Гiды

Жабка-падарожніца: 8 парадаў для сола-турыстак

Жабка-падарожніца: 8 парадаў для сола-турыстак

Для некага — дзіўны выбар і туга тужлівая, для іншага — спосаб лепей пазнаёміцца з сабой і са светам. Сойка не заклікае кінуць усё, спакаваць заплечнік і імчаць у ноч насустрач прыгодам на свой падхвостак: вандроўкі ў адзіночку, незалежна ад гендару, — спосаб не для ўсіх. А калі ты яшчэ і жанчына, то тут дадаюцца дадатковыя акалічнасці, пра якія варта падбаць загадзя. Каб вандроўка прайшла добра, Сойка сабрала 8 парадаў, якія будуць нялішнімі перад дарогай і ў дарозе, — а некаторыя з іх прыдадуцца незалежна ад вашай гендарнай ідэнтычнасці. Памятайма: перадусім бяспека, а яшчэ душэўны камфорт — урэшце, у пошуках яго мы часцей за ўсё і вандруем.

Пачытаць пра краіну, куды едзеш.

Гучыць банальна, але далёка не заўсёды пра гэта памятаюць. Чым больш экзатычная краіна, тым больш важная гэтая парада: гэтак вы даведаецеся не толькі пра тое, які курс мясцовай валюты і якія славутасці не прапусціць, але і пра небяспечных істот у рэгіёне, пра ваду, якую можна ці няможна піць з крану, пра прышчэпкі, якія трэба зрабіць, пра рэлігійныя адметнасці і табу, якія нельга ігнараваць, пра адзенне/абутак, якім не варта пагарджаць, і пра манеры, якіх лепей трымацца (пра іх яшчэ згадаем асобна).

Спадзявацца на лепшае, але быць гатовай да горшага.

У цэлым гэта адносіцца да ўсяго, звязанага (і не звязанага) з падарожжамі. Мы, беларусы, здаецца, гэта ўжо ўмеем, але нялішнім будзе нагадаць:

  • Пакінуць некаму сканы дакументаў, запісаць у тэлефоне і захаваць яшчэ ў некалькіх месцах кантакт ICE — In Case of Emergency — скарот, вядомы службам экстранай дапамогі па ўсім свеце: калі, напрыклад, вы страціце прытомнасць, ратавальнікі будуць ведаць, каму тэлефанаваць з інфармацыяй і пытаннямі.
  • Купіць страхоўку (з пакрыццём 100-150 тысяч еўра), узяць запас лекаў, а перад экзатычнымі краінамі — зрабіць неабходныя прышчэпкі.
  • Падлічыць бюджэт падарожжа і дадаць да яго не менш за 20% на непрадбачаныя выдаткі. Калі гэта краіна, дзе карткі не асабліва паважаюць, то наяўныя грошы распіхаць па розных (бяспечных) месцах, якія не прыцягваюць увагі.
  • Падарожныя са стажам раяць насіць з сабой картку да дадатковага рахунку, на якім не захоўваюцца ўсе вашы фінансы, а пераводзяцца туды аўтаматычна раз на тыдзень/месяц з асноўнага рахунку.
    Нават калі ў вашым чэк-лісце няма сэкс-прыгодаў, варта мець з сабой прэзерватывы і «таблетку 72 гадзіны». Не бянтэжцеся: вы ж возіце ў машыне вогнетушыльнік не для таго, каб зладзіць пажар?

Мімікраваць.

Зліцца з натоўпам — гучыць не надта рамантычна, але дапамагае там, дзе ёсць значныя культурныя адрозненні. Правіла для падарожжаў у больш традыцыйныя або патрыярхальныя краіны: апранацца, выглядаць, паводзіць сябе гэтаксама або яшчэ сціплей за мясцовых жанчын. У некаторых мусульманскіх краінах не прынята, каб жанчына глядзела мужчыну ў вочы, — тут карыснымі будуць цёмныя акуляры. Вядома, гэта ўсё выглядае далёкім ад фемінізму, але ж у падарожжа мы прыехалі, каб пазнаёміцца з краінай, а не змяніць грамадства сваім візітам. Таму калі не хочацца лішніх праблемаў — лепей не дэманстраваць яўна свае культурныя адрозненні (асбліва ў выглядзе кароткіх шортаў і дэкальтэ).

