Гiды

Што рабіць у Горадні. Невідавочны гід

Што рабіць у Горадні. Невідавочны гід

Каложская царква, воданапорныя вежы Кася і Бася, вуліца Савецкая, вялікая харальная сінагога — гэта тая Горадня, пра якую вам распавядуць і без нас. Сойка абляцела неафіцыйную сталіцу ВКЛ і прапануе арыгінальныя рэцэпты спажывання старажытнага места.

Мы пакажам, як можна прайсці маршрутамі Быкава, убачыць гравюру «Сапраўднае адлюстраванне горада Горадня ў Літве», пазахапляцца ўголас вынікамі працы француза ў Беларусі і не стаць пры гэтым экстрэмістам.

Месцы Васіля Быкава

Запісвайце тры адрасы (Вялікая Троіцкая, 28; Свярдлова, 18; Парыжскай Камуны, 9) і бярыце з сабою тры кнігі (напрыклад, «Cотнікаў», «Альпійская балада», «Знак бяды»). Па гэтых адрасах у Горадні жыў Васіль Быкаў, а гэтыя і многія іншыя творы ён напісаў менавіта тут. Калі дазваляе час, прапануем сесці на лаўку ля кожнага з дамоў і прачытаць хаця б па 10 старонак з твораў класіка. А каля дома на Свярдлова вы нават зможаце дакрануцца да дуба, які, як сцвярджаюць сваякі пісьменніка, ён сам пасадзіў. Хаця знаёмыя з Быкавым кажуць, што калі ён наведваў Горадню пасля пераезду ў Менск, больш любіў шпацыраваць уздоўж Вялікай Траецкай (у тыя часы — вуліца Кашавога), дзе прайшла яго маладосць. Міні-тур «Быкаў у Горадні» раім скончыць у музеі імя яшчэ аднаго класіка нашай літаратуры — Максіма Багдановіча (Першага Мая, 10). У Быкава ў Горадні быў свой музей (маленькі пакой на Савецкай, 31), але з цягам часу каля 600 экспанатаў пераехалі ў музей Багдановіча.

Дуб Быкава

Друкарня ў Старым замку

Калі ў нашым невідавочным гідзе мы прапануем наведаць Стары замак, адну з найбуйнейшых турыстычных лакацый Горадні, не спяшайцеся круціць пальцам ля скроні. Паўтара года таму ў адрэстаўраванай частцы замка пачала працаваць друкарня, у якой гісторык Андрэй Вашкевіч не толькі расказвае пра гравюры і паказвае працэс стварэння клішэ для гравіравання і падрыхтоўкі друкарскага станка да працы, але і кожнаму дае магчымасць адчуць сябе старажытным друкаром.

Вы зможаце надрукаваць гравюру з выявай Горадні ці партрэт караля, а на памяць атрымаеце падарунак у выглядзе гэтай гравюры на паперы. Замацаваць уражанні можна звычайнай экскурсіяй па залах Старога замка, дзе можна знайсці гравюры Ганса Адэльгаўзера і Маціяса Цюндта «Сапраўднае адлюстраванне горада Горадня ў Літве» і Томаша Макоўскага «Горадня». Калі зберацеся ў друкарню, памятайце, што патрэбна загадзя запісацца па тэлефоне: +375 (152) 71-86-95.

Аптэка, якая бачыла падзелы Рэчы Паспалітай

А вы ведалі, што першая аптэка ў Горадні, якая адкрылася ў 1687 годзе, працуе і сёння? Толькі ўявіце, што крыху больш за 100 гадоў да яе адкрыцця яшчэ жыў Парацэльс — адзін з галоўных рэфарматараў медыцынскай навукі. Праўда, менавіта гэтае памяшканне было пабудавана крыху пазней, у 1709-м, але гісторыя ад гэтага менш прыгожай не становіцца. Зараз тут існуе аптэка і экспазіцыйная зала, падзеленая на тры часткі: у першай узноўленая травяная лабараторыя, у другой зроблены фрагмент рэцэптурнай залы ХІХ-ХХ стагоддзя, у трэцяй вы давецаецеся пра эвалюцыю медыцыны — як мянялася фармацэўтыка, уяўленні лекараў, метады лячэння.

