Гiды

Кормяць як у мамы: беларускія месцы за мяжой

Кормяць як у мамы: беларускія месцы за мяжой

Малюнак Ave

За мяжой цікава знаёміцца з новым і спрабаваць чужое. Але як радасна завітаць у кавярню ці карчму, дзе цябе сустрэнуць землякі і за барнай стойкай, і за столікамі. Сойка палятала і пашукала, якія бары і кавярні адкрылі беларусы ў розных гарадах замежжа і што там прапануюць наведнікам. Ва ўсіх кавярняў мы прасілі паказаць іх найлепшыя стравы. Вось яны.

Вільня

karcma_1863

Адрас: Bokšto g. 2, Vilnius

«Карчму 1863» адкрылі ў памяшканні, дзе раней сустракаліся паўстанцы на чале з Кастусём Каліноўскім. Напачатку шукалі месца для імпрэзаў, але потым лакацыя сама падказала, што тут мусіць быць яшчэ і магчымасць паласавацца беларускімі стравамі. Каб нарэшце прыпыніць бульбасрач пра можна ці няможна нешта дадаваць у дранікі, акрамя бульбы і солі, тут можна замовіць гэтыя блінцы чатырох відаў.

«Дранікі павінны аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць беларусаў! Менавіта таму мы прапануем вам ваш любімы дранік! Вы можаце самі выбраць рэцэпт: з мукой ці без, з цыбуляй, з яйкам, на любой тарцы! А можа ваш варыянт — гэта проста бульба з соллю? Беларусы смажаць дранікі нават у агні рэвалюцыі!»

catcafevilnius

Адрас: Gedimino pr. 5, Vilnius

Хаця кухня ў котакавярні і смачная, фішка яго не ў стравах, а ў 15 катах, якія былі забраныя з прытулкаў і цяпер з’яўляюцца супрацоўнікамі кавярні, якія і прывабліваюць наведнікаў. У адрозненне ад іншых беларускіх кавярняў і бараў, якія з’явіліся за мяжой пасля 2020 года, гэтае месца з беларускім капіталам існуе тут яшчэ з 2014 года, перажыло каранцін і радуе наведнікаў смачнай кухняй і бонуснымі сеансамі котатэрапіі. А на фота пахне чабор.

barpahonia

Адрас: Gedimino pr. 27, Vilnius

Ідэя беларускага бара ў Вільні прыйшла ў галаву пісьменніцы Ганне Златкоўскай, якая падзялілася ёю з літоўцам Рыцісам Крыценасам, які і вырашыў яе рэалізаваць. Бар стаў месцам прыцягнення беларусаў, тут ладзяцца розныя канцэрты і імпрэзы.

«З адметнага можна замовіць шот “Пагоня” — прыгожы, як наша Радзіма, і даўкі, як наш лёс. Міндаль, цытрус, джын — вось такі сакрэтны склад гэтага кактэйля, які трэба піць нагбом».

lagomvilnius

Адрас: Visų Šventųjų g. 7, Vilnius

Гэтае месца адкрыў беларус Сяргей, які назваў свой бізнэс простым шведскім словам Lagom. Ён заснаваў бістро разам з іншым беларусам з Варшавы, выбіраючы паміж Польшчай, Літвой і Эстоніяй. Пры параўнанні ўмоваў вядзення бізнэсу Вільня аказалася кампрамісным варыянтам, дый да Беларусі бліжэй. Сяргей спрабуе стварыць у бістро максімальна ўтультную атмасферу, нават талеркі тут як у бабулі. А кухня змяшаная: самае смачнае з розных кулінарных традыцый.

«Факача з гуакамоле і крэветкамі — за гэтай простай і смачнай стравай хаваецца многае: наш шэф-кухар асабіста выбірае кожны авакада для гуакамоле, якое мы гатуем па ўласным рэцэпце. І, вядома, факача, якую нам прывозяць з пякарні».

kitchencoffee.vilnius

Адрас: Šv. Mykolo 4, Vilnius

Беларусы адкрылі кавярню ў самым цэнтры Вільні — і там заўжды поўна народу. У меню дэсерты, сняданкі і розныя напоі.

