Запісацца ў спартзалу
Вы калі-небудзь задумваліся, да чаго падобныя вашыя адносіны з целам? Ці можна іх назваць сяброўскімі? Ці можа цела — гэта свайго роду камерцыйны праект, ад якога чакаюцца дывідэнды? Падпарадкоўваць сабе цела, абапіраючыся на комплексы — гэта шлях, у канцы якога тупік. Спорт вельмі важны для здароўя. Але ці здароўем мы кіруемся, калі запісваемся ў спартзалу?
Альтэрнатыва: Адкажыце сабе сумленна, для чаго вам займацца спортам, прыслухайцеся да сябе, свайго цела, каб зразумець, якая фізічная нагрузка пасуе менавіта вам. Можа гэта не зала, а ёга, танцы, пілатэс, бег, плаванне? Цела — адзіны сябра, які з намі з самага пачатку да самага канца. Вашая ўвага да яго патрэбаў — гэта падзяка за тое, што яно заўсёды побач.
Схуднець
Гэта абсалютна нармалёвае жаданне — вярнуць сабе тую вагу, у якой вам камфортна. Але варта звярнуць увагу, якімі спосабамі і стаўленнем да сябе вы гэтую мэту здзяйсняеце. Варта зразумець, што прывяло да набору вагі. Можа быць, новыя кілаграмы — гэта вынік стрэсу. А вы ўжо новы стрэс для свайго арганізма плануеце. Ці калі вы «заядаеце» — варта зразумець, што менавіта. Адсутнасць пазітыўных эмоцый? Трывогу? Цела і псіхіка неразрыўна звязаныя.
Альтэрнатыва: Зразумець, які ўдар на сябе ўзяло вашае цела ці што замяшчае ежа ў вашым жыцці. Замест барацьбы падтрымаць сябе і пашукаць іншыя спосабы задавальнення патрэбаў ці зніжэння трывогі.
P.S. Нагадваем пра важнасць своечасовага медыцынскага агляду.
Не сядзець у сацсетках
Сацсеткі — ужо частка нашай эпохі тэхналогій. Зусім не сядзець у сацсетках наўрад ці ўдасца, ды і навошта? Праз іх мы дазнаемся шмат цікавага і карыснага. Але вось паспрыяць таму, каб жыць сваё сапраўднае жыццё больш, чым лічбавае, — можна.
Альтэрнатыва: Самы просты спосаб абмежаваць час, які мы праводзім анлайн, — гэта зрабіць насычаным сваё жыццё афлайн. Насычаным — не значыць тым, у якім тысяча падзей на квадратны метр, а тым, у якім вы насычаныя эмацыйна. Што гэта магло б быць менавіта для вас?
Прачытаць 100 кніг
«Пакуль усё не даясі, з-за стала не пойдзеш» (с) мама, тата, бабулі, дзядулі… Знаёма? На жаль, большасці знаёма. Потым дзеці, у якіх было так прынята, вырастаюць і не могуць распазнаць сваё «хачу» ад чужога «трэба». Прымушаць сябе даядаць, калі ты не галодны, роўна як і чытаць тое, што не цікава і калі не хочацца — гэта гвалт над сабой. І як вынік — страта кантакту са сваімі пачуццямі і немагчымасць адказаць на адно з галоўных пытанняў: «А чаго я хачу?»
Альтэрнатыва: Дазволіць сабе не дачытваць кнігі, якія таго не вартыя. А на тое, каб распазнаць гэта, спатрэбіцца час. Кінуць чытаць кнігу на палове — нармальна. Як і не даядаць ежу, калі вы ўжо сытыя. Чытаць кнігі не дзеля колькасці, а дзеля перажывання асалоды ад дачынення да іншых сусветаў.
Здзейсніць усе пункты з карты жаданняў
Ад нас у гэтым свеце, на жаль (а можа, і на шчасце), не ўсё залежыць. І трэба ўлічваць, што можа стацца так, што абставіны вырашаць згуляць з вамі ў дурня, а козыры будуць не ў вашых руках. Што тады?
Альтэрнатыва: Перад любымі мэтамі дамаўляйцеся з сабой: што будзе, калі гэтым разам не ўдасца? Як вы паставіцеся да сябе з гэтай нагоды? Улічвайце, што для таго, што вы задумалі здзейсніць сёлета, можа спатрэбіцца больш часу. Ці будзеце вы ў гэтым беражлівымі да сябе і цярплівымі? Урэшце, ніводная мэта не павінна сапсаваць вашыя стасункі з самім(ой) сабой.
Стаць лепшай версіяй сябе
Як так сталася, што мы ўжо канкуруем не толькі з іншымі, а яшчэ і з сабой? «Лепшая версія сябе» гучыць так, быццам гаворка ідзе не пра жывога чалавека, а пра апгрэйд нейкай кампутарнай гульні ці прадукта. І безумоўна, сама ідэя таго, што чалавек павінен рухацца наперад і развівацца — добрая, але трэба ўлічваць, што людзі — гэта не мабільная тэхніка, якую можна паставіць ноччу на падзарадку, каб загрузіць новую версію сістэмы. І тады ў гэтай ідэі не хапае аднаго важнага элемента — беражлівага стаўлення да сябе.
Альтэрнатыва: Перад тым як гнацца за лепшай сваёй версіяй, звярніце ўвагу на тую, якая ёсць цяпер. Можа, ёй зараз патрэбная не гонка, а вашая падтрымка і адпачынак? Можа, вам неабходна больш часу і больш фізічных намаганняў, чым тое, што вы сабе напланавалі? Інакш кажучы, калі мы ставімся да сябе як да прадукту, дзе важная рынкавая канкурэнцыя, то добра было б улічваць і першапачатковыя завадскія наладкі.