Ну і галоўнае, чаму варта сюды заехаць. Уявіце, што сябар пытаецца, навошта вы едзеце ў Горадню. Адкажыце, што едзеце ў аптэку, і паглядзіце на выраз яго твару. Калі позірк стане крыху звар’яцелым, дабіце жарт прапановай прывезці яму нешта з лекаў.

Першая беларуская навучальная ўстанова і сад Жылібера

Дарэчы, аптэка з мінулага пункта ў свой час належала Медыцынскай акадэміі. Гэта першая навучальная ўстанова на беларускіх землях, якую заснаваў доктар медыцыны, прафесар анатоміі, хірургіі і прыродазнаўства Ліёнскага медыцынскага каледжа Жан Эмануіл Жылібер, які прыехаў сюды на запрашэнне графа Антоні Тызенгаўза. Свой дзесяцігадовы кантракт ён адпрацаваў спаўна: акрамя адкрыцця медыцынскай навучальнай установы (таксама і ветэрынарнай) і выкладання там, ён займаўся лекарскай практыкай, напісаў падручнік па ветэрынарыіі, даследаваў беларускую прыроду і нават разбіў батанічны сад для навучальных патрэбаў школы. І фактычна школьны сад з цягам часу стаў лічыцца аднім з найлепшых у Еўропе!

Зараз парк аднаўляецца, у ім з’яўляюцца прыгожыя расліны з рэдкімі ў нашых краях імёнамі: гінкга білоба, вярба хакура нішыкі, дэйцыя шурпатая, сібірскія кедры, дрэвападобныя півоні, чырвоныя дубы, цюльпанавае дрэва, агрэсіўны сумах. Так што калі вас спытаюць, што вам прывезці з Горадні, проста прасіце дэйцыю шурпатую.


R.Alishkevich

Сінька і Зялёнка

Калі ад шпацыру па Горадні вы атрымалі шмат чаго для душы, але нічога для старонкі роднай у інстаграме, на адваротным шляху абавязкова наведайце Сіньку і Зялёнку — незвычайныя азёры смарагдавага і блакітнага колераў, якія знаходзяцца пад Горадняй, каля вёскі Пышкі. Туды нават ходзіць грамадскі транспарт. Насамрэч гэта тыповая для Беларусі гісторыя крэйдавых кар’ераў, якія не былі засыпаныя пасля здабычы крэйды, а паступова запоўніліся вадою. Купацца тут катэгарычна забаронена, але ніхто не перашкодзіць знайсці ракурс, фота з якога можна падпісаць у сацсетках: «Зганялі на міжземнамор’е».

34travel

Бары «Урбаніст» і «Cон»

Ведаеце, як адрозніць сапраўднае ад турыстычнага? Спытайцеся мясцовых, ці карыстаюцца яны гэтым. Мы спыталі, дзе можна смачна паесці і ўвогуле прыемна адпачыць пасля дня вандровак. Гарадзенцы ўпэўнена адказалі: бар «Урбаніст» і веганскі бар «Cон».

У першым раяць з’есці смачны сэндвіч і запіць сідрам, які лічыцца адной з асноўных фішак бара. Наведнікі таксама захапляюцца працай бармэнаў, якім дастаткова, напрыклад, сказаць: «Хачу кіслае», і яны толькі па гэтых дадзеных зробяць так, як вы і жадалі.


Госці другога бара дзякуюць персаналу за выдатнае веганскае меню, абрыкосава-міндальную настойку, дызайн інтэр’ера і майстэрства бармэнаў. Па водгуках турыстаў, шкадаванне толькі адно: позна пра бар даведаліся. Таму мы згулялі на апярэджанне і зрабілі рэкамендацыю, калі вы яшчэ толькі збіраецеся ў Горадню. Спадзяемся, нашыя парады паскораць працэс.