Гiды

Hit The Road: некалькі правілаў падарожжаў з дзецьмі

Hit The Road: некалькі правілаў падарожжаў з дзецьмі

Малюнак Ксеніі Лагавой

Калі вы — бацькі, для актыўнага часу вам ужо не так патрэбныя квадрацыклы, парашуты і вэйкборды. Вы і без нас у курсе, што дастаткова аднаго няўлоўнага дашкольніка, каб адрэналін, вострыя эмоцыі ды прыгоды шукалі і знаходзілі вас кожную хвіліну, а падчас падарожжаў — і ў розных кутках свету. Але не спяшайцеся дарыць назву «Падарожжа з дзецьмі» Стывену Кінгу або Каміле Лэкберг. Магчыма, гэтая назва можа стаць загалоўкам вашага лета — і ўсё атрымаецца зусім не так страшна. Сойка сабрала некалькі парадаў для бацькоў, якія выбіраюцца ў сямейны адпачынак.

Спачатку — некалькі агульных правілаў.

  1. Не бойцеся слёз.
    Няхай у інстаграмах чыесьці дзеці бадзёра ўзыходзяць на Эверэст, праходзячы курс ментальнай арыфметыкі. У жыцці дзеці плачуць, нудзяцца і наракаюць.
  2. Памяняйце чаканні.
    У дзяцей свае жаданні і патрэбы, таму замест трох музеяў плануйце дзіцячую пляцоўку, паход на марозіва і адзін музей (калі ўдасца).
  3. Набудзьце страхоўку.
    А лепш дзве. Адну — на выпадак, калі вам можа спатрэбіцца доктар. Другую — на выпадак адмены пуцёвак, авіябілетаў і г.д. Застрахуйцеся ад расчараванняў і грашовых тратаў.
  4. Карыстайцеся з прывілеяў.
    Не саромцеся: калі ёсць пяршынства для сем’яў з малымі, гэта ваша пяршынства. Пастаяць у чарзе сапраўды прасцей без піскучага тодлера.

Цяпер — парады ад беларускіх мамаў.

Пра падарожжы на машыне

Кацярына, мама траіх дзяцей

Cамае важнае ў вандроўках на машыне з малымі дзецьмі — ехаць падчас сну і не спыняцца, пакуль дзеці спяць. Ніякіх заправак, крамаў ці прыбіральняў. Не будзіце ліха, пакуль ціха. А калі дзеці не спяць, то можна ўключаць аўдыяказкі ці ўлюбёныя песні.

Яшчэ мы гуляем з сынамі ў розныя гульні. Напрыклад, лічым машыны. Кожны абірае сабе колер і лічыць сустрэчныя машыны свайго колеру, пакуль не даедзем да запраўкі. Хто налічыць болей, той і выйграў. А ўжо на запраўцы можна і марозіва набыць, і размяцца.

Паліна, мама аднаго дзіцяці

Самая сур’ёзная праблема ў нашых падарожжах — гэта фразы «Мне нудна… Ну калі мы ўжо прыедзем?» Нам у дарозе заходзяць розныя вусныя гульні. Напрыклад, беларуская гульня «Хоба» з карткамі, на якіх напісаныя аб’екты, якія можна сустрэць на дарозе: трактар, каровы, прыпынак, бусел, чыгунка (такую гульню можна зрабіць самастойна перад вандроўкай ці гуляць вусна). Кожны цягне па тры карткі і, калі пабачыў аб’ект з карткі, кажа: «Хоба, чыгунка!» і бярэ новую картку. Хто збярэ больш картак, той і выйграў.

У ход у нас ідуць усе вусныя гульні, якія былі папулярныя ў данастолкавую эру. «Ёсць кантакт», «Асацыяцыі». Cпрабуем гуляць на розных мовах, напрыклад, па-ангельску мы гуляем у жывёл. Дачка загадвае сабе жывёлу, а мы задаём пытанні: «Can you swim? Do you like grass? Are you a wild animal?»

У прагулках па гарах важна знаходзіць на шляху нейкія месцы для выпрабаванняў, бо проста ісці, каб пабачыць від з вышыні і зрабіць фотачку, — гэта матывацыя не для дзяцей. А вось паскакаць па камянях праз горную рэчку, залезці на дрэва ці пабегаць праз вадаспад — самае яно!

І галоўная парада — не прадумвайце падарожжы выключна пад дзяцей. Не ахвяруйце сваімі інтарэсамі і патрэбамі падчас адпачынку — дзеці гэтага не ацэняць. Калі вы ўсё жыццё марылі пабываць у Ісландыі, то дзеці — не падстава адмаўляцца ад сваёй мары. Бераце напракат аўтадом — і падарожжа мары забяспечанае.

Не прыкладайце свае дзіцячыя ўспаміны да сучасных дзяцей. Мы ў свой час былі шчаслівыя, калі нас на старым жыгулі без кандыцыянера давезлі да Адэсы, а цяперашнія дзеці могуць ездзіць па замках Нямеччыны і казаць: «Ну калі мы ўжо паедзем дадому?» Часам сучаснаму дзіцяці нават брудная лужына і шланг на лецішчы цікавейшыя за ўсе Дыснэйлэнды.

Пра адпачынак на моры

Вольга, маці пяцёх дзяцей

У дарогу лепш браць новыя цацкі, якія будуць сюрпрызам, неспадзяванкай для дзіцяці, лепей, каб гэта было нешта маленькае і разнастайнае. І калі вы набываеце цацку ў Duty Free, не распакоўвайце яе, пакуль самалёт не ўзляціць у паветра, інакш дзіця нагуляецца ўжо ў аэрапорце, і потым зноў давядзецца шукаць спосаб, як яго заняць.

