыкі. Магчыма, у яго ёсць афіцыйная назва, але каго гэта хвалюе, калі гэта такія забаўныя фалічныя сімвалы.
  2. «Помнік тром голым жанчынам» (гэта самы прыстойны варыянт з усіх народных назваў) насупраць ратушы — насамрэч фантан «Зліццё трох рэк», на якіх стаіць Віцебск, узведзены на месцы зруйнаванага ў 1968 годзе касцёла св. Антонія.
  3. «Помнік Пушкіну ў натуральную велічыню» — гэта таксама не афіцыйная назва, але забава ў тым, што помнік гэты вышынёй трохі больш за метр, і для фота школьнікі часта ўскараскваюцца яму на плечы або абапіраюцца локцямі на маленькага паэта.

«Тры штыкі»

Фантан «Тры ракі»

Пароль: «Сіні дом»

Хочаце падацца мясцовым або супердасведчаным — прызначайце спатканне віцьбічам ля «Сіняга дома» або насупраць, «на Яме».

Сіні дом — быццам бы звычайны канструктывісцкі будынак родам з 1970-х, які ад нараджэння быў сіняга колеру. Аднак недзе ў пачатку 2010-х, калі кіраваць горадам прызначылі немясцовага чыноўніка-медыка, ён вырашыў закатаць будынак у белы колер. Віцьбічы адурэлі ад такога нахабства, але не пратэставалі (ну, або гэта быў такі своеасаблівы пратэст, што дом усё адно працягвалі называць «сінім»). Было такое віруснае відэа з тых часоў, калі хлопцы на вуліцы спыняюць мінакоў і запытваюць, якога колеру будынак, і ўсе як адзін, і вусам не павёўшы, адказваюць: «Сіняга». Год таму будынку ўрэшце вярнулі яго прыроджаны колер.

«Сіні дом»

У сваю чаргу, «Яма» — гэта ўласна пляцоўка з амфітэатрам і тэнісным кортам ля яго. Знакамітая яна тым, што ў пачатку 2000-х была месцам сустрэч нефармальнай моладзі (гэта называлася «тусіць на Яме»). З тых часоў, праўда, многае змянілася, і дзе цяпер збіраецца актуальны маладняк, Сойка не ведае (але дакладна не там). Аднак дагэтуль мясцовыя, прызначаючы сустрэчу насупраць Сіняга дому або «Піраміды», часам кажуць: «Сустрэнемся на Яме». Цалкам імаверна, што гэта тыя самыя падлеткі з 2000-х.

«Яма»

Рэльеф вырашае

Віцебск бярэ ў палон сваім крутым (як для нягорнай Беларусі) рэльефам, які ацэньваеш, калі крочыш па галоўнай вуліцы (якая, на жаль, усё яшчэ Леніна) ад пачатку ў бок цэнтру. Уласна, цэнтр горада месціцца на тым, што калісьці называлася Замкавай гарой, рэлікты якой усё яшчэ захоўваюцца. Таксама фотагенічную перспектыву на горад ствараюць рэкі, асабліва Дзвіна ў тым месцы, дзе ў яе ўпадае Віцьба (не вафелька, а рака, якая ўласна дала назву гораду). Трэцяя рака — Лучоса — таксама нішто сабе.

Галоўная «гара» ў горадзе (спойлер: гэта проста назва) — Юр’ева горка, на якой месціцца тэлевежа. Кажуць, што гэта культавае месца адпачынку гараджан яшчэ з сярэдзіны 19 ст. І да сёння сюды прыходзяць па выходных мясцовыя ладзіць пікнікі.

www.belarus.by

planetabelarus.by

planetabelarus.by

Юр’ева горка

Самы пешаходны горад

Асноўная лакацыя пешых прагулак турыстаў з кучай кавярняў і бараў на кожным кроку і з неблагімі графіці ў дворыках — частка горада вакол ратушы (якая, па сутнасці, сімвал горада і чыю выяву вы сустрэнеце на паштоўках і магнітах): гэта забудова вуліц Талстога, Суворава, Крылова, Путна і Савецкай (не пашанцавала з назвамі, так, але калісьці гэта ж зменіццца). Тамсама — сумны гарадскі заапарк з гаротным напаўжывым ільвом і побач — будынак КДБ, які раней быў «губернатарскім палацам» і ў якім, паводле легенды, спыняўся Напалеон. Насупраць гэтага будынку ў 1912 годзе быў усталяваны адзін з найстарэйшых помнікаў горада — уласна, у памяць вельмі амбівалентнай (для нашага народа) вайны з Напалеонам. А адтуль ужо недалёка і да помніка Караткевіча дайсці, вакол якога — старыя вуліцы (Чэхава, Грыбаедава і, пардон, Кутузава) з культавай для Віцебска чырвонай цэглы.

