Сватанне «цёлачкі»
Пад’ехаўшы да двара нявесты, сваты спыняюцца, ставяць каля варот машыну (раней навязвалі да плоту коней) і ідуць у хату. Старшы сват, якім можа быць швагер жаніха ці хто іншы, вітаецца і пачынае размову іншасказальна:
«Я пачуў, што ў вас ёсць цёлачка. Ці не будзеце яе прадаваць?»
На гэта бацька нявесты адказвае так: «Заходзьце, садзіцеся, пагаворым — можа, і старгуемся, калі ўпадабаеце цёлачку».
Нявеста па прыходзе сватоў выходзіць у іншы пакой.
З вясельнага абраду на Полаччыне
Каравай-дэструктар
Калі цеста гатова — пячэцца каравай. Чым ён большы, тым лепшы. Таму каравай робяць такі, каб ён мог ледзь пралезці праз чалеснік (перагародку) печы. Удалым лічыцца каравай, які, калі ён спячэцца, выняць з печы можна толькі выламаўшы некалькі цаглін з чалесніка. Пра такі каравай кажуць: «Вакол з сырам, з маслам, а ў сярэдзіне з добрым шчасцем».
З вясельнага абрада сялян Менскага павета
Кашавыя ванны
Калі на стале з’явіцца капуста, прыданкі (госці з боку маладой) устаюць і спяваюць:
Не хочам капусту есці,
А хочам на лаўку лезці.
Яны ўскокваюць на лаўку, пляскаюць у далоні, танцуюць. Пасля гэтага прыданкі гуляюць, а за стол садзяцца маладыя, якім падаюць па чарцы гарэлкі, закуску і гарачую ячную кашу. Маладыя спяшаюцца абмазаць адно аднаго кашаю: хто першы паспее гэта зрабіць, той будзе верхаводзіць у жыцці.
З абраду у вёсцы Гняздзілава Вілейскага павета
No wedding for an old man
На месцы, дзе павінны былі сядзець маладыя, сядзеў «стары дзед» — напханае саломай ці сенам чучала, якое абдымала старая жанчына. Музыкі ўвесь час гралі, а жанчына жартам «трэсла» чучала, быццам бы танчыла з ім. Маладая павінны была выкупіць месца. Дзеля гэтага яна падпярэзвала «дзеда» поясам, а жанчыне павязвала хустку.
З абраду ў вёсцы Маркава Маладзечанскага раёна
Фальшывыя «цыганы»
Удзел у вяселлі бралі «цыганы» — госці ад маладога, якіх не выправілі з ім у прыданкі. Гэтую ролю мусілі выконваць далёкія сваякі і суседзі, між іх амаль не было моладзі. Мужчыны перапраналіся ў жаночае і наадварот. Выварочвалі кажухі, на галовы надзявалі вёдры, твары вымазвалі сажай. Пад’язджаючы пад браму, яны спявалі:
Аспадар, аспадар, адчыняй вароты.
Едуць, едуць цыганы, бедныя сіроты.
«Цыганоў» садзілі за стол і частавалі асобна, але яны сядзелі нядоўга, падымаліся, скакалі, танцавалі, кралі талеркі і відэльцы, лезлі ў хлеў. Усё скрадзенае ў іх забіралі, а самі далёкія сваякі ад’язджалі дамоў, спяваючы.
З абраду ў вёсцы Маркава Маладзечанскага раёна
Брат-панажоўшчык
У разгар вясельнай бяседы пад стол залазіць брат маладухі і падкрадаецца да яе і маладзёна з нажом у руках. Грозячы нажом, ён рассоўвае іх, сядае паміж імі, хапае маладуху ззаду за валасы і грозна пытае ў маладзёна: «Будзеш плаціць за касу маладухі?» У гэты час жанчывы тужліва галосяць:
А нет грознага ката,
Як роднага брата:
Сядзіць над касою,
Як воўк над казою.
Маладзён дае выкуп, пасля чаго брат рассоўвае посуд і пераскоквае праз стол. Сват у гэты час намагаецца выцяць яго рэменем.
З вясельнага абраду на Полаччыне
Раптоўны рэйв
Вясельны банкет заканчваецца даволі цікава. На маладую надзяюць намітку або чапец (галаўны ўбор замужніх жанчын), і адразу ж пасля гэтага ўсе пачынаюць скакаць вакол стала па лавах і ўслонах, узяўшыся рукамі за доўгі ручнік, — жаніх і нявеста наперадзе ўсіх. Такі своеасаблівы танец выконваецца тры разы.
З вясельнага абрада сялян Менскага павета
Ад савецкага інфармбюро
На ганку маладых сустракае загадчыца Дома культуры, трымаючы на вышытым ручніку хлеб-соль — каравай з сальнічкай пасярэдзіне. Загадчыца звяртаецца да маладых:
Кожны з нас
Сэрцу нашаму люб.
Калі ласка,
Заходзьце ў клуб!
Загадчыца кладзе на стол каравай, маладыя падыходзяць да стала, становяцца перад ім. Каля жаніха становіцца яго старшы шафер, каля нявесты — яе старшая шаферка. За сталом — старшыня сельсавета, сакратар і старшыня абрадавай камісіі. Сакратар сельсавета зачытвае заяву маладых і ад сябе дадае, у які раз кожны з іх уступае ў шлюб.
З вяселля ў калгасе «Нёман» Стаўбцоўскага раёна