Перад тым як пакласці на талерку…
На Захадзе разгараецца грыбны скандал. Міколагі лямантуюць пра паўстанне машынаў. Прынамсі, у іх сферы. На буйным маркетплэйсе пачалі з’яўляцца кнігі пра грыбы аўтарства штучнага інтэлекту. Нейрасетка не нясе адказнасці за праўдзівасць сваіх словаў — яна проста кампілюе розныя дадзеныя. Навукоўцы заклікаюць не рызыкаваць здароўем і не давяраць сумнеўным кнігам, калі размова ідзе пра ядомасць ці атрутнасць грыбоў.
Гэтак і вы не забывайцеся, што хоць усе грыбы з нашага спісу лічацца ядомымі ці ўмоўна ядомымі, а Сойка — лясная птушка, гарантаваць мы можам толькі тое, што ўсе згаданыя арганізмы вельмі прыгожыя.
Беларускі карал (Спарасіс кучаравы)
Нясціплае прозвішча «цар-грыб» мусіць настроіць вас на патрэбны лад. Спарасіс бывае розных відаў, але ўсе яны падобныя да куста ці каралу. Такі грыб шмат важыць (да 10 кілаграмаў) і высока цэніцца, бо мае прыемны смак, лекавыя ўласцівасці, арэхавы пах. Вось толькі ласавацца ім нельга — ён занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Снежны вожык (Яжовік каралападобны)
Форма яжовіка разбурае масавае ўяўленне пра эталонныя грыбы. Ні табе ножкі, ні шапачкі. Адныя тэнтаклі… То бок, лапкі-хваінкі. Адныя разнавіднасці больш нагадваюць сівую бараду, іншыя больш блізкія да канвенцыянальных грыбоў. У гэтых толькі мяккія шчацінкі-іголачкі нагадваюць пра вожыкавае паходжанне.
Яжовік каралавы з выгляду як беласнежны зімовы лес ці агромністая сняжынка (яго вага можа дасягаць 1,5 кілаграмаў). Як і іншыя віды яжовікаў, каралавы мае лекавыя ўласцівасці і знаходзіцца пад абаронай.
Дрыжыць за свой лёс (Tremella: дрыжалка аранжавая)
Калі вы наведвалі беларускі лес ў канцы кастрычніка, то стоадсоткава бачылі дрыжалку аранжавую. У шэрым восеньскім лесе пазнаць яе лёгка, бо… аранжавы грыб дрыжыць і ўсім выглядам нагадвае жэле. Колер дрыжалкі прыцягвае ўвагу, а вось каштаваць яе адважваецца не так шмат грыбнікоў. І дарэмна, бо грыб ядомы, некаторыя ядуць яго нават сырым. У традыцыйнай медыцыне дрыжалку выкарыстоўваюць для вытворчасці імунастымулятараў і супрацьпухлінных прэпаратаў.
Зоркі ў лесе (Зорачнік, або Землязорка)
Напэўна, вы ўжо заўважылі логіку ў грыбных назвах. Вось і зорачнік напрыканцы свайго жыццёвага шляху распускае «промні», як зорка. Напачатку круглы арганізм раскрываецца, як кветка з чатырма пялёсткамі. Зорачнікі лічацца неядомымі грыбамі, але знаходзяцца пад абаронай, бо сустракаюцца досыць рэдка.
Шэры і хітры (Лісічка шэрая)
Гатычная прынцэса еўрапейскага лесу як ніхто іншы магла б распавесці пра знешнасць, якая ўводзіць у зман. Гэты грыб мае глыбокі графітавы колер, аксамітны капялюшык, кучаравы па баках. Праз нетыповы і «змрочны» выгляд грыбнікі яе ігнаруюць, хоць есці лісічку шэрую можна свабодна. Адметная яна і сваім салодкім ды прыемным пахам. Яшчэ адзін грыб з Чырвонай кнігі Беларусі.
Вядзьмарскі грыб (Павуціннік фіялетавы, або Сінюха)
Фіялетавыя грыбы часта ўпрыгожваюць дзіцячыя малюнкі і зусім рэдка сустракаюцца ў суворых беларускіх лясах. Павуціннік фіялетавы наадварот вабіць колерам — ад шараватага да яскрава-ліловага. Кажуць, ён з’явіўся ў Беларусі у 2020 годзе, але насамрэч яго і раней перыядычна сустракалі па ўсёй тэрыторыі краіны.
Гэты сімпатычны мульцяшны грыб можна ўжываць у ежу, але ўбачыць яго можна не так часта, каб ахвочыя да грыбоў маглі разлічваць на багатыя запасы. Дарэчы, павуціннік фіялетавы — далёкі сваяк шампіньёна.