Гiды

6 крокаў, каб імгненна палепшыць жыццё

6 крокаў, каб імгненна палепшыць жыццё

Жыццё — гэта вам не торт медавік, а стужка навінаў — не дыснэеўскі сінапсіс. Каб неяк адаптавацца да выклікаў, мы выкарыстоўваем самыя розныя псіхалагічныя абароны. У кагосьці такіх абаронаў больш, у іншых — менш. Але і першыя, і другія прапускаюць усе перажыванні наўпрост праз уласнае цела. Нехта сыходзіць у алкаголь, іншыя — у «працаголь», расце гвалт, дэпрэсіі, неўрозы і іншыя разлады. Гэта ўсё — спосабы ментальна і фізічна перамагчы дыскамфорт і непрыемнасці.

Сойка разам з псіхалагіняй Крысцінай Вязоўскай сабралі 6 рэзкіх, як электрычны разрад, парадаў, як хутка прывесці сябе ў норму.

Першы крок

Прыміце самую зручную пазіцыю для вашага цела ў той прасторы, у якой вы знаходзіцеся. Не трэба саромецца навакольных, ні з кім не здарыцца эстэтычнага шоку, калі вы, напрыклад, падцягнеце пад сябе нагу і больш разняволена абапрацеся на спінку фатэлю. Нават калі вы падцягнеце абедзве нагі або ляжаце — нічога дрэннага не здарыцца.

Займіцеся сабой — займіце зручнае становішча.

Другі крок

Хадзіце ў прыбіральню раз на гадзіну, калі вы жанчына, і раз на дзве гадзіны — калі мужчына. Мачавыя пузыры ў прадстаўнікоў розных палоў працуюць па-рознаму, у жанчын мачавы пузыр меншы. Сігналы ад напоўненага пузыра ўсё роўна тузаюць ваш мозг, нават калі вы навучыліся іх ігнараваць.

Займіцеся сабой — схадзіце ў прыбіральню.

Трэці крок

Паводле некаторых дадзеных, мозг у нармалёвым становішчы прымае каля 2000 (двух тысяч!) рашэнняў у хвіліну. Калі вы зможаце скінуць з сябе хоць частку гэтых задач, апрацоўваць менш інфармацыі, больш глядзець у пустую прастору або на прыроду — мозг паспее, прасцей кажучы, назапасіць неабходныя рэчывы, працаваць лягчэй і эфектыўней.

Займіцеся сабой — не раздзірайце мозг лішнімі рашэннямі, беражыце нейрамедыятары.

Чацвёрты крок

Знізьце побытавы інфармацыйны шум: этыкеткі, шмат каляровых плямаў у інтэр’еры, умоўная бязладзіца ў пакоі і іншы хаос рвуць мозг залішняй інфармацыяй.

Займіцеся сабой — перастаньце чытаць этыкеткі ў прыбіральні.

Пяты крок

Зрабіце менш сіняга святла ў вашым жыцці. Наладзьце экраны, памяняйце лямпачкі. Калі вы не хірург, вам у прынцыпе не патрэбна сіняе святло. Яно выклікае павышэнне ўсіх гармонаў стрэсу і нават уплывае на засынанне (не кажучы ўжо пра дзейнасць на працягу дня).

Займіцеся сабой — дадайце больш прыроднага святла на працы і дома.

Шосты крок

Нарэшце, прыміце ўсе рашэнні, якія трэба прыняць, здыміце з іх статус падвешаных у вашай галаве, хай хоць бы яны не боўтаюцца лішнім грузам. Калі не хочаце, то не тэлефануйце бабулі — не трэба думаць пра гэта ўвесь час і раздзірацца пачуццём віны.

Займіцеся сабой — не мучыцеся залішнімі пачуццямі ў дачыненні да іншых.