«Уявіце сабе пухкую дражджавую булачку з ромавым сіропам са смакам цытрусавых, палітую абрыкосавай глазурай і пакрытую ўзбітым крэмам з маскарпонэ. Гэта ўсё пра нашу неверагодна смачную Rum Baba. Гэта незабыўны класічны французскі дэсерт, які ідэальна падыдзе і для сняданку, і для падвячорку!»

Варшава

backdoorbar.warszawa

Адрас: Chmielna 7/9, Warszawa

Гэтае месца адкрыў Лявон Халатран з сябрамі пасля пераезду ў Варшаву. І тут нарадзіўся бургер з дранікам:

«Аднойчы наш кухар сказаў, што ягоная бабуля ніяк не можа зразумець, што такое бургеры. Мы ў яго спыталі, як бы ён змяніў бургер, каб ён стаў больш зразумелай стравай для яго бабулі. Кухар адказаў жартам: “Дадаў бы дранік”, і мы дадалі. І назвалі “Grandma’s killer”, як быццам бабуля з любоўю прыгатавала вялізны бургер для ўнука, і ён не можа яго даесці. Killer у дадзеным выпадку — гэта забойца голаду =)».

nirvana.eatery.warsaw

Адрас: Lwowska 9/1-D, 1-E, Warszawa

Гэта пельменная, якую адкрылі разам украінец і беларус. Здаеццца, пельмені — простая страва, зразумелая і вядомая нам з дзяцінства, але вось як хлопцы разнастайваюць сваё меню за кошт розных начынак:

«Нам падабаецца ствараць зразумелы прадукт, які мы робім цікавейшым і смачнейшым. Некалькі зменаў — і смак становіцца больш прыцягальным. Так, у ялавічыну мы дадаём базілік, дзякуючы чаму булён становіцца больш насычаным. У кураціну мы дадаём чарніцы, незвычайнае спалучэнне дадае нотку ляснога смаку і лёгкі слодыч. Індычына ідзе з дадаваннем шпінату. Наш гонар — вега, смажаныя шампіньёны ствараюць асноўны смак, цыбуля насычае і падкрэслівае яго, у той час як тофу двух гатункаў, звычайны і вэнджаны, адказвае за асноўнае насычэнне. Ніякіх сакрэтаў няма, проста любоў да таго, што мы робім».

soulmates.warsaw

Адрас: Rozbrat 5, Warszawa

Кандытарская месціцца ў парку Edwarda Rydza-Śmigłego ў Варшаве — ціхае месца ў цэнтры горада, вольнае ад шуму і мітусні. Гэта сямейны бізнэс, і тут пяшчотна ставяцца да кожнай дэталі.

«Гатуем толькі тыя дэсерты, якія нам самім вельмі падабаюцца. Шмат увагі надаём якасці інгрэдыентаў і шануем сяброўскую атмасферу, якая ствараецца нашай камандай і нашымі гасцямі».

karma7warsaw

Адрас: Aleja 3 Maja, 15, Warszawa

«Карма» ў Варшаве — гэта веганская кавярня, дзе тусяць беларусы. Тут праходзяць канцэрты, шоу, Art Night, квізы, якія яднаюць беларусаў Польшчы. А яшчэ амаль кожную нядзелю тут адбываецца Sunday Vegan Lunch.

«Мы не канцэнтруемся на напоях ці ежы, але шмат увагі надаём экспірыенсу ды кам’юніці».

zawijadlo

Адрас: Nowy Świat, 28, Warszawa

10 ліпеня адчынілася новая блінная ў Варшаве. Яе адкрыў шэф-кухар менскага рэстарана «Пена дзён» Максім Чаромушкін. Тут падаюць бліны з салёнымі і салодкімі начынкамі, з напояў: гарбата, кава, сокі, ліманады і вада.

«Па канцэпцыі мы адштурхоўваліся ад французскіх крэперый, каб быў фармат ежы, якую можна зручна есці рукамі і рабіць гэта як на месцы, так і па ходзе. Адсюль і назва ZawiJadło (перакладаецца як “загорнутая ежа”). Акцэнт зрабілі на тым, што ўсе асноўныя паўфабрыкаты ў нас уласнай вытворчасці: вяндліна са свіной шынкі, пастрама з індычыны, гірас з кураціны і г.д.»

