Касцёл Святога Станіслава
Сам будынак касцёла размешчаны сярод сучасных дамоў і схаваны ад вачэй у зацішным закуточку. Гэта добрае месца, і яго сапраўды варта ўбачыць. Унутры захаваліся роспісы яшчэ 16 стагоддзя. Не так даўно, гадоў 5 таму, мусіць, тут з’явіўся арган, і цяпер у касцёле даволі часта можна паслухаць арганную музыку, а потым пагуляць у дворыку самога касцёла.
Драматычны тэатр
Фота 34travel
Насупраць касцёла Святога Станіслава месціцца адзін з найпрыгажэйшых будынкаў Магілёва. І хоць раней ён крыху па-іншаму выглядаў, але пасля рэстаўрацыі захавалася яго агульнае аблічча. А вось проста за тэатрам ёсць маленькі дворык з фантанам, дзе можна пасядзець на лаўках. Не так даўно там з’явілася музычная лавачка, на ёй можна пасядзець і паслухаць класічную музыку. Утульнае месца з прыгожым відам на тэатр.
Падземны пераход
Так, падземныя пераходы таксама могуць быць адметнасцю. У пераходзе, які знаходзіцца каля Ратушнай плошчы, на сценах размешчаныя фатаграфіі старога Магілёва, добрыя архіўныя здымкі, якія распавядаюць гісторыю горада ў храналагічным парадку. З гэтага падземнага пераходу можна выйсці проста да Дняпра, а потым прагуляцца да парка Падніколле. Парк быў заснаваны нядаўна, але там шмат дарожак, каб пакатацца на самакатах ці пагуляць з дзецьмі. Адтуль можна дабрацца да цэнтральнага пляжу і пагрэцца на сонейку.
Могілкі
Каталіцкія («Польскія») могілкі Магілёва прывабліваюць аматараў дзякуючы старым дрэвам, капліцам, грэка-каталіцкай царкве. Праваслаўныя («Машэкаўскія») захапляюць старымі пахаваннямі, раскіданымі сярод больш сучасных магіл. Напрыклад, тут можна знайсці вельмі вялікі дуб. А насупраць — габрэйскія могілкі, дакладней, тое, што ад іх засталося.
Адметныя раёнчыкі
- Аматарам мінскай Асмалоўкі можна параіць раён вуліцы Мянжынскага, толькі на ёй усё менш «прылізанае» і няма кавярняў.
- Яшчэ адно невідавочнае месца — раён Камісарыяцкага завулка. Хаатычны праз забудову (ёсць старыя дамы, ёсць закінутыя, ёсць сучасныя катэджы) і круты рэльеф дзякуючы рэчцы Дубравенцы.
- Квартал паміж Пажарным завулкам, Камсамольскай, Ленінскай і Першамайскай. Чаго там толькі не знойдзеш: і касцёл, і невялічкія дворыкі, і дамы з драўлянымі лесвіцамі.
- Аматарам прыроды можна параіць раён Пячэрскага возера з маляўнічымі сцежкамі ў лесапарку, тэніснымі кортамі і часам незвычайнымі сучаснымі катэджамі на вуліцы Клайпедскай.
Вуліцы і завулкі
- Вуліца Струшня носіць імя аднайменнага ручая, яна знаходзіцца ў яры і вельмі звілістая, а праз сам ручай на працягу вуліцы можна сустрэць шматлікія масткі.
- Возера Святое: варта наведаць не толькі гарадскі пляж, але і іншы бок возера, на якім ёсць вуліца Лізы Чайкінай і ажно 13 аднайменных завулкаў, на якіх сустракаюцца вельмі цікавыя будынкі.
- Праспект Шміта — гэта самая доўгая вуліца ў горадзе (больш за 10 км), на якой і знаходзіцца будынак з самым вялікім парадкавым нумарам — 300. У канцы праспекта — самая паўднёвая кропка, дзе вам правядуць экскурсію па смеццеперапрацоўчым заводзе.
- У мікрараёне Гарадшчына знаходзіцца цэлы шэраг вуліц, названых у гонар беларускіх паэтаў і пісьменнікаў — Андрэя Мрыя, Платона Галавача, Васіля Каваля, Анатоля Сербантовіча ды іншых.
- Дняпроўскія затокі — гэта запоўненыя вадой кар’еры, з якіх бралі грунт для новых мікрараёнаў на берагах Дняпра. Варта прагуляцца ўздоўж так званай Фацінскай затокі, каля заток за чыгуначным мостам, каб спазнаць Магілёў з розных бакоў.
Дзе падмацавацца
«Мир23»
Найлепшая кавярня Магілёва з утульным інтэр’ерам і смачнай еўрапейскай кавай. Тут ёсць дэсерты і сэндвічы — ласункі на любы густ, але мясцовыя любяць гэтае месца за прыемную атмасферу і душэўны персанал.
DaGrill
Стрыт-фуд бар з легендарнай смажанкай, рознымі сняданкамі, боўламі, рамэнамі і піца-бэйгламі.
«Рюмка»
Добрае месцейка на праспекце Міру: тут можна чаго-небудзь выпіць і паслухаць жывую музыку. Месца вельмі маленькае, але ўтульнае, і тут заўсёды збіраюцца класныя кампаніі.
«Эль Хаус»
Вялікі ірландскі паб, дзе смачна кормяць і пояць. Але самае галоўнае — гэта выступы кавер-бэндаў, якія граюць усімі любімыя песні — беларускія і замежныя.