Гiды

8 анлайн-курсаў для вывучэння беларускай мовы

8 анлайн-курсаў для вывучэння беларускай мовы

Калаж Дар’і Давыдзенкі

Хоць самы папулярны сэрвіс для вывучэння моваў Duolingo дагэтуль не дадаў* беларускую да свайго міжнароднага карагода, Сойка разам з Францішкам Багушэвічам працягвае настойваць: вучыць родную мову – жыццёва неабходна. А пакуль заморская зялёная птушка не дзекае і не цекае, інтэрнэт прапануе нам усё цікавейшыя рэсурсы, якія дапамагаюць вывучаць беларускую мову. Сойка пазбірала ўрокі і курсы, якімі вы можаце карыстацца бясплатна – з тэлефона ці кампутара.

*вы ж ужо напісалі адпаведную просьбу ў каментары да праграмы Duolingo?

Праект «Гоман»

Ютуб-курс беларускае мовы, які вядуць музыка і мастак Адрусь Такінданг і мовазнаўца-фантаст Аляксей Шэін. Дуэт запісаў відэакурс на самыя розныя тэмы: вітанне і прабачэнне, просьба і падзяка, кухня і посуд, ежа і пітво, адзенне, чалавек і яго цела, дом, кватэра і мэбля, надвор’е і колеры, час і поры года. Матэрыял аўтары падаюць у форме гутаркі, жывога дыялогу, новыя словы тлумачаць па-беларуску, ілюструюць карцінкамі і часам перакладаюць на расейскую мову.

Працягласць: 8 заняткаў па 37-70 хвілінаў.

Для каго: 10+
Тэмы паўсядзённыя, побытавыя, даступныя для шырокага кола. Аднак выпускі працяглыя, даволі насычаныя лексікай, таму курс рэкамендуецца для дарослых і падлеткаў.

Адзіны мінус: заняткаў усяго 8, а хацелася б нашмат болей.

Моваведа

Відэарэпартажы заняткаў, якія вёў Аляксей Шэін на курсах беларускай мовы «Моваведа». Тэмы заняткаў збольшага перасякаюцца з курсам «Гоман»: тут таксама можна даведацца пра такія штодзённыя тэмы, як надвор’е, ежа, мэбля, цела і гэтак далей. Карысныя курсы тым, што даюць уяўленне, як метадалагічна можна пабудаваць заняткі ў групе альбо нават уявіць сябе адным з удзельнікаў курсаў.

Працягласць: 9 заняткаў па 10-30 хвілінаў.

Для каго: 16+
Тэмы, здаецца, і простыя, але рэпартажны фармат падачы не вельмі пасуе для дзяцей, таму лепей для дарослых.

Адзіны мінус: гук не вельмі якасны і здымка не арыентаваная на ютуб-фармат.

#моваздома ад Арт-сядзібы

Серыя кароткіх відэаролікаў пра асноўныя граматычныя адметнасці беларускае мовы. Вядоўца Саша Бабкова вельмі проста і лаканічна тлумачыць правілы, у якіх беларусы часцей за ўсё робяць памылкі: сабе ці сябе, лепшы ці найлепшы, па вуліцам ці па вуліцах, удвух ці ўдзвюх.

Працягласць: 11 ролікаў, кожны з якіх не болей за 2 хвіліны.

Для каго: 6+
Форма падачы арыентаваная на дарослых, аднак матэрыял пададзены нескладана, ролікі кароткія, таму падыдуць і для малодшых школьнікаў.

Адзіны мінус: ролікаў усяго 11, а праблемных нюансаў і няпростых правілаў у беларускай мове нашмат болей.

Мова са Свабодай

Гэта серыя кароткіх анімацыйных ролікаў пра тэматычную лексіку: грыбы, кветкі, ягады, канцылярскія тавары, колеры, адзенне, аксэсуары, посуд, рухі і гэтак далей. Карцінкі ўсе створаныя ў адным стылі, а словы падаюцца з націскам, але без агучкі.

Працягласць: больш за 35 відэаролікаў з тэматычнай лексікай, кожны не болей за хвіліну.

Для каго: 6+
Хоць відэа са словамі і карцінкамі створаныя ў фармаце анімацыі, але ж без агучкі, таму падыдуць для дарослых і таксама для дзяцей, якія ўжо ўмеюць чытаць.

Адзіны мінус: ролікі не сабраныя ў адзін плэйліст, таму іх давядзецца пашукаць.

