Сэміфрэда з ягадамі
Сэміфрэда з ягадамі ад Smačnaja Mova
Што ўзяць:
- 500 мл вяршкоў 35%
- 180 гр цукру
- 5 яечных жаўткоў
- 1 ст.л. жэлаціну
- 100 гр малінаў
- 100 гр ажынаў
- 200 гр трускавак або чарніцаў (для каляровага слою)
- жменя фісташак
- 100 гр улюбёнага печыва ці дамскіх пальчыкаў (Саваярдзі)
Як гатаваць:
- Вяршкі ўзбіць міксерам с паловай цукру (90 гр) да густаты. Паставіць у лядоўню. Жаўткі злучыць з рэштай цукру, узбіць венчыкам і паставіць на вадзяную лазню, працягваючы ўзбіваць, пакуль жаўткі не загусцеюць і не стануць гарачымі (але не даводзьце да кіпення). Пасля ўзбіць, пакуль не павялічацца ўдвая ў аб’ёме. Злучыць жаўткі з вяршкамі, добра перамяшаць.
- У невялікім рондалі злучыць жэлацін з 3 ст.л. вады. На сярэднім агні мяшаць, пакуль ён не растопіцца і не закіпіць. Потым дадаць у вяршкі, перамяшаць. Аддзяліць 1/4 частку вяршкоў. Трускаўкі або чарніцы ўзбіць блэндарам у пюрэ і злучыць з гэтымі вяршкамі, атрымаецца каляровая маса.
- Форму для сэміфрэда (можа быць звычайная для кекса-хлеба) заслаць плёнкай. Выліць палову белых вяршкоў, зверху — маліны, ажыны і фісташкі, а на іх — астатнія вяршкі, і пасля — печыва. І зверху заліце ўсё каляровымі вяршкамі. Накрыйце плёнкай і пастаўце ў маразільню на 8-10 гадзін.
Тарт са слівамі
Тарт са слівамі ад Годны кекс
Што ўзяць:
- 200 гр мукі
- 100 гр халоднага масла
- 30-50 гр цукру
- 1 яйка
- Соль
- 2-3 ст.л. халоднай вады
- 500 гр сліваў
- Карыца або іншыя спецыі
- Трошкі кукурузнага крухмалу
Заўвагі:
- Цеста можна рабіць без цукру або дадаць на свой густ.
- Спецыі можна выкарыстоўваць таксама на свой густ: карыца, імбір, гваздзіка, кардамон або іх сумесь.
- Слівы па жаданні можна пасыпаць зверху цукрам, калі не любіце кіславатыя ягады і садавіну ў выпечцы.
Як гатаваць:
- Муку, цукар, соль і масла перацерці ў крошку, рукамі або блэндарам. Дадаць яйка. Размяшаць. Уліць ваду. Хутка замясіць цеста. Пакласці ў пакеце ў лядоўню.
- Са сліваў дастаць костачкі і нарэзаць на чацвярцінкі.
- Цеста расцягнуць, утвараючы невялікія борцікі, па форме, змазанай маслам. Прысыпаць кукурузным крухмалам.
- Выкласці слівы. Зверху пасыпаць спецыямі.
- Выпякаць 40 хв пры 180 градусах. Наразаць лепш цёплым ці халодным (не гарачым), каб трошкі застыў сок ад сліваў.
Ягадны крамбл
Ягадны крамбл ад yana_kavaliova (vegan)
Што ўзяць для начынкі:
- 500 гр свежых ягад (дурніцы+парэчкі+маліны ці іншыя)
- 1 персік/банан або пара сліў
- 3 ст. л. сіропу тапінамбуру / карычневага цукру
- 1 ст. л. соку цытрыны
Наразаем персік ці банан кубікамі. Змешваем ягады, садавіну, сіроп/цукар і сок цытрыны. Паступова выкладваем у шкляную/керамічную форму.