У дзяцей часта ў палёце закладае вушы, таму трэба захапіць з сабой сасудазвужальныя сродкі, каб аблегчыць дыханне.

Самае непрыемнае — гэта сонечныя апёкі, нават з крэмам з SPF50 яны здараюцца, бо цяжка кантраляваць яго нанясенне, калі дзеці ўвесь час у моры ці ў басейне. Пасля апёкаў з пухірамі я ўжо набыла ўсім дзецям светлыя кашулі і тунікі з доўгімі рукавамі з тонкай бавоўны, якая вельмі хутка высыхае на сонцы.

Яшчэ адна парада датычыцца пітва. Трэба на беразе дамовіцца, што ўсе гэтыя кактэйлі і ліманады — гэта дэсерт, а не сродак задавальнення смагі, а піць трэба ваду. Бо напоі, у якіх шмат лёду, піць у спёку прыемна, але пры гэтым лёгка захварэць. А яшчэ дзеці атрымліваюць глюкозу і калорыі з такіх напояў і потым не хочуць есці. Вядома, гэта працуе з дзецьмі, з якімі можна дамовіцца, бо забароны тут не працуюць.

Пра паходы па гарах

Аляксандра Канафальская, маці дваіх дзяцей

Свет хутка змяняецца, і падарожнічаць з дзецьмі ў ім становіцца ўсё зручней. Як мне падаецца, галоўнае, калі вы падарожнічалі да з’яўлення дзяцей і не збіраецеся спыняцца пасля таго як сталі бацькамі, — працягваць адкрываць новыя месцы на планеце, не спыняцца і цягаць дзяцей з сабой амаль ад нараджэння, каб тыя прывыкалі да аўтакалыскі, слінга, намёта, ровара, трэкінгаў, нібыта гэта норма. Можна колькі заўгодна вадзіць дзяцей на розныя развіццёвыя заняткі, але лепш, чым лес, поле, рэчка, лужыны, пясок, палачкі і камяні, справаў для дзіцяці няма. Нічога так не збліжае бацькоў і дзяцей, як паход, ноч у намёце, гатаванне ежы на вогнішчы ці сумеснае адкрыццё прыгожых месцаў, горных вяршыняў, музеяў, славутасцяў, гарадоў і мястэчак.

Пакуль дзіця малое, з ім лягчэй вандраваць, бо дастаткова толькі прыдбаць зручны слінг. Тут я шчыра магу параіць слінг ergo baby, які з намі прайшоў праз усе выпрабаванні. Я насіла ў ім па гарах і далах двух сваіх сыноў, а дастаўся гэты слінг мне ад мамы трох дзяўчынак і, мяркую, праслужыць яшчэ шмат.

Вядома, калі з вамі ў падарожжы дзеці, трэба памятаць пра аптэчку і ахоўныя сродкі ад сонца і жамяры. Трэба мець з сабой для дзіцяці дажджавік, запасны камплект адзення і абутку. Абутак павінен быць зручны, усё як для дарослага. Ясна, што 25 км у дзень дзіцё не пройдзе, таму так ці інакш давядзецца несці на плячах. Тут трэба вызначыцца і абіраць маршрут па сваіх магчымасцях. У нас хлопчыкам 3 і 5 гадоў. Звычайна нашыя вылазкі ў горы — гэта 10-20 км. Палову яны ідуць самі, палову нясём — каго ў слінгу, каго на плячах. Калі дарога цікавая, дзе трэба хоць трохі караскацца па камянях, то могуць і больш прайсці.

Забаўляем іх увесь час: спевы, вершы, гульні. Птушак ведаем шмат і шукаем іх на шляху, жукоў, матылькоў, жабак. Касуля, вожык, зайчык, сава — гэта ўвогуле бінга. Да месца старту па абраным маршруце дабіраемся звычайна ці на машыне, ці на роварах, ці на цягніку. Цягнік — асобная любоў для ўсіх. Дарога — гэта таксама частка падарожжа. Можам узяць кніжку, налепкі, паперу і алоўкі, маленькія цацкі, перакус у дарогу. Каб яшчэ больш матываваць і зацікавіць дзяцей на падарожжа — у якасці падарунка яны атрымліваюць ад нас то біноклі, то ліхтарыкі, то шкло павелічальнае, то компас, то кніжку пра птушак ці пра тыя мясціны, куды збіраемся. Яшчэ збіраем значкі, якія звычайна можна набыць недзе на касе пры ўваходзе ў нацыянальныя паркі і якія потым упрыгожваюць заплечнікі нашых хлопцаў.

У кожнага яшчэ ёсць кніжачка, куды збіраем пячаткі, якія таксама (у Польшчы дык дакладна) можна знайсці на вяршынях гор, у горных прытулках, замках, музеях. Мы з мужам і дзецьмі арганізавалі ўласны праект #ідземыўгоры і ўжо год як бясплатна водзім у паходы ўсіх ахвотных. Вельмі шмат вандруе з намі і дзяцей, каля 10-15 на раз. Часта перад чарговым паходам бацькі пытаюцца, ці пойдуць іншыя дзеці. Гэта сапраўды працуе! Калі дзеці ідуць у кампаніі аднагодкаў, кіламетры шляху пралятаюць лёгка і незаўважна.

Ну і абавязкова не забудзьцеся на ежу і асабліва ваду. Пачынайце з невялікіх маршрутаў і паступова павялічвайце адлегласць. Рабіце фота і відэа! Гэта будуць тыя моманты, які вы будзеце ўзгадваць усё жыццё.