Duolingo
Duolingo — дапаможнік па вывучэнні моваў. Простая, цікавая і вясёлая аплікацыя з урокамі па розных мовах (не толькі самыя папулярныя ангельская, нямецкая да гішпанская з французскай, але і турэцкая, ірландская і нават клінгонская). Займацца цікава будзе і дзецям, і дарослым, можна выбраць для сябе камфортны ўзровень і паступова ўдасканальваць свае навыкі. Прыемны факт — аплікацыя нармальна працуе ў бясплатнай версіі.
MyFitnesPal
MyFitnesPal — дае магчымасць лічыць калорыі, складаць рацыён і ўсяляк сачыць за сваім здароўем і формай. Гэтая аплікацыя здзівіць вас сваімі магчымасцямі, але самы папулярны кірунак — падлік калорый. У базе знаходзяцца тысячы прадуктаў з усяго свету. Дастаткова прасканаваць штрых-код на пакунку ці ўвесці назву, каб атрымаць распісаныя складнікі. Таксама можна дадаваць уласныя стравы, сачыць за дынамікай вагі, колькасцю крокаў, фізічнай актыўнасцю і г.д.
DailyArt
DailyArt — гід па мастацкіх творах. Ён увядзе вас у свет культуры і мастацтва, раскажа пра выбітныя творы, навучыць і пакажа, як адрозніць якаснае мастацтва ад другаснага. Гэтая аплікацыя будзе карыснай для тых, хто займаецца мастацтвам прафесійна, вучыцца ці проста хоча быць адукаваным чалавекам, з якім прыемна паразмаўляць пра высокае.
Forest
Forest — дапамагае сканцэнтравацца і пасуе тым, хто мае праблемы з засяроджаннем увагі і грашыць пракрастынацыяй. Ніякага асуджэння ці строгіх забаронаў. Каб не зазіраць у сацсеткі і не заліпаць на відосіках кожныя пяць хвілін, вы проста садзіце віртуальнае дрэва, а калі парушаеце блок — ваша дрэва гіне. У каго падымецца рука спілаваць прыўкрасную раслінку нават дзеля відосаў з коцікамі на ютубе? Менавіта на гэта і разлічвалі стваральнікі Forest, а мільёны задаволеных карыстальнікаў падцвярджаюць — гэта працуе. Аплікацыя платная, але ёсць некалькі бясплатных адпаведнікаў.
Quit That
Quit That — дапамагае пазбавіцца ад дрэнных звычак. Усе мы маем звычкі ці залежнасці, без якіх нашае жыццё было б лепшым. Стваральнікі Quit That спрабуюць падтрымаць тых, хто наважыўся на перамены. Пастаўце сабе задачу, абярыце шлях і працуйце над тым, каб кінуць паліць / піць каву / працаваць на нялюбай працы або нават зашмат сядзець у сваім кампутары памерам з далонь.
Todoist
Todoist — планавальнік задач. Вэб-сайт і набор праграмаў, якія дапамагаюць весці спіс справаў. Магчыма, гэта не самы захапляльны планавальнік, але сваю функцыю ён выконвае і ў выпадку працы з бізнэс-задачамі, і паўсядзённымі справамі.
NASA app
NASA app — набор аплікацый, якія пашыраюць веды пра космас і сусвет. Яны дадуць доступ да агромністай колькасці матэрыялаў, якія назапасіла за гады працы Нацыянальнае касмічная агенцыя ЗША. Відэа і тэхналагічныя навіны, цікавосткі і здымкі са спадарожнікаў — усё гэта можна знайсці ў бясплатных праграмах ад NASA.