Назва
Самае цікавае пачынаецца ўжо ад назвы. Яна цалкам арыгінальная і не яднае нас ні з лацінамоўнымі, ні з рускамоўнымі (October-октябрь) суседзямі. Зрэшты, свае назвы для кастрычніка маюць і ўкраінцы (жовтень), і палякі (październik).
Што б вам ні чулася, у кастрычніку няма ні «кастроў рабін», ні якіх заўгодна вогнішчаў і палання агнёў. Наша назва па сэнсе найбліжэйшая да польскай: яна паходзіць ад слова «кастрыца». Нашыя продкі якраз у гэтую пару церлі ды трапалі лён і канаплю, з якіх ападала шмат адкідаў пад назвай «кастра». У польскім «паздзерніку» такая ж логіка — там адкіды называюцца «паздзеж».
Яшчэ цікавей, што назву «кастрычнік» насамрэч прыдумалі і запусцілі ў народ у рэдакцыі «Нашай нівы», той самай першай беларускай газэты з рысункамі, якую выдавалі на пачатку XX стагоддзя. У календары «Нашай нівы» 1912 года «кастрычнік» ужываўся разам з «паздзернікам» ды «акцябром», аж пакуль не выгрыз няродных братоў і канчаткова замацаваўся ў мове.
Савецкім уладам пасля рэвалюцыі 1917-га «кастрычнік» муляў, і яны намагаліся прышчапіць нам уніназву «акцябр» лацінскага паходжання, якая добра прыжылася ў расейскай мове. Аднак на абарону кастрычніка ўсталі літаратары ды мовазнаўцы, і назву пакінулі, праўда, наймалодшае звяно савецкай піянерыі — акцябратаў — усё ж не дазволілі называць кастрычнічанятамі (хоць для іх такая назва магла б быць добрым лагапедычным практыкаваннем).
Кастрычніцкая рэвалюцыя
Менавіта гэтай падзеі (а не ірацыянальнай любові бальшавікоў да дзясятага месяца), мы абавязаныя незлічонай колькасцю тапонімаў са словам «кастрычнік». Кастрычніцкія плошчы, вуліцы, кінатэатры, крамы і пасёлкі раскіданыя па ўсёй мапе Беларусі. Ёсць пэўная іронія ў тым, што вуліца Кастрычніцкая на нейкі час ператварылася ў самы еўрапейскі і несавецкі закуток нашай сталіцы.
Сама рэвалюцыя разам з усталяваннем савецкай улады замацавала з’явішчы, якія дагэтуль у той ці іншай ступені адгукаюцца ў нашай паўсядзённасці: атэізм замест рэлігійнай традыцыі, адсутнасць прыватнай уласнасці і палітычнага выбару.
Але да ўсяго гэтага сённяшні кастрычнік дачынення не мае: паводле новага стылю (таго, па якім мы жывем), рэвалюцыя адбылася ў лістападзе (7–8.11).
Кастрычніцкі цягнік нашых мрояў
Сваё стаўленне да вялікай рэвалюцыі яшчэ ў канцы 80-х выразіў легендарны рок-гурт «Мроя» (той, што потым стане NRM, а ў нашы часы раздвоіцца на NRM і асобна Лявона Вольскага). У апошні год 80-х выйшаў альбом «28-я зорка», адной з песень на якім быў «Кастрычніцкі цягнік». Вось словы з яго:
У старым запэцканым вагоне
Поўзаюць па сценах павукі.
Па падлозе ў прывідным сутонні
Тоўстыя гуляюць пацукі.
Прыпеў:
Кастрычніцкі цягнік,
Цягні сябе, цягні,
Кастрычніцкі цягнік.
Час
У краінах, якія пераходзяць на зімовы час, кастрычнік — самы доўгі каляндарны месяц года. Ён даўжэйшы на адну гадзіну за ўсе іншыя месяцы, якія складаюцца з 31 дня.
З 1985 года ў Еўропе кастрычнік сімвалічна афарбаваны ў ружовы — гэты месяц прысвечаны барацьбе з ракам грудзей і прафілактыцы гэтага надзвычай пашыранага захворвання, якое, да таго ж, заўважна маладзее. Рак грудзей дагэтуль з’яўляецца самым частым відам (25% ад усіх выяўленых відаў) злаякаснай хваробы ў жанчын.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя нагадвае, што ажно 90% відаў раку грудзей, выяўленага на ранняй стадыі, лекуецца. Таму гэтак важна рабіць рэгулярныя скрынінгі свайго здароўя і раіць гэта сяброўкам ды сваячкам.
Чым заняцца ў кастрычніку (варыянт па-заходняму)
- Зварыць гарбузовае латэ і яблычны джэм.
- На дзень выправіцца ў лес, калі лісце стане зусім жоўтым.
- Зрабіць DIY-свяцільнік з гарбуза, не чакаючы Хэлаўіну.
- Падсмажыць маршмэлаў у каміне (грубцы ці над вогнішчам).
- Пачытаць Стывена Кінга (ці іншыя жахі на выбар).
- Запрасіць сяброў на глінтвейн і раскласці намёт у кватэры.
Чым заняцца ў кастрычніку (беларускі варыянт)
- Спячы слівавы пірог, зварыць гарбузовую кашу.
- Запрасіць сяброў на бульбяную бабку.
- Прыбраць могілкі да Дзядоў (1.11).
- Не забыцца пра Ноч расстраляных паэтаў (сачыць за афішамі падзеяў).
- Пачытаць паэзію.
- Напісаць верш або аповед.