Гiды

Па самыя памідоры: 5 таматных рэцэптаў

Па самыя памідоры: 5 таматных рэцэптаў

Калі ў сне вы пабачылі спелыя «залатыя яблыкі», лічыце, што гэта да новага кахання ці ўдалага спаткання. Але калі кошык з памідорамі стаіць на вашай кухні, прыйшоў час пераўвасобіцца ва ўласную бабулю і зрабіць нарыхтоўкі на зіму — пакуль гэтая агародніна ў самым смаку. Узгадаеце Сойку з удзячнасцю, калі за вакном усходзіцца завея, а вы зможаце адкрыць свой уласны слоік з летам.

Салат з зялёных памідораў

Гэты пяшчотны салат — удалая партыя і для веганскай пасты, і для печанага мяса.

Што ўзяць:

  • 3 кг зялёных памідораў;
  • 1,5 кг морквы;
  • 1,5 кг цыбулі;
  • 6 ст. л. цукру;
  • 3 ст. л. солі;
  • 350 мл сланечнікавага алею;
  • 0,5 л таматнага соўсу.

Як гатаваць:

  1. Памідоры і цыбулю рэжам дробнымі кубікамі. Моркву націраем на «бурачную» тарку.
  2. Робім марынад: змешваем соль, цукар, алей і таматны соўс. На невялічкім агні даводзім да распускання цукар і соль.
  3. Аб’ядноўваем марынад з агароднінай і пакідаем тушыцца на павольным агні на 50 хвілін. Перыядычна памешваем.
  4. Стэрылізуем чыстыя слоікі, затым раскладваем у іх гарачы салат і закатваем.

Таматы-канфі з чаборам

Таматы-канфі адрозніваюцца ад вяленых больш далікатным смакам праз адсутнасць скуркі.

Што ўзяць:

  • памідоры (лепей — «сліўкі»);
  • свежы чабор;
  • размарын (свежы ці сушаны — які больш падабаецца);
  • неабабраны часнок;
  • свежамолаты чорны перац;
  • аліўкавы алей;
  • соль;
  • цукар.

Колькасць таматаў, зёлак, часнаку і перцу бярэм на ўласнае жаданне і магчымасці.

Прыклад прапорцый: для 16 сярэдніх памідораў спатрэбіцца не менш за 2 буйныя галоўкі часнаку і па адной сталовай лыжцы цукру і солі.

Як гатаваць:

  1. Чысцім памідоры ад скурак: на кожным робім неглыбокія крыжападобныя надрэзы каля «носіка» і пладаножкі. На 40 секунд заліваем таматы кіпнем, а потым дастаем шумоўкай — скурка лёгка здымецца.
  2. Разразаем памідоры на палавінкі, дастаем насенне.
  3. У глыбокую міску выкладваем памідоры, спырскваем іх алеем, дадаем цукар, соль і перац. Лёгенька падтрасаем, каб інгрэдыенты змяшаліся.
  4. Разаграем духоўку да 120–130 градусаў. Змазваем бляху алеем. Выкладваем на яе памідоры ў адзін слой. Зверху на таматы дадаем чабор, размарын і даўленыя нажом зубцы часнака. Ставім бляху ў духоўку на 3–4 гадзіны.
  5. Выкладваем памідоры ў чысты слоік, заліваем якасным аліўкавым алеем і закручваем.

Захоўваем у лядоўні.

Памідоры з цыбуляй у жэле

Што ўзяць (на 4 літровыя слоікі):

  • памідоры;
  • цыбуля;
  • 4 ст. л. жэлаціну;
  • 3,5 ст. л. цукру;
  • 1,5 ст. л. солі;
  • 4 ст. л. сланечнікавага алею;
  • 4 ст. л. 9%-га воцату;
  • 1 л кіпню.

Як гатаваць:

  1. Шклянкай вады заліваем жэлацін, размешваем і пакідаем да разбухання хвілін на 25.
  2. Памытыя памідоры рэжам на 4 часткі альбо тоўстымі кольцамі. Цыбулю — паўкольцамі ці кольцамі (лепей, калі цыбуля парэзаная буйна — смак больш выразны).
  3. У чыстыя слоікі слаямі закладваем памідоры і цыбулю. Прапорцыі адвольныя. У кожны слоік дадаем па 1 сталовай лыжцы алею і воцату.
  4. Змешваем чыстую і «жэлацінавую» ваду. Ставім на сярэдні агонь і памешваем, пакуль жэлацін цалкам не распусціцца. Пасля гэтага акуратна заліваем вадкасць у слоікі.
  5. Стэрылізуем слоікі ў вадзе хвілін 5–10, затым закатваем і пераварочваем закуску да поўнага ахалоджвання.

Таматны соўс з перцам

Што ўзяць:

  • 3 кг памідораў;
  • 6 сярэдніх балгарскіх перцаў;
  • 6–7 буйных зубкоў часнаку;
  • 180 гр цукру;
  • 1,5 ст. л. солі.

Як гатаваць:

  1. Агародніну абабраць, усё дробна нарэзаць. Часнок прапусціць праз часночніцу.
  2. Падрыхтаваную агародніну перамяшаць з цукрам і соллю ў вялікім рондалі. Варыць на павольным агні 40 хвілін, пастаянна памешваючы.
  3. Раскладваем гарачы соўс у стэрылізаваныя слоікі, закатваем і пераварочваем да таго часу, пакуль слоікі не стануць халоднымі.

Кексы з вяленымі таматамі

Што ўзяць:

  • 60 гр вяленых таматаў;
  • 150 гр мукі;
  • 100 мл алею;
  • 100 мл малака;
  • 3 яйкі;
  • пучок свежага базіліку;
  • 1 ч. л. разрыхляльніку;
  • 0,5 ч. л. вэнджанай папрыкі;
  • 0,5 ч. л. сушанага размарыну;
  • чорны перац і соль на смак.

Як гатаваць:

  1. Духоўку разаграем да 180 градусаў.
  2. Абмыты і абсушаны базілік і таматы наразаем.
  3. Яйкі ўзбіваем з соллю, папрыкай, перцам і размарынам.
  4. Дадаем малако і алей, перамешваем міксерам.
  5. Прасейваем муку з разрыхляльнікам у вадкую сумесь і нядоўга ўзбіваем. Затым кладзем таматы з базілікам і перамешваем.
  6. У сіліконавыя формачкі на 2/3 аб’ёму лыжкай накладваем цеста (з прыведзенай колькасці інгрэдыентаў атрымліваецца 9–10 кексаў). Ставім бляху з формачкамі ў сярэдзіну духоўкі хвілін на 20–25. Выпякаем да карамельнага колеру.