Кітайскія кветкі снегу
Першымі незвычайны кшталт сняжынкі заўважылі кітайцы — пра снежныя крышталікі з шасцікротнай сіметрыяй напісаў тагачасны навуковец Хан Ін: «Кветкі раслінаў і дрэў звычайна пяціканцовыя, але кветкі снегу заўжды маюць шэсць канцоў». Не спяшайцеся смяяцца з гэтага тэзісу — гэта пісалася ў 135 годзе да нашай эры, то бок, фактчэкінг быў вельмі абмежаваны.
Паколькі пошук дасканаласці — справа не толькі навукоўцаў, а таксама паэтаў, сіметрыя сняжынак спрадвеку вабіла і майстроў літаратурнай справы. Кітайскі паэт Сяо Тун ужо ў VI стагоддзі вершаскладаў: «Румяныя аблокі плывуць па чатырох частках блакітнага неба. І белыя сняжынкі распускаюць свае шасціпялёсткавыя кветкі». Вы не гэты верш распавядалі пад ялінкай на ранішніку?
Зіма ў Еўропе
Прайшло амаль дзесяць стагоддзяў, пакуль думка даследаваць сняжынку крыштальным ззяннем азарыла еўрапейцаў. У 1555 годзе скандынаўскі біскуп Олаўс Магнус напісаў, што бачыў яе — праўда, у самой сняжынцы яму паказаліся контуры кветак і стрэлак, і чалавечых рук. Ангельскі астраном Томас Харыят хіба валодаў менш магічным мысленнем, бо ўрэшце зафіксаваў бездакорную шасціканцовую сіметрыю прышэльца з нябесных вышыняў.
Сур’ёзна ж за снежны шматочак у XVII стагоддзі ўзяўся французскі матэматык і філосаф Рэнэ Дэкарт. Падрабязнае апісанне шасцікутнага крышталіка ўвайшло ў яго навуковую працу па надвор’і і метэаралогіі Les Météores. Іншы навуковец, немец Ёган Кэплер напісаў цэлы трактат, дзе даказваў, што сняжынка, у адрозненне ад кветкі, — нежывая. Твор падаўся Кэплеру настолькі бліскучым, што ён нават падарыў яго рымскаму імператару Рудольфу ІІ на Каляды.
Сняжынка, зараз вылеціць птушка!
У 1885-м, калі аўтар беларускага хіта «Сняжыначкі-пушыначкі» Змітрок Бядуля толькі вучыўся размаўляць, у нашай гераіні здарылася першая ў гісторыі фотасэсія. Сын амерыканскіх фермераў Уілсан Бэнтлі сфатаграфаваў яе на чорным аксаміце, спалучыўшы фотааб’ектыў і мікраскоп. Фактычна менавіта сняжынка стала сэнсам жыцця Бэнтлі, за што Вікіпедыя наогул называе яго Уілсан «Сняжынка» Бэнтлі: усе свае 60+ гадоў ён прысвяціў самотным здымкам снежных крышталікаў у сябе на ферме і памёр ад пнеўманіі, выкліканай доўгай працай на марозе.
Big in Japan
У 1930-я справа ледзянога шасцікутніка выйшла на якасна новы ўзровень. Сняжынкамі заняўся японскі фізік Укішыра Накая, ён гэтак пагрузіўся ў вывучэнне працэсу сняжынкаўтварэння, што заснаваў лабараторыю нізкіх тэмператураў, дзе пачаў вырабляць свае ўласныя, штучныя сняжынкі. Сёння стварэнне штучных сняжынак балансуе на памежжы навукі і дызайну, бо якому ж навукоўцу не хочацца адчуваць сябе мастаком ды першастваральнікам?
Сняжынка, або сняжына
Але самую гіганцкую сняжынку ўсё ж стварыла прырода. Яшчэ ў XIX стагоддзі завялася мода хваліцца тым, што бачыў «самую вялікую сняжынку» — то памерам з талерку, то яшчэ большую. Снежны шматок дыяметрам 38 сантыметраў быццам бы бачылі ў 1887-м у амерыканскім штаце Мантана. Яго нават занеслі ў Кнігу рэкордаў Гінэса, праўда, без фота. Паводле відавочцаў, крышталік быў «памерам з рондаль для малака».
Пазней, верагодна, у людзей з’явіліся новыя нагоды для дзіўнага самахвальства, і больш сняжынак-акселератак не фіксавалі. Разам з тым, навукоўцы не сумняюцца, што пры спрыяльных умовах сняжыны могуць дарастаць да 5-15 сантыметраў.
Пакаленне Snowflake
Нягледзячы на пушысты вобраз з дзяцінства, калі вас назавуць сняжынкай сёння, не спяшайцеся дзякаваць сваёй халоднай дасканаласці. Тэрмін snowflake у дачыненні да асобы ў англамоўным свеце — гэта досыць прыніжальная іронія, якая да таго ж мае палітычную афарбоўку. Сняжынкамі называюць людзей лева-ліберальных поглядаў, гіперадчувальных да любой несправядлівасці, якія шмат пратэстуюць, лёгка абражаюцца і не талеруюць адрознага меркавання.
У дачыненні да міленіялаў (народжаных паміж 1981 і 1996 гадамі) таксама ўжываецца тэрмін «пакаленне сняжынак». У слоўніку Collins пішуць чорным па белым: «Гэта пакаленне людзей, што сталі дарослымі ў 2010-я, і лічацца менш устойлівымі і больш схільнымі да крыўдаў, чым іхныя папярэднікі».
Час выцінаць
Калі вам надакучыла чытаць пра сняжынкі, замест таго, каб ляпіць снегавікоў, выпраўляйцеся на мароз са свежымі ведамі. Памятайце, што ў адной галаве вашага снегавіка будзе мясціцца каля 350 мільёнаў сняжынак. Прынамсі, такая іх колькасць у адным кубічным метры снегу.
Калі ж снегу на дварэ недастаткова, цяпер найлепшы час, каб заняцца выразаннем і наклейваннем сняжынак на вокны. Нават калі сёлета вы не надзенеце строй сняжынкі, прынамсі адзін складнік святаў з дзяцінства з’явіцца ў нашых кватэрах. Хаця выцінанка як від творчасці — рэч традыцыйна беларуская, гісторыя вырабу карункавай прыгажосці з паперы ізноў сіметрычна вяртае нас туды, адкуль і пачаўся наш аповед.
І вось мы ў Кітаі, на вуліцы II стагоддзе нашай эры, папера яшчэ вельмі дарагая, таму выразае з яе пакуль толькі знаць…