Сярод перакладных кніг, якія выйшлі па-беларуску за апошнія два гады, ці не найбольшым попытам карыстаюцца змрочныя антыўтопіі ды постапакаліптычныя раманы: «1984» і «Ферма жывёлаў» Джорджа Оруэла, «Восень патрыярха» Габрыэля Г. Маркеса, «Дарога» Кормака Макарці. Аднак жыццё працягвае ісці, планета — круціцца, а беларускія перакладчыкі — нястомна працаваць над новымі і новымі перакладамі пярлінаў сучаснай літаратуры на родную мову. Каб адчыняць нам вялікі свет — без межаў ды абмежаванняў. Пісьменніца ды перакладчыца (а яшчэ — аўтарка найкультавейшага «Ката Шпрота») Ганна Янкута сабрала для чытачоў Сойкі топ-пяцёрку жыццесцвярджальных кніг, якія варта прачытаць у новым годзе.
Анна Цыма «Прачынаюся ў Сібуі»
З чэшскай мовы пераклаў Сяргей Лісіца
Выдавецтва «Янушкевіч»
Раман пра дзве душы — чэшскую і японскую, — і пра тое, што «калі на чым-небудзь засяродзішся, то цябе гэта ўнутрана расшчэпіць». Дзеянне адбываецца паралельна ў дзвюх часавых прасторах, у адной з якіх галоўная гераіня, яшчэ школьніца, праз безразважна выказанае жаданне аказваецца ўвязненай у такійскім раёне Сібуі і мусіць шукаць адтуль выхад, а ў другой яна ж, ужо студэнтка, натрапляе на малавядомы раман японскага пісьменніка, які аблытвае яе сеткай загадак, і пачынае сваё літаратурнае расследаванне. Гэта прыгода вакол захаплення іншай мовай, літаратурай і культурай і спробай знайсці да іх ключ, хаця б крышку зрабіць чужое сваім.
Прачытаць фрагмент можна тут.
Дзе набыць?
У Менску: «Кніжная шафа».
У Варшаве: Беларускі моладзевы хаб.
З дастаўкай па Польшчы і іншых краінах: allegro.pl.
Багдан Ігар Антоныч «Вершы»
з украінскай мовы пераклалі Вера Бурлак, Георгій Ліхтаровіча, Марыя Мартысевіч, Алена Пятровіч, укладальніца Марыя Мартысевіч
выдавец Зміцер Колас
Вершы ўкраінскага паэта-мадэрніста Багдана Ігара Антоныча поўняцца сонечнымі і фантасмагарычнымі вобразамі, у якіх сціраецца мяжа паміж светам людзей і светам іншых істот — жывёл, раслін і нават духаў, а самі вершы ператвараюцца ў паганскія заклёны, што дапамагаюць восені пераходзіць у зіму, а зіме — у вясну, і бачыць у звычайных рэчах жывы і гарэзлівы міф. Пшаніца ў Антоныча перамолваецца ў пухнаты снег, а сам паэт робіцца хрушчом і пасяляецца на вішні. Кніга выйшла ў серыі «Паэты планеты», якая была заснаваная ў 2016 годзе, і з таго часу колькасць выданняў імкліва расце: на сённяшні дзень серыя налічвае ўжо амаль сто томікаў у кішэнным фармаце.
Дзе набыць?
У Менску: kniganosha.by.
Тэадор Герцль «Старая новая зямля»
з нямецкай мовы пераклаў Ігар Крэбс
выдавец Раман Цымбераў
Галоўны герой рамана, расчараваўшыся ў жыцці, адпраўляецца разам са сваім сябрам на бязлюдны востраў, і калі праз 20 гадоў яны вяртаюцца да людзей, то дазнаюцца, што на палестынскіх землях з’явілася новая багатая краіна. Здавалася б, тут няма нічога дзіўнага, аднак раман выйшаў у 1902 годзе, калі да ўтварэння Ізраіля заставалася яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Твор называюць утапічным, раманам-марай пра ідэальную краіну, аднак яго аўтару ўдалося не толькі натхніць суайчыннікаў на будаўніцтва ўласнай дзяржавы, але і распрацаваць план гэтага будаўніцтва. Дэтальная інструкцыя «як стварыць краіну з нуля» арганічна спалучаецца ў рамане з займальным сюжэтам, камічнымі і рамантычнымі лініямі. Раман даводзіць, што надзея ёсць нават у самыя безнадзейныя часы.
Дзе набыць?
У Менску: kniger.by, гандлёвы цэнтр «Купалаўскі», крама 41-42 (пад Кастрычніцкай плошчай), «Кніжная шафа».
У Варшаве: Беларускі моладзевы хаб.
Агатангел Крымскі «Бейруцкія апавяданні»
з украінскай мовы пераклаў Уладзіслаў Гарбацкі
выдавецтва Skaryna Press
«Бейруцкія апавяданні» ўкраінскага арыенталіста і пісьменніка, які нарадзіўся ў сям’і крымскага татарына з беларускімі каранямі, адпраўляюць чытача на Блізкі Усход, якім ён быў у пачатку ХХ ст.: месцам, дзе сустракаліся розныя культуры і традыцыі, розныя людзі і рэлігіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта пісьменнік два гады (1896–1898) падарожнічаў па Сірыі і Ліване, і ўражанні ад гэтых паездак леглі ў аснову кнігі, дзе этнаграфічнае мяжуе з камічным, а апісанне побыту, звычак, убрання — з гісторыямі, якія адбываюцца на кожным кроку, якія аўтар падгледзеў і падслухаў, або сам быў іх непасрэдным удзельнікам. У кнізе сутыкаюцца розныя мовы — украінская і беларуская, арабская і французская. Пісьменнік даследуе гэтую мяшанку моў і традыцый і захоўвае для будучыні стракатыя карцінкі свету, які неўзабаве зробіцца зусім іншым.
Дзе набыць?
У Вільні: Беларускі цэнтр (Віленская, 20).
З дастаўкай па ўсім свеце: інтэрнэт-кнігарня выдавецтва, сайт Amazon.
Электронны варыянт: Apple Books і Google Play Books.
Ірэна Доўскава «Моцны Жбуць»
з чэшскай мовы пераклала Вераніка Бяльковіч
выдавецтва «Логвінаў»
Упершыню кніга выйшла па-беларуску ў 2012 годзе, а летась была перавыдадзеная. Зрэшты, надта пазітыўным раман не назавеш — дзеянне ў кнізе адбываецца ў 1970-х, у досыць змрочны час, калі Чэхія і Славакія яшчэ з’яднаныя ў адну краіну і належаць да сацыялістычнага блока з усімі адпаведнымі наступствамі. Аднак аповед вядзецца ад імя дзяўчынкі, якую турбуюць іншыя праблемы. Яна ходзіць у школу, сварыцца з аднакласнікамі, знаходзіць сяброў, перажывае праз сваю вагу, баіцца смерці, радуецца і перажывае, і хаця яе позірк выхоплівае шмат трагічнага і безнадзейнага, аўтарка з чыста чэшскім гумарам ператварае безнадзейнасць у фарс і высмейвае вязкае сацыялістычнае мінулае так, каб нікому не прыйшло ў галаву па ім сумаваць.
Новае выданне ўяўляе сабой кнігу-клепсідру, і чытача чакае бонус — раман яшчэ аднаго папулярнага чэшскага пісьменніка, Міхала Вівэга, «Цудоўныя гады сабаку пад хвост».
Дзе набыць?
З дастаўкай па Польшчы і іншых краінах: «Камунікат».