inclusive.barista.warsaw

Адрас: Konstytucji 6, Warszawa, Białoruski Młodzieżowy Hub

Inclusive Barista ёсць у Менску, і цяпер гэтая традыцыя працягвецца ў Варшаве. Вядомы вазочнік з Ліды Саша Аўдзевіч стварыў тут школу барыста, супрацоўнікі кава-пойнта ўдзельнічаюць у кава-фэстах, прапануюць паслугі кейтэрынгу і нават рэалізуюць праект Inclusive Barista Social Club Warszawa, створаны для інтэграцыі беларусаў і ўкраінцаў з абмежаванымі магчымасцямі ў польскае грамадства. Калі будзеце ў Беларускім моладзевым хабе ці на нейкім фэсце заўважыце кава-пойнт Inclusive Barista, не праходзьце міма.

prosushi.pl

Адрас: Komputerowa 9a, Mokotów, Warszawa

Хто сумаваў па сушы-рэстарацыях з беларускімі каранямі, то вось яны.

«Нам вельмі хацелася прывезці ў Варшаву ўсімі любімую і жаданую класіку prosushi — усе ролы, якія вы любілі і заказвалі ў Менску, ёсць цяпер у нас у Варшаве — тая самая Філадэльфія, Пікаса, Сэкс у вялікім горадзе і іншыя. Але ёсць і навінкі: ролы, якія мы прыдумлялі тут і якія вы не паспрабуеце ў Менску, напрыклад, тэмпурныя ролы з тартарам з тунца ці ласося: мы спалучаем цёплую хрумсткую аснову са свежым тартарам, толькі з-пад нажа сушыста, дадаём наш аўтарскі соус і атрымліваем новы цудоўны рол, які нікога не пакідае абыякавым. Нядаўна мы ўвялі новае ланч-меню, якое даступна з панядзелка па чацвер, пастараліся яго зрабіць вельмі разнастайным, насычаным і яркім, новыя супы, салаты і гарачыя стравы, якіх няма ў нашым асноўным меню».

tma_warsaw

Адрас: Poznańska 7, Warszawa

Яшчэ адна беларуская страўня ў Варшаве — the morning after • the night before. Тут падаюць усякія цікавыя штукі, як, напрыклад, зялёную салату з качкай ці салату з ростбіфам і ягадамі, або авакада ў смародзіне і бураках.

«Мы гатовыя падарыць вам любоў да ежы і гастранамічнае задавальненне ад нашага вячэрняга меню. І не забудзьцеся дадаць бляску адным з нашых яркіх кактэйляў. Чаго вам ні захочацца — салодкага, кіслага, фруктовага або вострага, — у нас ёсць усё».

beer_station_pl

Адрас:
ul. Lwowska, 17, Warszawa
ul. Kępna, 15, Warszawa
Aleja Komisji Edukacji Narodowej, 47, Warszawa

Сетка піўных бараў Beer Station знакамітая сярод беларусаў, бо там праводзяцца канцэрты многіх нашых музыкаў, выступы стэндапераў, паэтычныя чытанні, кірмашы беларускіх рамеснікаў ды іншыя імпрэзы. Тут людзі абменьваюцца інфармацыяй, візітоўкамі і дапамагаюць сваім, а яшчэ наліваюць напавер. У Варшаве ўжо тры такія бары. Тут кормяць і наліваюць крафтавае піва.

«Бітары вельмі добра падыходзяць для печані, а джын дрэнна ўплывае на вас. Тутака ж яны ўраўнаважваюць адзін аднаго. Слухай Уэлса. Пі Негроні!»

kakao_warszawa

Адрас: Grochowska 248, Warszawa

Хлопец з Зэльвы Яўген Скрабутан адкрыў кавярню «Какава. Беларуская выпечка», дзе робіць какаву без цукру, прадае хатнія смятаннікі і знаёміць кліентаў між сабою. Яўген думаў адкрыць бар, але ў сям’і шмат хто захапляецца выпечкай, таму вырашылі рабіць менавіта кавярню. Для заснавальніка вельмі важна, каб у шыльдзе была згадка пра Беларусь — гэта нагода расказаць палякам пра сваю краіну. У доме, дзе месціцца гэтая кавярня, жывуць пяць беларускіх сем’яў. Раней яны бачыліся і не ведалі, што яны землякі, а пазней перазнаёміліся — у гэтай кавярні. Тут можна замовіць свежую выпечку: какосавыя прафітролі, арэшкі са згушчонкай, грушавы пірог з арэхамі, бананавы пірог з дурніцамі — і паразмаўляць з гаспадаром на роднай мове.

