Уводзіны
Перш чым пачаць барацьбу за фізкультурную асвету, падкрэслім найважнейшыя правілы без міфаў і легендаў:
- Быць спартыўным — не значыць быць худым. Падаецца, увесь свет засвоіў, што мадэльныя стандарты нельга прымяняць да нармальнага жыцця. Мы ўсе розныя, галоўнае — клапаціцца пра ўласны душэўны стан і здароўе.
- Знешнасць падманвае. Нішто так не ўпрыгожвае мадэль, як фотарэдактар. А відэафільтры зробяць вобраз непаўторным так, што пластычныя хірургі з’ядуць свае скальпелі. Ці можна дасягнуць такога ж эфекту ў жыцці? Не.
- Часам ідэал недасяжны. Безумоўна, калі сумясціць неабмежаваныя фінансы і беспрынцыпнасць пластычных хірургаў, можна змяніць усё. Слушнае пытанне ў гэтым выпадку: ці трэба?
- Жыві сёння. Дасягаць мэтаў класна і тэрапеўтычна, але давайце не адкладаць жыццё да тых бласлаўлёных дзён, калі ўсё будзе, як у марах.
Мы атрымалі зарад навуковай моцы, якраз патрэбны для таго, каб наладзіцца на патрэбны, дэструктыўны ў дачыненні да забабонаў, настрой. Як кажуць у гэтым вашым фітнэсе, пагналі!
Міф: Трэніроўка важнейшая за харчаванне
Напэўна, гэты міф вырас з глыбіннай чалавечай мары жэрці і не таўсцець. На першы погляд, гучыць нават лагічна: падчас трэніроўкі мы спальваем калорыі, то калі падкінуць у гэтую спартовую печачку паліва, горш не будзе. Насамрэч, за гадзіну прабежкі на веладарожцы мы спальваем толькі каля 400 калорый. А 100 грамаў чызбургера пацягне на 300. У чыпсах на тыя ж 100 грамаў — 500 калорый. Трагічная матэматыка: трэніроўкі і карыснае харчаванне працуюць толькі разам.
Міф: існуе ежа, якая сама спальвае калорыі
Выцерлі тлустыя слёзкі пасля першага міфа? Вось вам другі: не існуе ежы, якую можна ўжываць «беспакаранна». Лішняе адкладваецца тады, калі мы атрымліваем празмерныя калорыі — тыя, што не выдаткоўваюцца падчас нашай актыўнасці. Няважна, якім менавіта шляхам вы атрымаеце перабор калорый: з’ясцё тры марозівы ці трыста тры сцябліны салеры. Але не ўсё так пагана!
Міф: існуе «злая» ежа
Мы ўжо высветлілі, што галоўнае — баланс паміж тымі калорыямі, якія мы ўжылі, і тымі, якія выдаткавалі. А значыць, няма ніякай дэманічнай ежы, якая б псавала вам усё жыццё. Безумоўна, ёсць шмат нюансаў да таго, наколькі карысны той ці іншы прадукт, як ён засвойваецца, як хутка «перапрацоўваецца». Але ў сухім астатку маем што маем: дэманічнай ежы, якая псуе вам карму, абнуляе ўсе спартыўныя дасягненні і раз і назаўжды робіць мякенькай булачкай, проста не існуе.
Міф: толькі ў спартзале можна прывесці сябе ў форму
Як няма дэманічнай ежы, так не існуе і нейкага райскага месца, наведванне якога гарантуе вам квадрацікі на прэсе. Можна абвешацца фітнэс-абанементамі, але не факт, што вы прыйдзеце ў ідэальную форму і Шварцэнэгер павесіць вашыя фоткі ў сябе ў пакоі. Безумоўна, заняткі з трэнерам на адмысловым абсталяванні будуць даваць свой карысны эфект, але пры выкананні ўсіх умоваў, добрага выніку можна дасягнуць дзе заўгодна пры якой заўгодна актыўнасці. Калі, напрыклад, вы хочаце страціць вагу, то часам досыць замяніць машыну на шпацыры. Праўда, калі вам патрэбны рукі-базукі (хоць мы спадзяемся, што не), то лепей параіцца з трэнерам.
Міф: адпачынак для слабакоў
Хочаш нечага дасягнуць — пакутуй, цярпі, бядуй. Самапакаранне мілае сэрцу беларусаў, таму часцяком мы кідаемся ў брудныя хвалі акіяну з назвай «здохні, але зрабі». У святле фітнэса часцей за ўсё гэта датычыцца трэніровак да знямогі. Каб ручкі і ножкі трэсліся. Каб кожны дзень замест сну і адпачынку. Мала што мае такі разбуральны ўплыў на арганізм, як адсутнасць адпачынку. Цягліцы мусяць узнавіцца, глікаген назапасіцца, арганізм прызвычаіцца да нагрузак. Таму калі дурная галава нагам спакою не дае, нагадайце ёй, што і для галавы карысна часам нічога не парабіць. Каб потым былі сілы ўзяцца за новыя справы.
Спадзяемся, што вы ўспрынялі нашыя парады са здаровай доляй іроніі. На развітанне апошняе — сачыце за сабой! У сэнсе, звяртайце ўвагу на тое, каб вам было добра і камфортна ў любых сітуацыях, формах і лічбах.