Размовы

Не ісці ў IT

Заснавальнік Dev.by пра аварыю сацыяльнага ліфта

Не ісці ў IT

Малюнак Ксеніі Лагавой

Шанцуе айцішнікам. У іх заўжды ёсць грошы і гаджэты, іх праца падарожнічае разам з імі, а эміграцыя для іх — проста рэлакацыя. Перад тым як памяняць прафесію і знайсці працу беларускай мары, Сойка пракансультавалася са стваральнікам галоўнага беларускага парталу ў IT Арцёмам Канцавым. Вось асноўныя тэзісы і інсайды, якія прымусяць вас задумацца.

Спойлер: магчыма, нас там цяпер ніхто не чакае.

Бурбалка лопаецца

Зараз, напэўна, нашмат менш сэнсу пераходзіць са сваіх прафесіяў у IT. Час, калі на аднаго чалавека ў гэтай сферы было 10-15 вакансіяў, скончыўся. Вялікі попыт, вялікі рост, хуткія кар’еры — гэта ўсё ў мінулым. 

Быў бум, надзьмулася бурбалка, потым яна здзьмулася. Было вельмі шмат «кавідных» грошай, якія друкавалі дзяржавы, перадусім ЗША. Грошы ішлі на фондавы рынак, траплялі да ІТ-кампаніяў. Зараз гэтыя грошы скончыліся, і ІТ кампаніі звальняюць супрацоўнікаў, прычым гэта тычыцца не толькі джуніёраў, але і сеньёраў, чые заробкі сапраўды высокія.

Лішнія спецыялісты

Розныя курсы падрыхтавалі вялізную колькасць «спецыялістаў», і цяпер ім сапраўды цяжка. Я чуў, што адна ІТ-кампанія ў Беларусі абвесціла стажыроўку і атрымала 600 заявак ад ахвотных. І нават калі часы былі лепшымі, ва ўмоўным 19-м годзе, ужо было не так лёгка знайсці працу па прафесіях, у якія лёгка ўвайсці і якім, умоўна кажучы, лёгка навучыцца, дзе не трэба адразу праграмаваць, ведаць алгарытмы, матэматыку. Тэставальнікі, бізнес-аналітыкі, дызайнеры, вярстальнікі сайтаў, тэхнічныя пісьменнікі — усё тое, што не патрабуе паглыбленай адукацыі.

Зараз у гэтых прафесіяў, магчыма, наогул няма будучыні, таму што ёсць штучны інтэлект, які ўсё аўтаматызуе. Працэс пайшоў. Гэта не так, як з кіроўцамі аўтамабіляў — тыя троху патрымаюцца яшчэ, гадоў 10-15, бо шлях да аўтаномнага аўтамабіля атрымаўся даўжэйшым. Вяртаючыся ж да ІТ, тут пацерпяць тыя, хто не хоча і не можа хутка рухацца на вышэйшыя ступені, займайць пазіцыі, якія незамяняльныя штучным інтэлектам.

Нятворчы  інтэлект

Штучны інтэлект не ўмее выконваць працу пекара, слесара, токара. У IT цяпер ён вучыцца кампіляваць, абагульняць, апісваць, але ёсць сумневы ў яго здольнасці ствараць новае. Ілюстрацыі да сайтаў ён малюе ўсё лепш і лепш, але ў большасці сфераў, дзе трэба тварыць, ён не будзе добры, прынамсі пакуль.

Фатаграфія і IT

Смартфоны з’елі прафесію фатографа, яна стала менш запатрабаваная. Масавая тэлефонная фатаграфія, вядома, пакінула прастору для вельмі прафесійных фатографаў, якія робяць тое, што немагчыма зрабіць тэлефонам. Раней фатографаў было шмат, але сёння фатограф, які ў нулявыя набыў люстранку і здымаў без асаблівага таленту і росту, не ствараў высокаякаснае і мастацкае, не вытрымаў канкурэнцыю і пайшоў займацца іншымі справамі. Добрая аналогія з тым, што сёння пачало адбывацца ў IT.

У гэтую сферу прыйшлі мільёны людзей, і гэта была панацэя не толькі для Беларусі ці Украіны, але і для іншых краінаў, да прыкладу, Індыі, дзе нашмат больш людзей наогул. Канкурэнцыя вялізная. Цяпер жа час, калі ты мог выбіраць працу, каб нешта рабіць механічна, прайшоў, ты мусіш разумець, што менавіта ты ў гэтай прафесіі хочаш зрабіць, куды прыйсці. Інакш нічога не атрымаецца.

Калі не будзеш расці, згарыш на заводзе па спальванні фатографаў і айцішнікаў-джуніёраў.

Увага: аварыя сацыяльнага ліфта

У Беларусі айці не прывязаная да ўнутранай эканомікі, працэсаў. Ты можаш/мог працаваць для вялікіх міжнародных кампаній, атрымліваць параўнальна высокі заробак. Але ў іншых краінах, нават у Польшчы, айці — ужо не такі відавочны анклаў, як у Беларусі. У цябе шмат іншых магчымасцяў працаваць на міжнародныя кампаніі, мець высокі заробак. У Нямеччыне, ЗША людзі з IT ўжо зусім не прывілеяваныя ў плане дабрабыту. Гэта ў нас айці — адзіны сацыяльны ліфт.

Дэфіцыту айцішнікаў зараз не назіраецца ў Еўропе, а вось недахоп лекараў, настаўнікаў тут відавочны.

Добрыя навіны для гуманітарыяў

Заўжды выклікала пытанне, калі добры лекар становіцца кепскім праграмістам. Яшчэ добра, калі праграмістам, а бывае ж, што чалавек са складанай і патрэбнай прафесіяй робіць «манкі джоб» у IT. Можна зразумець, калі гэта крызіснае рашэнне, калі інакш немагчыма, каб выжыць, лепш у айці, чым за касу ў супермаркет ці грузчыкам. Гэта прынамсі фізічна няцяжкая праца.

Адначасова сёння з’яўляюцца розныя прафесіі па навучанні штучнага інтэлекту. І вось тут, калі ты тэставальнік, ты яго нічому новаму не навучыш, а калі ты лекар ці паэт, ты можаш яму прапанаваць свае веды. Умоўным «гуманітарыям» зараз будзе праца, каб вучыць гэтыя мадэлі.

Неўзараная ніва беларушчыны

Што мяне хвалюе, дык гэта беларуская мова. Напісаць тэкст па-расейску ці па-ангельску прасцей, тэлефон выправіць твае памылкі. Ролік па-расейску ютуб выдасць табе проста так, ролік па-беларуску ён не разумее, яго трэба адмыслова шукаць.

На ніве беларушчыны шмат працы, і калі мову акадэмічна не захоўваць, будзе трагедыя. Нядаўна публікавалі рэйтынг самых рэпрэсаваных у Беларусі навукоўцаў, там на першым месцы філолагі. Зараз наогул не час чакаць, бо ніхто нідзе за нас не будзе гэтым займацца.

Тыя, хто з’ехаў у дарослым узросце, ніколі не стануць палякамі, літоўцамі, кіпрыётамі. У беларусаў ёсць вялікая патрэба застацца сабой. Без мовы гэтага не ўдасца наогул. І тут шмат працы на стыку лінгвістыкі, айці і штучнага інтэлекту.