«Найбольшай папулярнасцю сярод нашых кліентаў з’яўляюцца арэшкі з варанай згушчонкай і раф (ванільная кава на вяршках) — вялікая рэдкасць на польскім рынку, але гэтак прывычная для нашых людзей. Таксама ў нас можна знайсці тварожныя сырнікі, несалодкія блінчыкі, хатнія пірагі, макаронсы 12 смакаў, печыва і трубачкі са згушчонкай. Усю нашу прадукцыю робім таксама на замову».

gigi.warsaw

Адрас: Oboźna 9, Warszawa

Беларусы Ягор і Аня адкрылі джын-тонік бар у Варшаве, на які выдаткавалі 100 тысяч долараў: уклаліся і ў рамонт, і ў інтэр’ер. У бары працуюць беларусы і ўкраінка, ніхто з іх яшчэ не ведае польскай мовы на належным ўзроўні, але ведаюць ангельскую, пры гэтым палякі да гэтага ставяцца нармальна. Інтэр’ер бара і яго меню ўражвае: тут ікру можна есці лыжкамі.

«Цяжка ўтрымацца і не пакаштаваць нашага тартару з ласосем. Толькі ласось, шпінат, норы, сметанковы сыр і чырвоная ікра — ніякіх сакрэтаў, чысты смак і мастацтва».

bakers_house_pl

Адрас: ul. Goleszowska, 1/LU3, Warszawa

У гэтую пякарню можна заехаць па свежы хлеб, багет, булачкі, круасаны, капкейкі ды іншую выпечку. Ёсць нават смятаннікі і трубачкі з бялковым крэмам, якія нагадваюць дзяцінства.

culturecafe.pl

Адрас: Postępu 27/u6, Warszawa

Утульная кавярня, адкрытая беларусамі, дзе ў меню ёсць халаднік з прасэка. Калі да такога вас жыццё не падрыхтавала, можна проста завітаць сюды на сняданак.

«Хочам найперш распавесці пра нашыя сырнікі з трускаўкамі альбо з варанай згушчонкай, якую мы робім самі, — і смак амаль такі, як нашы Рагачоўская альбо Глыбоцкая, каму як:) Нашыя сырнікі з тварагу і рыкоты нагадваюць нейкія такія родныя пачуцці, як у бабулі ў вёсцы, альбо матулі, калі ты да яе прыязджаеш ужо дарослы і табе хочацца крышачку вярнуцца ў дзяцінства, дзе ты яшчэ не маеш вялікіх клопатаў і не ведаеш пра боль 2020-га і вайну 2022-га. Што да напояў — гэта раф-кава, якую вельмі любяць і па якой сумуюць нашы людзі».

Гданьск

karmagdansk

Адрас: Tandeta 1, Gdańsk

«Карма» — гэта прытулак для эмігрантаў, якія збіраюцца тут, каб пазнаёміцца, патусіць і заадно пакаштаваць веганскай кухні. Тут можна рэалізаваць любы свой праект: паказ дыяфільмаў, чытку літаратурных твораў, канцэрт, квіз ці нейкую імпрэзу. Агульныя сталы спрыяюць знаёмству і сацыялізацыі, што актуальна для тых, хто пераехаў у Гданьск. Раней «Карма» існавала ў Менску, а цяпер ёсць тут, у Кіеве і ў Варшаве.

«Усё нашае меню цалкам веганскае: і кактэйлі, і ежа. Мы намагаемся не спыняцца на нечым адным, развівацца і здзіўляць людзей, таму меню пастаянна апгрэйджваецца і змяняецца. У нас ёсць фірмовыя аўтарскія кактэйлі і шоты, вялікі выбар крафтавага піва, безалкагальных кактэйляў, можна замовіць нешта з класікі і нават сказаць нашае любімае: “я не ведаю, чаго я хачу, штосьці някіслае, нягоркае і несалодкае”, і барманы пабавяцца ў гэтую гульню:)

Зоркі меню:

