Гiды

Sex Education: дзіцячыя пытанні пра інтымныя рэчы

Sex Education: дзіцячыя пытанні пра інтымныя рэчы

Малюнак Ave

21 верасня — сусветная прэм’ера фінальнага сезону серыяла Sex education, які стаў культавым сярод падлеткаў, бо вольна, з гумарам і даверам размаўляе з аўдыторыяй пра сэкс. Калі вы ўжо схапіліся за сэрца, то наш гайд, натхнёны нязручнымі пытаннямі дзяцей пра інтымнае жыццё, прымусіць вашыя шчочкі палаць. І, спадзяемся, дапаможа глядзець на жыццё прасцей.

Пра што Sex education

Няўпэўнены ў сабе падлетак Отыс жыве з мамай-сэксолагам, таму з тэмай сэксуальнай асветы знаёмы добра. Хоць і выключна ў тэорыі. Ягоныя веды спрабуе выкарыстаць аднакласніца юнака, каб падзарабіць у імправізаванай сэксалагічнай клініцы для падлеткаў. Гэта не пахабная камедыя, а іранічны, часам балючы расповед пра каханне, давер, адчуванне уласных межаў, уменне будаваць стасункі з блізкімі і іншыя пытанні, якія, хоць і тычацца сэксуальнага жыцця, але насамрэч куды больш глыбокія, чым банальны абмен вадкасцямі.

Серыял выйшаў у 2019 годзе ў стрымінгавым сэрвісе Netflix.

Калі пачынаць размаўляць з дзецьмі пра сэкс?

Псіхолагі кажуць, лепш пачаць раней на год, чым спазніцца на гадзіну. Ва ўзросце 6-9 гадоў дзеці максімальна давяраюць бацькам і гатовыя ўспрымаць інфармацыю ад іх. І хоць сэксуальная асвета пачынаецца з нараджэння (растлумачыць розніцу паміж дзяўчынкай і хлопчыкам — гэта таксама частка сэксуальнай асветы), лепш паразмаўляць да таго, як тэма стане канчаткова няёмкай і для дзіцяці, і для бацькоў. У дапамогу — кнігі, адукацыйныя фільмы і аплікацыі. Вельмі важна, каб вы размаўлялі адной мовай і дзіця разумела назвы ўсіх органаў і сітуацый, лепш адразу называць рэчы сваімі імёнамі і не прыдумваць для органаў нейкіх мянушак.

Мы спадзяемся, што базавыя веды вы зможаце ўзяць з надзейных крыніцаў, а мы дамо вам дапаможнік па нязручных пытаннях, з якімі некалі сутыкнуліся самі.

Навошта людзі кахаюцца?

Кароткі варыянт адказу: так закладзена эвалюцыяй / задумана прыродай, каб чалавечы від не перарваўся.

Доўгі варыянт: Сэкс не толькі дае магчымасць мужчынскаму і жаночаму арганізму аб’яднаць свае клеткі для таго, каб у жаночай матцы пачало развівацца дзіця. Сэкс збліжае людзей, дазваляе выказаць максімальны давер, замацаваць стасункі і гэтак далей.

Усе абавязкова павінны займацца сэксам?

Не. Ёсць людзі, якія не зацікаўленыя ў інтымных сувязях праз медыцынскія і псіхалагічныя прычыны. Яны могуць усталёўваць цёплыя стасункі і будаваць сем’і, але не патрабуюць кахацца.

Таксама існуюць людзі, якія свядома адмовіліся ад гэтай часткі жыцця, каб служыць сваім ідэалам, напрыклад, манахі.

Дзеці таксама могуць так дэманстраваць любоў?

Важна! Псіхолагі раяць звярнуць увагу на тое, у якім кантэксце гэтае пытанне з’явілася. Ненавязліва ўдакладніце, чаму ў дзіця ўзніклі такія думкі і з кім яно абмяркоўвала гэтую тэму.

Адказ: Адназначна не варта параўноўваць сэкс з ужываннем алкаголю ці паленнем, не трэба злавацца і вінаваціць дзіця ў самім пытанні. Лепш распавесці пра тое, што да сэксу павінен быць гатовы не толькі арганізм, а таксама і розум. У залежнасці ад узросту можна дадаваць дэталі і больш распавядаць пра згоду, адказнасць, засцярогі і непажаданую цяжарнасць.

