Жыллёвы хапун
Слова, якое непрыемна трыгерыць, вяртаецца ў новай іпастасі. Галоўнае і важнае на рынку жыллёвай нерухомасці — высокая актыўнасць пакупнікоў жылля ў Менску. Аналітыкі Нацыянальнага кадастравага агенцтва гавораць пра тое, што ўзровень попыту з’яўляецца рэкордным за ўсю гісторыю. Калі параўноўваць першы і другі квартал гэтага года, то актыўнасць на рынку насамрэч уражвае: колькасць угодаў вырасла адразу на чвэрць. Галіновыя выданні гэтую тэндэнцыю ахрысцілі ёміста і зразумела любому беларусу — хапун.
Прадаецца ўсё
Традыцыйна, найбольшым попытам карыстаюцца аднапакаёўкі і двухпакаёўкі да 50м2 — на іх прыходзіцца 78% усіх угодаў. Сярэдні кошт такіх кватэр — $50-60 тысяч. Трохпакаёўкі ў Менску зараз каштуюць у сярэднім $80 тысяч. І яны, дарэчы, сталі карыстацца большым попытам, чым паўгода-год таму, з чаго можна зрабіць выснову, што сем’і лічаць сітуацыю на рынку і ў цэлым у краіне прыдатнай для пакупкі жылля большай плошчы.
У прадаўцоў дарагой нерухомасці таксама ёсць падстава для аптымізму — цягам года вырасла доля ўгодаў з кватэрамі даражэйшымі за $100 тысяч. Паводле дадзеных НКА, калі год таму на долю такіх угодаў прыходзілася 7% ад агульнай колькасці, то ў другім квартале 2023 года — 11%.
Цэны растуць, але павольна
Цэны на першасным рынку з пачатку года выраслі, але не істотна. Сярэдні кошт квадратнага метра для аднапакаёвак і двухпакаёвак склаў $1370 (плюс 5% да цаны пачатку года). Трохпакаёвыя таксама падаражэлі, але ўсяго на 3% — да $1230 за м2. У беларускіх рублях рост больш заўважны — напрыклад, аднапакаёўкі падаражэлі на 12%.
Варта заўважыць, што ў параўнанні з мінулым годам попыт на кватэры на першасным рынку паменшыўся ў два разы (усяго 10% ад агульнай колькасці ўгодаў). Верагодна, на сітуацыю паўплывала тое, што на рынку з’явілася вялікая колькасць дарагіх новых кватэр у такіх ЖК як «Камфорт-парк», «Праменад», «Лазурыт», «Алімпік-парк», на якія няма ажыятажнага попыту. Зусім не ўключылі ў статыстыку кватэры ў новым доме «Хельсінкі» ў Мінск-Міры, якія пазіцыянуюцца як жыллё з гатовай аздобай: тут сярэдні кошт аднапакаёўкі — 1790 даляраў за м2.
На першым месцы — другасны рынак
Ільвіная частка ўгодаў — на другасным рынку. Прадаўцоў шмат, выбар вялікі. Ад 60 да 70 тысяч даляраў можна знайсці добрую двухпакаёўку (50-55 м2) у Малінаўцы, Зялёным лузе, Сухарава, каля Пушкінскай.
Сярэдні кошт аднапакаёвай кватэры на другасным рынку — 1440 даляраў за квадрат, двухпакаёвай — 1260, трохпакаёвай — 1200. І цэны ў гэтай катэгорыі з пачатку года практычна не змяніліся — рост у далярах усяго 1-3%.
Статыстыка па раёнах сталіцы
Больш за ўсё ўгодаў зарэгістравана ў Фрунзенскім раёне — за другі квартал 2023 года іх было 827. Самы дарагі раён Мінска — Цэнтральны. Кватэры тут у сярэднім ацэньваюцца ў 1590 даляраў за квадрат. Завадскі самы танны — $1150 за метр. У ЖК Depo зафіксавалі самую дарагую ўгоду — кватэру плошчай 124 м2 прадалі за $486 тысяч.
Статыстыка па Беларусі
Лідарам сярод абласных цэнтраў па колькасці ўгодаў стала Горадня — 756 угодаў, найменш жылля набылі і прадалі ў Магілёве — 411. За год кошт квадратнага метра ў абласных цэнтрах у даляравым выражэнні павялічыўся ад 6 да 11%.
Сярэдні кошт квадратнага метра па гарадах:
- Брэст — $810
- Гродна — $670
- Віцебск — $620
- Магілёў — $670
- Гомель — $620
Грошы — у банку
Чаму попыт гэтак вырас? Эксперты тлумачаць, што галоўны фактар — прывабныя стаўкі па крэдытах. (Стаўка рэфінансавання за першае паўгоддзе 2023 года зніжалася шэсць разоў — з 11,5 да 9,5%). Людзі спяшаюцца патраціць назбіраныя ў далярах грошы, «дабіўшы» недахоп крэдытам.
Паводле адмыслоўцаў, калі эканоміка-палітычная сітуацыя ў цэлым і з крэдытамі ў прыватнасці не зменіцца, то рынак пакажа новыя рэкорды. То бок, калі вам трэба хутка і па добрай цане прадаць нерухомасць у Менску, час зараз прыдатны, і попыт на піку.