Як зразумець, што ты слухаеш пост-панк
Межы жанраў і стыляў у эпоху пост- і метамадэрну размытыя, але ёсць некалькі музычных рысаў, якія апошнім часам прыпісваюць пост-панк гуртам.
- Вінтажны саўнд з адсылкай да 80-х — пачатку 90-х. Часам робяць адмысловую апрацоўку запісаў, каб гучала, як касета ў старой магнітоле.
- Замест жывых барабанаў постпанкеры любяць выкарыстоўваць драм-машыну, але нават калі ў гурце ёсць бубнач-чалавек, то гук саміх бубнаў робяць падобным да электронных.
- Часцей за ўсё да ўласна пост-панку адносяць гурты, дзе чэшуць на гітарах. Напрыклад, меланхалічныя зацыкленыя мелодыі з чыстым, не скажоным гукам і эфектам delay — па-сутнасці, рэхам. Бас-гітара вядзе манатонную, даволі простую, але ў ідэале запамінальную партыю.
- Калі чуваць больш рознага кшталту сінтэзатараў, якія граюць і адрывісты бас, і сольныя халодныя ды рамантычныя мелодыі, то перад вамі хутчэй за ўсё new wave, або ягоная сучасная больш адстароненая рэінкарнацыя — cold wave. А калі ўсё гучыць бліжэй да поп-музыкі, то вітайце synth wave. Вядома ж, усе гэтыя хвалі перамешваюцца, накладаюцца адна на адну, і ўцяміць, дзе які wave сканчаецца, а дзе пачынаецца наступны, не заўсёды проста.
- Звычайна пад гэтую музыку добра хадзіць па шэрым горадзе, ехаць пад дажджом па трасе або танчыць нездаровыя, крыху эпілептычныя і змрочныя танцы.
- Вакал можна браць любы: ад нізкіх манатонных а-ля цоеўскіх (ці кёрцісаўскіх) рэчытатываў, прыпанкаваных нервовых мармытанняў і выкрыкаў да прыгожа праспяваных поп-мелодый у стылі Depeche Mode i Cure.
- Але ўсё гэта проста сродкі для стварэння «той самай» прыцягальнай, трохі цёмнай атмасферы, кактэйлю з настальгіі, меланхоліі, глыбока прыхаваных эмоцый, траўмы, дэпрэсіі, абыякавасці, сацыяфобіі, іроніі, але разам з тым кахання і надзеі на лепшае.
Найлепшы беларускі пост-панк
ULIS — Пакуль спяваю
Ці не першы беларускі гурт, які граў пост-панк у 80-х, уласна ў эпоху, калі гэтая музыка была новай і сучаснай, а не рэвайвал-гульнёй сучаснай моладзі.
AKUTE — Цішыня
Відаць, першыя, хто з новых музыкаў пачаў рабіць музыку з адсылкай да пост-панку менавіта на беларускай мове. Пачуццёва і магічна.
Super Besse — Kamni i Les
Эталонны сучасны пост-панк і колдвэйв «з Усходняй Еўропы». Адразу забірае і прымушае супер бессэнсоўна хадзіць па разбітым асфальце гарадскіх ускраін.
Nürnberg — Himn
Гімн маладосці ад самага папулярнага на Spotify беларускамоўнага гурта. Песня з іпішкі 2023 года, якая адлюстроўвае змены ў гучанні дуэта — ад гітар да сінтоў.
chvali — Viecier
Зусім свежыя мальцы, якія дэбютавалі ў 2023 годзе двума сінгламі: па-ангельску і па-беларуску. Просты і ўчэпісты прыпеў на месцы, а што для такой музыкі яшчэ трэба?
Polyn — Ostanovka
Нават калі ўсю творчасць гурта нельга аднесці да пост-панку, але ў некаторых трэках пралазіць, куды ад яго не ўцякай. Знаёмы голас Іллі Чарапко-Самахвалава прамаўляе ці то прароцтва, ці то пажаданне.