  • рамэн: японскі папулярны суп на міса-булёне, з прасянымі макаронамі, тофу і тэмпэ,
  • хот-дог: яго складнікі змяняюцца ў залежнасці ад сезону, нязменная толькі сасіска: восенню ён быў з салатай, зімой з аліўе, вясной з рэлішам, а зараз з коўл-слоў з апельсінам і гарчычным соўсам,
  • тофушніца: ідэальная пазіцыя для тых, хто прытрымліваецца безглютэнавай дыеты — веганскі адказ на звычайны скрэмбл, дзе замест яйка — тофу + шпінат з памідорамі чэры, крэм-чыз з зелянінай і салатай,
  • боўл унагі: вялізная міска з рысам, баклажанамі ў соўсе тэрыякі, ікрою-чыа, шпінатам і памідоркамі чэры,
  • кесадзілля: смажаная тарцілля з чорнай фасоляй, вэнджаным тофу, веганскім сырам чэдар і соусам чыпотле + свежы лайм».

cukiernia_le_delice

Адрас: Partyzantów 9/2, Gdańsk

Пякарня беларусаў у Гданьску існуе ўжо даўно і аднойчы нават стала найлепшай у горадзе. Тут вырабляюць смачныя круасаны, багеты і хлеб на заквасцы, а таксама торты і марозіва паводле ўласных рэцэптаў.

«На свята для ўсіх аматараў чарнічных мафінаў мы з задавальненнем стварылі свой чарнічны мафін і паўдзельнічалі ў гэтай падзеі. Наша чарнічнае печыва чакае вас!»

Катавіцэ

shisha.pub_kominiarz

Адрас: Wojewodzka 24, Katowice

Беларуская кальянная пры Марыяцкай, у якой наліваюць чэшскае і польскае піва, робяць кактэйлі і кальяны на любы густ.

«Вось так выглядае наш самы папулярны кісла-салёны кактэйль з тэкілы з цытрусавым смакам: напой на аснове маргарыты з нязменным упрыгожаннем з солі».

Шчэцін

hot_blin

Адрас: Santocka 17A, Szczecin

А ў Шчэціне ёсць беларуская блінная, у якой можна хутка і смачна перакусіць.

«У меню вялікі выбар салодкіх і салёных бліноў. Атмасфернае месца, каб паесці цэлай сям’ёй. А нашы малочныя кактэйлі нагадаюць смак дзяцінства».

Познань

my_namiejscu

Адрас: Fredry 5, Poznań

Познаньскую кавярню MY стварылі беларускі Вольга і Анастасія, якія пераехалі ў Познань яшчэ тады, калі гэта не было мэйнстрымам. MY — гэта міжкультурная прастора для беларусаў і людзей усіх нацыянальнасцяў, якія жывуць у Познані. Тут у бары праходзяць культурныя мерапрыемствы: сустрэчы з артыстамі, майстар-класы, лекцыі, выставы, канцэрты, стэндапы, развівальныя заняткі.

«У меню кавярні ёсць пельмені, якія так цяжка знайсці ў Польшчы, а таксама халаднік, і вядома ж, куды без дранікаў. А на дэсерт смачны і сакавіты мядовік альбо чызкейк. З напояў кавярня прапануе каву і гарбату, а калі ёсць жаданне адпачыць альбо павесяліцца, то ёсць смачнае піва і добрае віно».

Люблін

v.cafe_lublin

Адрас: Prezydenta Gabriela Narutowicza 14/19, Lublin

Зроблена з любоўю — гэта крэда беларускай кавярні ў Любліне. Тут ваш дзень пачынаецца з кубачка смачнай кавы, каб напоўніць вас пазітыўнымі эмоцыямі і ўсмешкай.

«Мы спецыялізуемся на каве ў розных яе інтэрпрэтацыях. З кухні ў нас можна пакаштаваць круасаны з рознымі начыннямі. І з аўтарскага — вафлі з грушай, прашута, грэцкім арэхам і соусам манга-кары».

Кіеў

karmakyiv

Адрас: Baseina St, 5B, Kyiv

«Карму» з Менску прывезлі ў Кіеў Глеб Кавалёў і Аляксандр Качан. Пасля пачатку вайны «Карма» з’явілася яшчэ ў Варшаве і Гданьску, але і ў Кіеве працягвае працаваць і застаецца месцам пра атмасферу і яднанне.