Для цеста:
- Фундук 40 гр
- Рысавая мука 50 гр
- Мука з зялёнай грэчкі 50 гр
- Какосавы алей нерафінаваны 40 гр
- Сіроп тапінамбуру 3 ст. л.
Як гатаваць:
- Фундук злёгку абсмажваем на сухой патэльні і па магчымасці чысцім. Дробна мелем у кавамолцы.
- Змешваем у місцы рысавую і муку з зялёнай грэчкі, какосавы алей і сіроп.
- Дадаем фундук і расціраем цеста рукамі. Атрымліваецца рассыпістая крошка.
- Гэтай крошкай раўнамерна пасыпаем ягадны пласт.
- Выпякаем 20 хвілін на 180 градусах або пакуль ягады не дадуць сок, а скарыначка зарумяніцца.
- Раскладваем па талерках або ямо лыжкай адразу з формы.
Галета з персікамі і клубніцамі
Галета з персікамі і клубніцамі ад greenmom_in_the_kitchen (без глютэну)
Што ўзяць для цеста:
- 400 мл мукі (у роўных частках — нутавай, аўсянай, пшоннай, выбірайце 2 ці 3 гатункі)
- 200 мл кіпню
- 1 ст.л. сіропа тапінамбуру
- 1 ст л. урбечу (напрыклад, кунжутнага)
- ½ ч.л. соды (лепей арганічнай)
- 1 ст.л. лімоннага соку
Для начынкі:
- 7-8 ч.л. насення чыа
- 4 персікі
- Клубніцы
Як гатаваць:
- Прасеяць муку і перамяшаць з содай. Заліць кіпень, сіроп, урбеч, лімонны сок і замясіць цеста. Пры неабходнасці дадаць яшчэ крыху мукі. Скатаць цеста ў шар і пакінуць у лядоўні на 30 хвілін.
- Раздзяліць цеста на тры-чатыры роўныя часткі. Раскачаць кожную частку ў круг таўшчынёй 5 мм.
- У сярэдзіну круга насыпаць тонкім слоем насенне чыа. Яно будзе ўбіраць у сябе сок ад ягад і садавіны. Зверху выкласці ачышчаныя і нарэзаныя долькамі персікі і нарэзныя клубніцы. Па жаданні прысыпаць какосавым цукрам ці паліць сіропам тапінамбуру (альбо паліць гатовую галету мёдам).
- Выкладваць начынне трэба так, каб застаўся свабодны край цеста прыкладна ў 3 см. Заляпіць край галеты і выпякаць у духоўцы 20 хвілін на 200 градусах.
Ягадны ёгурт з зялёнай грэчкі
Ягадны ёгурт з зялёнай грэчкі ад zavtrak_s_veganom (vegan)
Што ўзяць:
- 5 ст.л. загадзя замочанай/прарошчанай зялёнай грэчкі
- 50 мл расліннага малака (без цукру і кансервантаў)
- 2 ст.л. молатага насення льну
- банан
- кубак свежамарожаных ягад/садавіны
Як гатаваць:
- Зялёную грэчку загадзя варта прамыць і замачыць на 2-3 гадзіны.
- У блэндар кладзем грэчку, насенне льну, свежамарожаныя ягады/садавіну, расліннае малако, банан.
- Старанна ўзбіваем. Кансістэнцыю рэгулюем з дапамогай малака.
Ружовы смузі-боўл
Ружовы смузі-боўл ад Alesia Footblog
Што ўзяць:
- 200 гр сметанковага сыру
- 300 гр + жменя малінаў
- 5 шт трускавак
- Жменя дурніцаў
- Мята
Як гатаваць:
- Адпраўляем у блэндар сметанковы сыр і 300 гр малінаў — блэндзім да стану мусу, выкладаем у міску.
- Дадаем нарэзаныя трускаўкі, дурніцы і пару малінаў.
- Упрыгожваем мятай.