Ратуша

«Губернатарскі палац»

Чырвоная цэгла і схаваныя перліны

Для віцьбічаў, якія прыязджаюць у Менск, крыху дзіўна гучыць выраз «Чырвоны касцёл» — бо: ясна, што чырвоны, а які яшчэ? Галоўны віцебскі касцёл — Святой Барбары — акурат неагатычны будынак з чырвонай цэглы, які месціцца на правым беразе Дзвіны і наведванне якога можна спалучыць або з паходам на Пакроўскую (да дома-музея Шагала), або з вандроўкай па Чыгуначным раёне.

Касцёл св. Барбары

photoclub.by

Калі вас ужо занесла сюды, то пашпацыруйце па раёне Ялагі (раён вуліц Някрасава і Леонава): там сустрэнеце старую драўляную і цагляную забудову (якой з кожным годам застаецца ўсё менш) і прагуляецеся па Парку чыгуначнікаў (былы Ялагскі сад), дзе ў векапомным 2020-м сабраліся сотні гараджан на сустрэчу з «жаночым трыа».

Ялагі, пачатак ХХ ст.

Бліжэй да цэнтру горада, але ўсё яшчэ на правым беразе, даследуйце дворыкі ўнутры вуліц Кірава, Кастрычніцкай, Дзімітрава, Камсамольскай — карацей, вы зразумелі. Там тыя самыя класічныя дамы з чырвонай цэглы, і дзе-нідзе яшчэ пазаставаліся асобныя rooms of requirement, як у Хогвартсе, — нешта сярэдняе між свіранам і закаткасховішчам (тыпу як падвал, але асобны будынак — бачылі такое?). А яшчэ мясцовыя гіды расказваюць, што тут захаваліся дамы ў стылі «латгальскае барока» — такіх больш няма нідзе ў Беларусі, затое падобныя ёсць у Дзвінску (Даўгаўпілсе).

«Латгальскае барока»

Вуліца Камсамольская

Месцы сілы: дзе падмацавацца

Апрача класічных турыстычных лакацый у самым пешаходным цэнтры, якія вы і без нас знойдзеце («La cultura», «Кофейня», «Витебский трактир»), ёсць некалькі даволі запамінальных месцаў:

«Кукуха»

«Кукуха» (Крылова, 3) — тут прапаноўваюць выдатныя сняданкі і ўсюдыісныя піцы з пастамі, а яшчэ такас, фахітас і нават крэветкі з мідыямі. А яшчэ ў іх смешнае меню (ды і сама назва нічога).

Кукуха

Zdoba

Zdoba (Замкавая, 19 і Маскоўскі пр-т, 20А) — найлепшая выпечка ў горадзе, мільён відаў піражкоў і добрая кава. А таксама абедзенныя сэты, усялякія розныя сандвічы і корн-догі.

Гастрапаб Roki

Гастрапаб Roki (Дзімітрава, 4) — rock-n-girll’s паб, як яны сябе называюць. Месца альтэрнатыўных канцыкаў і стэндапу. Тут можна выпіць аўтарскія настойкі (і не толькі), пад’есці фалафелю і згуляць на прыстаўцы Sega.

Coffee shop Ковер

Coffee shop Ковер (Суворава, 6) — сімпатычнае, атмасфернае месца з прыгожай кавай, дэсертамі і лёгкімі снэкамі. Хайлайт — дыван на сцяне.

«Пельменная»

«Пельменная» (Янкі Купалы, 12) — у плане дызайну памяшкання: месцейка для аматараў апусціцца на самае дно (як пішуць у водгуках, «установа саўковага тыпу»), аднак мае 4.8 балаў на гугл-мапах. Яго хваляць за ідэальны смак і не менш ідэальны кошт пельменяў, а яшчэ — за лакацыю і час чакання заказу (не больш за 5 хвілін).

«Хутка смачна»

«Хутка смачна» — настальгічны беларускі стрыт-фуд усё яшчэ мае рэзідэнцтва ў Віцебску. Ёсць шапік у самым цэнтры, на плошчы Свабоды, а найбліжэйшую да вас лакацыю можна знайсці на мапе.

Хутка смачна