«Адразу зазначу, што ўсе стравы 100% веган. Мы маем штотыднёвую акцыю “Веган Ланч”, уся сутнасць якой — гэта запрашэнне сяброў_вак дзеля прыгатавання той ці іншай стравы (+- дамашняя кухня, адаптаваная пад веганскую). 30% з коштаў гэтай стравы мы перадаём ЗСУ (ці валанцёрам). Атрымліваецца дужа цікавы фармат. Для госця — нешта новае ды карыснае, для нас — цікавае ды, ізноў жа, карыснае, для іншых гасцей — новая страва “аўт оф меню”, ну і добрая справа».

berlin89bar

Адрас: Verkhnii Val St, 22, Kyiv, Ukraina

Бар Berlin89 адкрыла беларуская пара Віталь Лапцёнак і Надзея Наймушына, якія пераехалі ў Кіеў з Беларусі 10 гадоў таму, а таксама бар-менеджары з Мінска Ягор Пераход і Васіль Сапункоў. Калі пачалася вайна, бар зачыніўся, а пасля супрацоўнікі далучыліся да валанцёрскай ініцыятывы, гатавалі ежу для тых, хто мае патрэбу. Цяпер ён працуе як бар, але ўдзельнічае ў некаторых валанцёрскіх ініцыятывах.

«Давайце пазнаёмімся бліжэй — кактэйль Principal Kreuzberg. Моцны, мілы, шматгранны. У аснове ляжаць: брэндзі, бунтарскі амаро і свежы джын. Гэты кактэйль пра вечную класіку, але ў той жа час пра незалежнасць і смеласць, уласцівыя Берліну. Назвалі мы яго ў гонар маленькага і вонкава несамавітага клуба, які фактычна складаецца толькі з невялікай танцпляцоўкі і доўгай барнай стойкі. Але за гэтай стойкай ствараюць свае шэдэўры шматразовыя пераможцы розных чэмпіянатаў сярод бармэнаў».

Тбілісі

freedom_aroma_bar

Адрас: ‌22 Irakli Abashidze, Tbilisi

Гэта беларускае месца ў Тбілісі з грузінскім віном і еўрапейскімі стравамі. Тут праходзяць лекцыі, дэгустацыі віна, паэтычныя вечарыны, кававыя майстар-класы ды іншыя імпрэзы.

«Паста з морапрадуктамі, ці сырнікі, ці курыны булён са шпінатам і яйкамі — усё, што вы знойдзеце ў меню, мы гатуем з душой».

Батумі

nova_coffeebar

Адрас: Parnavaz Mepe 60, Batumi

Cпачатку беларусы думалі адкрываць кавярню ў Геленджыку, але лёс распарадзіўся іначай — і цяпер ёсць беларуская кавярня ў Батумі. Тут вокны ў падлогу, прыемная музыка і можна завітваць з хатнімі гадаванцамі. А яшчэ тут не толькі п’юць каву, але і працуюць. Тут у наяўнасці заўжды ёсць 3-4 віды зерня, якое можна набыць дадому.

«Гэта наш фірмовы напой — нітра-тонік. Робіцца на аснове нітра (кавы, узбагачанай азотам) і замарожанага колд-бру. Ідэальны напой у спякотнае надвор’е».

greejeen.coffee

Адрас:
Parnavaz Mepe, 1, Batumi
Kobaladze, 8a, Batumi

Greejeen — гэта месца з хатняй выпечкай, дзе заўсёды можна выпіць добрай кавы і занурыцца ў атмасферу цяпла і ўтульнасці. Беларусы ў Батумі стварылі кавярню, каб наведнікі заўсёды маглі прыйсці і атрымаць асалоду ад улюбленага напою ў сяброўскай атмасферы.

«Магчыма, вы не ведалі, але халодная какава і вафлі з шакаладам і садавіной маюць уласцівасць спыняць час. Ідэальнае рашэнне на той выпадак, калі ваш дзень праляцеў занадта незаўважна».

triple_bar_batumi

Адрас: Mazniashvilli 21, Batumi

Беларускі бар у Батумі, акурат у старым горадзе. Аўтарскія настойкі, яркія кактэйлі, смачныя закускі і сардэчкі на сценах, распісаных графіці, па якіх адназначна можна зразумець, што бар адкрылі беларусы.

«А вы ведалі, што ў нас можна ўзяць на вынас не толькі стравы і закускі, але і кактэйлі? Выдатны варыянт палепшыць свой шпацыр з сябрамі ці дарогу дадому».