Гiды

Дзевяць беларускіх кліпаў, якіх вы маглі не бачыць

Дзевяць беларускіх кліпаў, якіх вы маглі не бачыць

Беларуская музыка ды відэакліпы заўсёды былі нібы ў стасунках на адлегласці: сустракаліся рэдка, часам на чужой тэрыторыі, але збольшага назіралі адно за адным здалёк і спрабавалі хоць неяк захаваць узаемную цікавасць. Яно зразумела: да нядаўняга часу, каб зняць кліп, патрэбныя былі немалыя грошы ды пляцоўкі, дзе іх паказваць. А гэта ўжо пахне рэальным шоў-бізнэсам, водары якога нячаста заляталі на абшары нашай гаротнай. Сёння, калі кожны мае тэлефон і акаўнт у ютубе або ціктоку, грошы — ці не найменшая з праблем. Галоўнае, каб была добрая песня і творчае нахабства. Сойка палётала па гушчарах ютуба і сабрала дзявятку цікавых відэа: ад свядомага поп-крынжу да застрашлівага хараства.

PANUSIALAN feat. BABANIURA — ЦУКЕРКА

Кароль заходнебеларускага рэпу ад сахі Пан Усялян разам з Бабай Нюрай дае чаду ў відэа пра вясковы летні варушняк. Гумар, сок, дыскач, начное вогнішча, жывая гаворка і настальгічныя ноткі.

Nevika — Вечарына

Яшчэ адзін кліп пра спробу збегчы ад рэчаіснасці, хоць бы на час, пакуль гучыць заборысты біт, а Nevika годна сцеліць. Трохі карціннага канфлікту бацькоў і дзяцей у якасці прадмовы да песні яшчэ нікога не забіла. А трэндавыя псеўдадзевяностыя для алдоў — як трыпутнік на ваву.

Super Besse — Zabiraiu

Недаацэнены атмасферны кліп непрыхаваных аматараў Тур-дэ-Франс хочацца пераглядць зноў і зноў. Пад гэты халодны медытатыўны пост-панк можна гіпнатычна танчыць, заплюшчыўшы вочы, ці нерухома сядзець, утаропіўшыся ў экран. Горад, офісная штодзённасць, адзінота і заціснутыя глыбока ўнутр мроі, якія так ці іначай вырвуцца навонкі.

Michael Dailida — Вечер для дерева

Рамантычная, іранічная, вынаходлівая гукавая ды візуальная стылізацыя ад Майкла Дайліды. Падарожжа на крылах ветру разам з матылькамі і пялёсткамі ружаў. Магчыма, менавіта такой казкі вам зараз і не хапае.

Разбітае сэрца пацана — Ровар

Гэтую жартоўную песню-жальбу многія маглі чуць у тым ліку жыўцом на выступах РСП, але для поўнага пагружэння хлопцы падарылі нам адмысловы крынжовы візуал. Буслы, мянты, мазы-трактары, пейзажы з айчынных рублёў і трэш-скульптуры з сена — ведаюць дзядзькі, чым крануць сэрца беларуса й беларускі.

TryNici — Lito

Уявіце Івана Кірчука, Маргарыту Ляўчук і Сержука Доўгушава ў адным праекце: гучыць як фантастыка, а такі праект быў. І хай сабе «ніці» як спляліся, так і распляліся, але на памяць засталіся два цудоўныя пераасэнсаванні фальклорных песень і дзве выдатныя рэжысёрскія працы. Адна з якіх, акурат на трэк Lito, — Юрыя Дзівакова.

Ilwood feat. Вераніка Круглова — Незваротны

Гэта не зусім кліп, а простая і прыемная візуалізацыя кампазіцыі гітарыста Ilwood на словы Алеся Разанава. Гітара, вакал Веранікі Кругловай і надзвычайная паэзія — нічога лішняга.

Барысаўскі Тракт — Мышка

Чым бавіцца моладзь у РБ? Размаўляе па-французску і гуляе ў хованкі сярод менскіх вуліц і плошчаў. Сюжэтны музычны міні-фільм з бесклапотнай юначай атмасферай і трохі снегу ў дадатак.

N.R.M. — Песні пра каханне

І напрыканцы, у рубрыцы «бэнээфаўскія дзевяностыя», мы ўспамінаем кліп NRM, які круцілі па БТ. Сёння такі разгул плюралізму і свавольства нам можа толькі сніцца. Двубой па паяданні жамяры на час, малінавыя пінжакі і круглатвары ўсмешлівы Вольскі, які поўняй вісіць па-над усім гэтым вясёлым вар’яцтвам.