Уводзіны
Фінляндыя рэгулярна ўзначальвае рэйтынгі найлепшых сусветных сістэмаў адукацыі. Фінскую мадэль абяцаюць настаўнікі элітных установаў у Еўропе і абмяркоўваюць мамы ў пясочніцах. «Фінскіх дзяцей больш не вучаць пісаць ад рукі», «Фінскія настаўнікі не задаюць хатняга задання», «Фіны адмянілі прадметы ў школе» — у інтэрнэце можна прачытаць шмат напаўпраўды пра гэтую сістэму. Насамрэч фінскія дзеці пішуць асадкамі (і адначасова вучацца машынапісанню), робяць заданні дома (магчыма, не так шмат, як нашы) і маюць класічныя прадметы (але ў плане абавязкова ёсць прынамсі адзін інтэрдысцыплінарны). Аднак паўтарыць, і, што яшчэ больш істотна, прадаць ідэю фінскай сістэмы вельмі складана. І вось чаму.
Даступнасць для кожнага
Фінская школа бясплатная, дэмакратычная і ўсеагульна даступная. Большасць дзяцей ходзяць у найбліжэйшыя да іх дамоў навучальныя пляцоўкі (і ў горадзе, і ў вёсцы яны забяспечваюць падобны ўзровень адукацыі). Большасць школаў у краіне дзяржаўныя, прыватныя таксама атрымліваюць фінансаванне ад дзяржавы, а не ад бацькоў. Навучальныя матэрыялы, харчаванне, аднадзённыя экскурсіі і даезд да школы таксама бясплатныя.
Вучняў не дзеляць на больш і менш здольных, няма лепшых і горшых класаў — усе вучацца разам і, як вынік, у Фінляндыі найменшы ў свеце разрыў паміж наймацнейшымі і найслабейшымі вучнямі. Хаця гэтую частку мадэлі крытыкуюць якраз бацькі здольных дзяцей, якім трэба нагрузка і патрабаванні вышэйшыя за сярэдні ўзровень.
Позні пачатак
Абавязковая адукацыя ў Фінляндыі доўжыцца 9 гадоў і пачынаецца найпазней з усіх еўрапейскіх краінаў — дзеці ідуць у першы клас у 7 гадоў. Аднак 97% дзяцей пераходзяць у школу з дзіцячага садка, дзе яны ўжо засвоілі асновы пісання ці матэматыкі (для дзяцей эмігрантаў дадаткова важная магчымасць засвоіць фінскую мову на гэтым этапе). Для параўнання, у ЗША толькі 4 з 10 чатырохгадовых дзяцей атрымліваюць дашкольную адукацыю і з ранніх гадоў уключаныя ў сістэму навучання. У Беларусі, згодна з дадзенымі Белстату, садкі наведваюць 89% дзяцей, таму тут мы больш нагадваем Фінляндыю.
Школьны дзень
Урокі ў фінскіх школах трываюць, як у нас, 45 хвілінаў, перапынкі доўжацца ад 15 да 30 хвілінаў, гэты час дзеці праводзяць пераважна на двары. Урокі ў малых фінаў — гэта не толькі здабыванне тэарэтычных ведаў за партамі. Тут вучаць шыць, стругаць, фарбаваць тканіны, гатаваць — без гендэрных падзелаў. Адначасова скандынаўскія дзеці ўжо ў пачатковай школе ведаюць, як карыстацца крэдыткай, як вылічыць падатак ад даходу ці нерухомасці, як зрабіць просты сайт або палічыць, колькі каштуе тавар з улікам зніжкі.
Пры гэтым у школе фінскія дзеці праводзяць часу менш, чым дзеці ў іншых краінах — 5 гадзінаў на дзень і 706 на год. Напрыклад, у розных штатах ЗША гадавая лічба блукае недзе каля 1000 гадзінаў.
Адзнакі
Уся фінская сістэма наладжаная такім чынам, каб выключыць канкурэнцыю паміж вучнямі і паміж школамі. Суперніцтва тут лічаць не проста непрадуктыўным, а шкодным для ўсіх. Не існуе рэйтынгаў школаў, затое школы супрацоўнічаюць адна з адной. Адзнак, да якіх мы звыклі, у фінскіх школах няма да 5 класа, настаўнікі ацэньваюць працу не «двойкамі» і «пяцёркамі», а апісальнымі адзнакамі: вельмі добра, добра, трэба папрацаваць і г.д. Актыўнасць на ўроку, удзел у працэсе тут важнейшы за «дамашку» ці кантрольныя. Пад канец года бацькам даюць справаздачу пра тое, як прайшоў год, чым можна паспрыяць дзіцяці.
Адзіны тэст дзеці здаюць пад канец абавязковай школы — у 16 гадоў.
Настаўнікі
Прафесія настаўніка ў Фінляндыі — паважаная і прэстыжная, а праца добра аплочваецца. Пры гэтым яе не вельмі шмат: настаўнік працуе 4 гадзіны на дзень, а 2 гадзіны на тыдзень мусіць прысвяціць прафесійнаму развіццю. Усе курсы і навучанне аплочваюцца з бюджэту. Паступіць у педуніверсітэт складаней, чым у юрыдычны ці медычны, конкурс складае каля 10 чалавек на месца.
Можна сцвярджаць, што да фінскіх настаўніцкіх даходзяць найлепшыя з найлепшых, самыя здольныя настаўнікі. Але гэта зусім не дае ім права адчуваць сваю перавагу над вучнямі і ўключаць камандны тон. Настаўнікі выбудоўваюць адносіны з вучнямі на ўмовах супрацы і партнёрства, а вучні называюць іх па імені.
Давер
Магчыма, гэта самы важны пункт, і верагодна, ён кантрастуе з беларускай сітуацыяй яшчэ больш, чым папярэдні. Настаўнікам у Фінляндыі даецца беспрэцэдэнтная для нас свабода дзеянняў. Традыцыйныя формы кантролю за іх працай адмянілі яшчэ ў 90-я. У школе няма інспектара, няма падрабязнага навучальнага плану, аднолькавага для ўсёй краіны, няма дыдактычных матэрыялаў, якія мусяць афіцыйна зацвярджацца, таксама настаўнікі не абавязаныя весці дзённік з падрабязным апісаннем вынікаў сваёй працы. Давер гэты перадаецца і самім настаўнікам, якія даюць нашмат больш свабоды сваім вучням.
Важна! У Фінляндыі забароненае платнае рэпетытарства. Калі нехта з дзяцей адстае ці не разумее, дапамагаць яму абавязаныя ў ягонай звычайнай школе.
Шчасце і вынікі
Паводле апошняга рэйтынгу PISA (рэгулярных даследаванняў, якія праводзяцца сярод 15-гадовых школьнікаў з 78 краінаў), Фінляндыя знаходзіцца на 10 месцы па ўзроўні адукаванасці падлеткаў (ацэньваюцца веды па матэматыцы, дакладных навуках і чытанне), з еўрапейскіх краінаў яе апярэджвае толькі Эстонія. Беларусь, са значна ніжэйшым вынікам, у гэтым спісе на 36 месцы.
Гэтае ж даследаванне паказала, што 78% 15-гадовых фінаў задаволеныя сваім жыццём, навучаннем і атмасферай у школе. І гэты паказчык выявіўся адным з самых высокіх у свеце.
Матэрыял падтрыхтаваны пры падтрымцы Free Belarus Center.