Падняць сваю ангельскую
За пару месяцаў перайсці з А2 на В1 цалкам рэальна — пры наяўнасці матывацыі або проста таму, што гэта прыгожа. Напачатку сапраўды дапаможа аплікацыя Duolingo, але калі хочацца свабодна размаўляць і спасцігаць вышэйшыя ўзроўні, лепей выбраць заняткі побач з домам або анлайн (на платформе Italki ці падобнай). Запісаўшыся на анлайн-курсы Наталкі Харытанюк, вы падпампуеце не толькі ангельскі вакабуляр, але й пашырыце светапогляд ды наогул расправіце крылы. Улетку харызматычная беларуская пісьменніца ды настаўніца набірае дзве групы: Vocabulary Boost пачынаецца 20 ліпеня, Intellectual English — 28 ліпеня.
Прайсці курс па самаклопаце і самападтрымцы
Ініцыятыва ProWomen By яшчэ раней выпусціла серыю бясплатных курсаў па бізнэсе і працы: для тых, хто хоча перайсці ў фрыланс, хто прасоўвае бізнэс у сацсетках, хто стварае стратэгію развіцця бізнэсу, а нядаўна да іх дадаліся тры курсы пра self care: навыкі для жыцця і працы, асабістая ўстойлівасць у часы нявызначанасці і першая дапамога ў эмацыйны шторм. Курсы можна праходзіць асобна або адзін за адным. Пасля рэгістрацыі доступ будзе адкрыты на 30 дзён.
Навучыцца ганчарству
Калі мы робім нешта сваімі рукамі, гэта дапамагае зазямліцца і здымае трывожнасць. Ляпіць нешта з гліны — увогуле глабальная метафара і проста ледзьве не стварэнне сусвету, вы адчуваеце матэрыял і пераўтвараеце яго ў нешта зусім новае, а па выніку атрымліваеце асалоду ад працэсу і часам нешта карыснае для дому або на падарунак сябрам. Разавыя майстар-класы або цэлыя курсы можна знайсці паўсюль, дзе ёсць майстры. Напрыклад, у Менску навучыцца ганчарству можна ў школе «Колокол» або пры музеі ў Дудутках, а ў Варшаве такія ёсць у брэнда «Спеў зямлі».
Усё ж такі пайсці ў ІТ
Хоць сёння гэта і перастала быць такой залатой жылай, як было гадоў пяць таму, калі гэта засталося вашай марай — чаму б не паспрабаваць. У Менску, Горадні, Гомелі і Берасці або дыстанцыйна можна выбраць з дзясяткаў курсаў у IT-Academy, а на адны з самых папулярных кірункаў — аўтаматызаванае тэставанне і вэб-распрацоўка на Java — усё яшчэ можна запісацца на трэнінгі ад Epam. А калі не палохае англамоўнае анлайн-навучанне — тоны варыянтаў ёсць на Coursera (вядома, там не толькі пра IT — гэта ці не самы вялікі збор курсаў у свеце на ангельскай мове).
Навучыцца варыць піва
Для тых, хто любіць бачыць матэрыяльныя вынікі сваёй працы, яшчэ ёсць піваварства. Каб завесці свой маленькі бровар, не трэба быць графам Чапскім — вымогі да прасторы не надта шалёныя, зрэшты, як і да іншага абсталявання. Для тых, хто чытае па-ангельску (або ведае, дзе націснуць у браўзэры для аўтаматычнага перакладу), Сойка знайшла найлепшы ў свеце курс па броварстве — ад першых крокаў да больш прасунутых рэцэптаў — ад The Homebrew Academy. Так што калі вы задумваліся пра тое, каб стаць акадэмікам, магчыма, вам сюды.
Прайсці курс першай дапамогі
Адмыслоўцы з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя падлічылі, што амаль 60% смерцяў ад траўмаў можна было б прадухіліць, калі б на месцы быў чалавек, які ўмее аказваць першую дапамогу. Неадкладная дапамога патрэбная ў 65% ДТЗ, пытанне часта ў тым, як хутка яна апынецца на месцы. Факт: аказваць першую дапамогу вучаць на курсах кіравання аўто, аднак, як сведчыць статыстыка, толькі 5% еўрапейцаў упэўненыя ў сабе ў выпадку, калі адбываецца нешта нечаканае. Стаць патэнцыйным супергероем можна ў «Тэрыторыі дапамогі» за 1-2 дні (асноўны курс складае 8-16 гадзінаў). У школе Ready можна запісацца на больш спецыялізаваныя заняткі — напрыклад, навучыцца аказваць першую дапамогу дзецям.
Прайсці курс самаабароны
Ніводзін супергерой не ўратаваў бы свету, калі б не ўмеў пастаяць за сябе. А паколькі свет зараз выглядае так, нібы хутка спатрэбіцца паратунак, замест танцаў на пілоне і малявання карцінаў па лічбах можна абраць базавы курс давання здачы. Курсы самаабароны бываюць на розны густ, кішэню ды гугл-лакалізацыю. У Менску можна паспрабаваць летнія наборы на краў-магу або курс з 10 заняткаў па самаабароне ў клубе Voron. Прапанова Сойкі актуальная аднолькава для мужчынаў і для жанчынаў (для жанчынаў, магчыма, нават больш). Апроч прыёмаў і фізічнага тонусу, курсы самаабароны даюць упэўненасць у сабе і рыхтуюць да нанясення ўдару, калі без удару ўжо не абысціся.
Асвоіць сучаснае мастацтва
Калі прага да цудоўнага вялізная, але ў прасторах з сучасным артам вас атакуе востры боль неразумення і стадыя адмаўлення, для вас руплівыя беларускі стварылі мастацкую платформу Maramora. Тут ёсць аўтарскія курсы для разумення мастацтва і візуальнай мовы. Курс «Сучаснае мастацтва як крэатыўны метад» складаецца з 10 відэакастаў і ахоплівае асноўныя этапы і накірункі сучаснага мастацтва як з’явы. Для кожнага відэа дадаюцца практычныя заняткі, якія дапамогуць паспрабаваць сябе ў выбраных тэхніках: калаж, дэкалаж і г.д. Курс можна аплаціць, спампаваць і спажываць у сваім тэмпе на сваёй прыладзе. Тым часам Сойка раіць раз-пораз заходзіць на Марамору, каб сачыць за абнаўленнямі, бо курсаў абяцаюць шмат і розных.