Ператрус у музеі. Альгерд Бахарэвіч
Гэта нізка з 16 апавяданняў, напісаных па слядах 2020 года. У іх шмат пазнавальных сюжэтаў: як дзеці гулялі ў АМАП і людзей, як розныя дзеячы ішлі на супрацу з рэжымам і выбіралі маўчаць, як людзі хадзілі па праспектах, а потым хаваліся ад аблаваў. Гэта адна з першых спробаў у прозе асэнсаваць тое, што адбылося. І галоўная думка аўтара ў тым, што гісторыю нельга забараніць, а час немагчыма спыніць.
Выдавецтва: «Янушкевіч»
Хлопчык і снег. Альгерд Бахарэвіч
«Хлопчык і снег» – гэта прыквел «Маіх дзевяностых» Альгерда Бахарэвіча, які тады яшчэ быў Алегам. У ёй аўтар расказвае пра сваё савецкае дзяцінства – 1975-1991 гады. Гісторыя пра дзіцячыя страхі і страшылкі, пра ССД і ЦРУ, пра тое, як гэта – быць сынам і бацькам, маленькім хлопчыкам і ўжо падлеткам.
Выдавецтва: «Янушкевіч»
Вольнеры. Валер Гапееў
Новая кніга Валера Гапеева – гэта фэнтэзі, заснаванае на беларускай міфалогіі. Трое старшакласнікаў з мінскай школы пачнуць свой шлях з уладкавання сваіх прыватных справаў, а ў выніку паўстануць перад пытаннямі недзіцячага маштабу. Чым ты гатовы ахвяраваць, каб вярнуць свет, які скаціўся ў бездань? Ці можна ахвяраваць шчасцем або жыццём аднаго дзеля шчасця мільёнаў?
Выдавецтва: «Янушкевіч»
Казік з Каменнай горкі. Алесь Кудрыцкі
Захапляльнае фэнтэзі для дзяцей і дарослых, якое з першых старонак зацягвае ў казачны свет неймаверных падзей. У Казіка, звычайнага хлопчыка з Каменнай Горкі, збег з клеткі трусік. Пошукі гадаванца прыводзяць хлопца ў вагон метро, які прывозіць яго ў падземны горад звяроў, збеглых са свету людзей. Спакваля Казік разумее, што над Схаваным Горадам навісла смяротная небяспека – і вінаваты ў гэтым ён сам…
Выдавецтва: «Янушкевіч»
Пасланцы Цмока. Марыя Шабанец
У гэтай кнізе фэнтэзі чытач трапляе ў Дрыгвяное княства, у якім валадарыць мудры Цмок, русалкі выратоўваюць немаўлят-тапельцаў, а знічкі падаюць з нябёсаў і могуць прымаць любое аблічча. Але, апроч цудаў, тут наспявае вайна і эпідэмія Хваробы. І толькі пасланцы Цмока здольныя пераадолець усе выпрабаванні і захаваць мір.
Выдавецтва: «Мастацкая літаратура»
Гарачы парафін: рэтра-проза. Вінцэсь Мудроў
Пісьменнік вяртаецца ў недалёкае мінулае, спрабуючы правесці паралелі з нашай сучаснасцю. Пры гэтым, як і ў папярэдніх кнігах, адчуваецца сатыра аўтара.
Выдавецтва: «Цымбераў»
Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка Менскага. Людміла Рублеўская
Гэта сёмая, апошняя, кніга з гепталогіі Людмілы Рублеўскай пра прыгоды і эвалюцыю Пранціша Вырвіча ад студыёзуса да маршалка Менскага, і ўсё гэта на фоне падзей XVIII стагоддзя. Героям давядзецца ўдзельнічаць у віры палітычных інтрыг апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай і абараняць таямніцу полацкіх сутарэнняў ад хціўцаў.
Выдавецтва: «Звязда»