Моўнік

Архіў тэлеперадач тэлеканала «Белсат», якія можна знайсці на ютубе. Вядоўца Вольга Іскрык запрашае ў студыю мовазнаўцаў і абмяркоўвае з імі самыя розныя, часам дыскусійныя моўныя пытанні: горад ці места, май ці травень, любіць ці кахаць. Разважаюць тут і пра больш сур’ёзныя праблемы: што такое прыдомак, як слушна пісаць прозвішча ў пашпарце і як мы называем сваякоў. Тут можна даведацца і пра беларускія назвы фарбаў у картах і фігур у шахматах, і пра паронімы, і пра адметныя націскі. Хоць серыя відэа створаная ўжо даволі даўно, але змест праграмы не састарэў.

Працягласць: 80 выпускаў па 10-15 хвілін.

Для каго: 16+
Часта моўныя пытанні разглядаюцца ў дыскусійным ключы, які пасуе толькі для дарослых.

Адзіны мінус: якасць відэа, якая не адпавядае сучасным ютуб-стандартам.

Мова Нанова

Самыя масавыя курсы беларускай мовы, якія можна было наведваць у шматлікіх гарадах Беларусі, а цяпер за яе межамі. Цяпер відэарэпартажы курсаў «Мова Нанова» захоўваюцца на ютуб-канале, матэрыял заняткаў выдадзены ў дзвюх кнігах, а на сайце ініцыятывы можна знайсці лексічныя і граматычныя тэмы з інтэрактыўнымі тэстамі.

Працягласць: 15 урокаў на сайце і 218 тэматычных ютуб-заняткаў ад 30 хвілінаў да 2,5 гадзінаў.

Для каго: 16+
Урокі на сайце можна прапаноўваць гадоў з 12, а відэарэпартажы заняткаў больш падыдуць для дарослых гледачоў.

Адзіны мінус: апошні відэаўрок быў апублікаваны два гады таму, бо курсы вымушаны былі спыніць сваё існаванне ў Беларусі.

Беларуская мова. 1 клас

Праект, накіраваны на вузкую мэтавую аўдыторыю першакласнікаў. Тэмы разглядаюцца простыя: школа, сябры, заняткі, рэжым дня, адзенне, абутак, у доме, на вуліцы, у краме, на пошце. Спачатку зазвычай падаецца рускае слова, а потым яго пераклад на беларускую мову.

Працягласць: 30 відэаўрокаў ад 2 да 14 хвілінаў.

Для каго: 6-7 гадоў.
Падача матэрыялу, інтанацыя настаўніцы, сам змест заняткаў адпавядае праграме 1 класа ў Беларусі.

Адзіны мінус: асноўны прынцып тут не тлумачальны, а перакладны, што неадназначна ацэньваецца метадолагамі выкладання мовы. Напрыклад, вядоўца за кадрам пытаецца ў дзяцей, што такое навакольны свет, і праз секунду адказвае, што гэта «окружающий мир».

Мова прафесіі

Інтэрактыўныя тэматычныя курсы беларускай мовы, якія можна ўсталяваць сабе на тэлефон або планшэт у выглядзе мабільнай праграмы. Тут распрацаваныя тэматычныя модулі паводле катэгорыяў: кавярні, крамы, запраўкі, кол-цэнтры, таксі, дастаўка, музыка, IT-галіна і нават піваварэнне. Таксама ёсць заняткі па асновах мовы: фанетыка, адметная лексіка, вітанні і ветлівасць, лічэбнікі, вымярэнне часу. Праграма навучання арыентаваная найперш на маўленне, таму вялікая колькасць заданняў будзе вымагаць прамаўлення фразаў па-беларуску. Адметна і тое, што засвойванне матэрыялу тут адбываецца не па стандартнай схеме: тэорыя, а потым практыка і праверка ведаў, а наадварот: спачатку пытанні і заданні, а потым слушныя адказы.

Працягласць: 10 тэмаў, у кожнай па 2-6 модуляў, разлічаных на 3-15 хвілінаў.

Для каго: 18+
Засвойванне праграмы патрабуе пэўнай цярплівасці і прафесійнай зацікаўленасці, таму пасуе хутчэй для дарослых.

Адзіны мінус: праект эксперыментальны, таму пакуль не абышлося без багаў, часам праграма глючыць. Але спадзяемся, што неўзабаве гэта выправіцца.