Слухаць мясцовых.

Калі яны кажуць, што ў той раён лепей не ісці, — то наўрад ці гэта такі спосаб з вас пажартаваць: хутчэй за ўсё, локалы сапраўды нешта ведаюць. Калі барселонец кажа вам, што ў іх горадзе слова «заплечнік» мусіць згубіць сваю этымалогію — верце яму і насіце свае рэчы толькі спераду і прытрымліваючы рукой, а ў кавярнях не вешайце торбы на крэсла. У вас жа таксама ёсць знаёмыя, у якіх што-небудзь скралі ў вандроўках?

Плаціць за сябе.

Калі падарожнічаеш адна — лёгка сустракаць іншых людзей (хаця б праз аплікацыю couchsurfing). Але каб такія сустрэчы не ператварыліся ў незапланаваныя прыгоды, лепей плаціць за сябе самастойна (больш радыкальная парада: не знаёміцца ці не сустракацца з людзьмі ў барах і ўвогуле не ўжываць алкаголю). Тое, што, з аднаго боку, можа быць проста праявай гасціннасці, з іншага, можа быць праінтрпрэтавана як інвестыцыя ў працяг банкету. Калі гэта сапраўды проста гасціннасць і прыязнасць, то вам дадуць гэта зразумець пасля таго, як вы наўпрост агучыце: «I prefer to pay for myself to prevent any misunderstanding or expectations».

Не баяцца баяцца.

Баяцца — гэта нармальна, страх — сродак самазахавання. Менавіта нармальная чалавечая асцярога параіць вам павялічыць дарогу да гатэля на 10 хвілін, каб не праходзіць праз той цёмны парк, або не сядаць у «неафіцыйную» таксоўку ў незнаёмай краіне. Найгоршы спадарожнік у сола-вандроўках — залішняя смеласць і самаўпэўненасць.

Увогуле, ніколі не будзе залішнім курс самаабароны (нават калі вы і не падарожнічаеце). А што датычыцца падручных сродкаў, то мае сэнс насіць іх з сабой толькі тады, калі вы ўмееце добра імі карыстацца — у іншым выпадку, ёсць рызыка, што ваш уласны газавы балончык прыменяць супраць вас.

Слухаць сябе.

Тут не будзе пра міфічную «жаночую інтуіцыю», якая ніколі не памыляецца, — увогуле, інтуіцыя ў вандроўках не заўжды карысная: калі «ўнутраны голас» гаворыць, што гэта добры чалавек і яму можна давяраць, гэта не значыць, што трэба яго слухаць. Аднак у адзін бок інтуіцыя, ці што там, дакладна працуе: калі вы адчуваеце нейкі дыскамфорт з сітуацыяй/чалавекам/месцам/ежай, варта спыніцца і адмовіцца ад папярэдняга плану. Як казала Эма, гераіня Джэйн Остэн, «калі жанчына сумняецца, ці варта ёй прымаць прапанову ад мужчыны, ёй дакладна варта адмовіцца».

Нічога сабе не даказваць.

Сола-вандроўка — не той час і месца, дзе варта выпрабоўваць свае сілы і даказваць сабе, якая ты моцная. Трэба папрасіць пра дапамогу — прасі. Стамілася — адпачывай. Адчуваеш, што цяжка і гэта не тваё — вяртайся. Для многіх сола-трыпы — свайго роду тэрапія, але ж гэта не ўніверсальны рэцэпт для ўсіх. Толькі ты сама адчуваеш, лепей табе ў такой вандроўцы ці горш, — і калі раптам горш, то не трэба сябе мучыць, бо ты — галоўны чалавек у сваім падарожжы.