Вагіна ёсць ва ўсіх, нават у бабулі?!

Вагіна ёсць ва ўсіх жаночых арганізмаў, а значыць, ёсць і ў бабулі. Вагіна і іншыя органы (клітар, вульва, матка і гэтак далей) характэрныя для арганізмаў жаночага полу. Мужчынскія арганізмы не маюць такіх органаў, але маюць свае — пеніс (чэлес), тэстыкулы і гэтак далей. Дзіця нараджаецца з мужчынскімі ці жаночымі палавымі органамі, часам з наборам і жаночых, і мужчынскіх палавых органаў ці агулам без яскрава выражаных палавых прыкметаў.

Няўжо можна зацяжарыць без сэксу?

Гэта здараецца рэдка, але магчыма. Цяжарнасць адбываецца, калі у матку, якая знаходзіцца ўнутры жаночага арганізма, трапляе яйцаклетка і сперматазоід. Яйцаклетка фармуецца ўнутры жаночага арганізму, а сперматазоід — унутры мужчынскага. Сперматазоід жыве па-за арганізмам ўсяго некалькі секундаў, але вельмі рэдка здараецца, што нават без непасрэднага палавога акту сперма трапляе ў жаночы арганізм (напрыклад, праз рукі), і наступае цяжарнасць.

Але ж немагчыма зацяжарыць цнатлівай?

Большасць жанчын (не ўсе!) і самкі некаторых жывёлаў (прыматы, коні, ламантыны) нараджаюцца з так званай цнатлівай плявой — мембранай, якая ахоўвае ўваход у похву. Мембрана — гэта не глухі плот, і праз яе ў арганізм могуць трапляць вадкасці, у тым ліку і сперма.

Куды знікае сперма пасля палавога акту?

Большая частка спермы выцякае натуральным шляхам пасля палавога акту.

Ці можна памерці ад месячных?

Не. Гэта нармальны фізіялагічны працэс для жаночага арганізму, падчас якога губляецца не так шмат крыві. Некаторыя хваробы, напрыклад, менарагія, правакуюць вельмі моцны крывацёк падчас менструацыі, але самі па сабе не могуць прывесці да смерці. Дарэчы, пра менструацыю аднолькава важна гаварыць з хлопчыкамі і дзяўчаткамі.

Што такое «парнуха»?

Фільмы, якія здымаюць пра інтымную частку дарослага жыцця. У рэчаіснасці ўсё выглядае інакш, як і ў мульціках: персанажы могуць рабіць нешта неверагоднае, чаго не бывае ў жыцці — лятаць, чараваць, размаўляць з жывёламі.

Са старэйшымі дзецьмі можна абмеркаваць, што порнафільмы дакладна не з’яўляюцца кіраўніцтвам па сэксуальным жыцці, бо як і ў звычайным кіно — тут вельмі вялікая доля фантазіі, а выгляд прафесійных актораў моцна адрозніваецца ад выгляду звычайнага чалавека.

Што такое прэзерватыў?

Для зусім маленькіх дзяцей: сродак гігіены для дарослых мужчынаў, які выкарыстоўваюць, каб не захварэць

Для больш дарослых: кантрацэптыў, які дазваляе засцерагчыся ад непажаданай цяжарнасці, хваробаў.

Што такое х*й?

Гэтае слова — нецэнзурны аналаг слова пеніс/чэлес.

А адкуль вылазяць дзеці — можа, праз дупу?

Пачуцця сораму пры абмеркаванні фізіялогіі або інтымных стасункаў няма ў базавых наладках. Гэта мы вучым дзяцей няёмчыцца і чырванець, калі размова апусцілася ніжэй за пояс. Для дзіцяці пытанні пра тэхнічныя аспекты нараджэння або сэксу такія ж, як пытанні «як працуе рухавік?» або «адкуль у кватэры газ?». Навучыце свайго чалавека нейтральным, медычным назвам органаў, каб размова пра вагіну, пеніс ці вульву не наклікала нездаровы румянец на вашыя шчокі.