Гiды

Матывацыя: як пачынаць справы і даводзіць іх да канца

Матывацыя: як пачынаць справы і даводзіць іх да канца

Малюнак Анастасіі Дачко

Усім нам хочацца лёгка брацца за любыя справы і мець вынік на «пяцёрачку». І пажадана, каб 24/7 побач была муза. Яна ж матывацыя. Але як яе знайсці? Прымусіць сябе? Заахвоціць? Падмануць? Ультыматум выставіць? Разбіраемся, што гэтай самай музе падабаецца, а што — не.

Рубрыку вядуць псіхалагіня Надзея Гарадніцкая і мастачка Анастасія Дачко. Надзея і Наста для нас разбіраюць самыя складаныя і важныя пытанні, якія сёння закранаюць кожнага з нас.

Сістэма ўзнагарод і пакаранняў

Памятаеце пра пугу і пернік? Забудзьце. Такі падыход спрыяе вашай матывацыі толькі на першых этапах, а потым робіць горш. Чаму? Таму што паступова даводзіцца павышаць стаўкі. То бок ці ўзмацняць пакаранні, да якіх у вас ужо імунітэт, ці прапаноўваць усё больш узнагарод, бо «наеліся».

Пуга і пернік — гэта кантроль, дзе няма свабоды волі. З цягам часу ўвага, патрэбная для вашай дзейнасці, творчасці, пачне звужацца да ўзнагарод. Напрыклад, вы ведзяце блог. На колькі вас хопіць, калі ваша працаздольнасць залежыць ад колькасці лайкаў? Чужыя пазітыўныя ацэнкі больш прывязваюць нас да саміх ацэнак і да людзей, чые пальчыкі ціснуць падабайкі, чым спрыяюць матывацыі.

Пакаранні — яшчэ горшая ідэя. Калі вы за любую цукерку на заўтра намотваеце крос, ваша псіхіка праз нейкі час пачне караць сябе за любое задавальненне. Вы нават не заўважыце, як трапіце ў неўратычнае кола забароны на радасць. Хіба вы больш палюбіце спорт пасля гэтага? Дакладна не. Гэта не пра дысцыпліну, а пра гвалт над сабой.

Што рабіць?

Па-першае: перастаць сябе падманваць. Адсутнасць матывацыі сведчыць пра тое, што задуманае, на самой справе, вам проста не цікава і не патрэбна. Вы можаце сябе пераконваць хоць сто разоў, але мозг за некалькі секунд тэсціць вашыя нейронныя сеткі (ваш мінулы досвед і ўсё звязанае з ім) і робіць высновы

Ніякая матывацыя не спрацуе там, дзе няма зверкі з вашымі пачуццямі. Напрыклад, вы хочаце пахудзець, але для гэтага трэба перастаць есці салодкае. Чым не матывацыя скінуць пару кілаграмаў, спытаеце вы? Не матывацыя, таму што ваш мозг памятае і вашыя пакуты, звязаныя з пахудзеннем, і тое, што ставіцца лепш да сябе вы будзеце толькі кароткі час. А задавальненне ад салодкага? Менавіта. Без пакутаў і доўгатэрмінова.

Выснова першая: вам павінна падабацца тое, што вы робіце.

Увага! Радасць ад дзеяння часта прыходзіць ужо падчас самога дзеяння. А што яна дае? Правільна: матывацыю гэта працягваць. Заканамернае пытанне: выходзіць, што без задавальнення няма матывацыі? Ёсць. Але тады мы звяртаемся да катэгорыі, вышэйшай за задавальненне — да сэнсу.

Навошта я раблю тое, што раблю?

І больш складанае пытанне: навошта я раблю тое, ад чаго у мяне няма задавальнення? Напрыклад, кожны дзень хаджу на нелюбімую працу? У такім выпадку пашукайце, дзеля чаго вы гэта робіце. Можа грошы, якія вы там зарабляеце, дазваляюць вам падарожнічаць? Ці жыць так, як вам падабаецца? Ці вы аплочваеце вучобу для новай прафесіі?

Яшчэ важна адрозніваць матывацыю «ад/–» і матывацыю «для/+». Параўнайце: я хачу пахудзець для таго, каб не быць «непрыгожай», і я хачу пахудзець, каб быць здаровай. Якая матывацыя мацнейшая? Наш мозг разумнейшы за нас, ён вельмі пісьменна размяркоўвае энэргію для арганізма. У здаровым целе вы можаце зрабіць больш у гэтым жыцці, дзеля гэтага жыцця. А прыгажосць — гэта суб’ектыўная катэгорыя, якая ніяк не ўплывае на якасць пражывання вамі свайго жыцця. Для чаго арганізм вылучыць больш энэргіі?

І апошняе: параўнанні і канкурэнцыя можа і паспрыяюць нейкай матывацыі, але ў той жа час скрадуць вашу ўвагу, каб сачыць за іншымі. І тады ёсць рызыка згубіць сябе і сваё жыццё, якое і ёсць выток вашай матывацыі. Ніякія музы не спатрэбяцца, калі вы прыслухоўваецеся да сваіх каштоўнасцяў і беражліва ставіцеся да сваіх пачуццяў. Цікаўцеся сваім жыццём!

Цяпер самае апошняе, абяцаю: не забывайце адпачываць.