Цар-дуб «Пажэжынскі»
- Берасцейская вобласць, Маларыцкі раён, 3 км на ўсход ад вёскі Старое Раматава
Цар-дубам называюць найстарэйшы дуб у пэўнай мясцовасці, то бок у кожным абласным рэгіёне Беларусі ёсць свой цар сярод векавых дрэваў. «Пажэжынскі» ж усім царам дасць фору: доўгі час лічылася, што дубу больш за 800 гадоў, пра гэта сведчыць і прымацаваная побач таблічка. Але гэта аказалася «фінтом рыбака», які разведзенымі ў бакі рукамі паказвае памер свайго ўлову: інструментальныя вымярэнні ўзросту ў 2017 годзе выявілі, што дубу «ўсяго» 380 гадоў. Пры гэтым за ім захаваўся статус найстарэйшага дрэва краіны*. «Пажэжынскі» ўваходзіць у эколага-турыстычны маршрут, які складаецца з 11 кропак агляду (журботны лес, луг, дуброва, дрыгва і г.д.).
*У спіс не ўключаныя дрэвы з тэрыторый Нацыянальных паркаў і запаведнікаў. У Белавежскай пушчы дакладна вядомы дуб узростам 400 гадоў і хвоя — 380 гадоў.
Дуб-дзядуля
- Менская вобласць, Лагойскі раён, Янушкавіцкі сельсавет, вёска Карпілаўка
«…нa caмым вepce гэтaй гapы poc тaкi дyб, штo aж дзiвiўcя нapoд: вeлiч, тaўшчыня, a cyкi тaк paзpacлicя, штo, здaвaлacя, cвeт бы пaд cябe xaцeў пaдгapнyць. 3 дaвён-дaўнa ўce звaлi ягo: дyб-дзядyля».
У Карпілаўцы знаходзіцца, магчыма, самае літаратурнае дрэва Беларусі: дуб стаў героем апавядання Ядвігіна Ш. — пісьменнік пераехаў на сядзібу з сям’ёй у 1897 годзе. У суседніх Акопах Янка Купала ўпершыню прачытаў сваю «Паўлінку». З часоў Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы засталася высаджаная ім алея высачэзных ліп, парослыя мохам камяні ды той самы дуб-дзядуля. Да яго абавязкова трэба дакрануцца і загадаць жаданне.
Photo: poshyk.info
Лістоўніца еўрапейская
- Берасцейская вобласць, Баранавіцкі раён, Маўчадскае лясніцтва
Ёсць як мінімум дзве прычыны завітаць у Маўчадскае лясніцтва. Па-першае, там знойдзеце самае высокае дрэва Беларусі вышынёй 50 метраў (уявіце сабе 17-павярховы будынак!). Па-другое, без візы перанясецеся туды, дзе яна патрэбна: лістоўніца еўрапейская ў межах натуральнага арэалу займае галоўным чынам горныя рэгіёны ў Альпах і Карпатах. Як бачыце, прыжылася яна і ў Беларусі. Гэтым фактам могуць ганарыцца і нашы нашчадкі: дрэвы вылучаюцца даўгавечнасцю, дажываюць да 500 і больш гадоў.
Сахонаўскі дуб
- Віцебская вобласць, Верхнядзвінскі раён, 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Вышнарова
Жыць самі па сабе могуць не толькі людзі ці жывёлы, але і дрэвы. Асаблівасць гэтага дуба ў тым, што ён расце ў ганарлівай адзіноце. У настолькі ганарлівай, што да яго нават не вядзе дарога: каб убачыць дрэва ў цёплы час, трэба прайсці каля 1,5 км па ўзараным полі. Хутчэй за ўсё, дуб так жыў заўсёды: уражлівы размах кроны і адносна невялікая вышыня дазваляюць меркаваць, што на працягу свайго жыцця ён рос на адкрытай мясцовасці, не адчуваючы канкурэнцыі з боку іншых дрэваў. А назву атрымаў ад найбліжэйшай вёскі Сахонава, якая ўжо нават не існуе.
Казлоўскі дуб (Дуб Якуб)
- Менская вобласць, Нясвіжскі раён, паша каля вёскі Казлы
У старой беларускай замове гаворыцца: «На моры-акіяне, на востраве Буяне стаяў дуб Якуб на дванаццаць какатоў, на дванаццаць парасткаў». Насамрэч дрэва з такой назвай знаходзіцца на нясвіжскай зямлі і мае статус чэмпіёна — гэта дуб з самым вялікім у краіне камлём, перыметр якого складае 810 см. Калі лічба не ўразіла, арганізуйце экскурсійную групу ў складзе пяці дарослых і аднаго дзіцяці — і накіруйцеся да Якуба. Менавіта столькі чалавек спатрэбіцца, каб яго абхапіць.
Васьмітычынкавы каштан
- Гарадзенская вобласць, Карэліцкі раён, вёска Райца
Гэта гісторыя з тых часоў, калі беларусам таксама складана было выязджаць за мяжу — не праз візу, а праз грошы, якімі мала хто валодаў. Але ў княгіні Стэлы Раецкай яны былі: некалькі стагоддзяў таму яна прывезла з парыжскай выставы ў радавы маёнтак не кветачку пунсовую, але васьмітычынкавы каштан. І доўгі час гэта было адзінае такое дрэва ў Беларусі — не так даўно яго ўдалося размножыць. У Райцы таксама можна пабачыць рэдкую белую таполю, якая не дае пуху.
Дуб зімовы «Сенькаўшчынскі»
- Гарадзенская вобласць, Слонімскі раён, 2 км на поўдзень ад вёскі Едначы, Сенькаўшчынскае лясніцтва
Дуб зімовы — не таму, што нарадзіўся ўзімку. Хаця хто зараз што дакажа, бо з’явілася дрэва на мяжы 18-га і 19-га стагоддзяў. Зімовы, у першую чаргу, таму, што адносіцца да феналагічнай формы з познімі тэрмінамі вясновага распускання лісця. Калі па-прастому, лістота на такіх дрэвах засыхае на галінах, застаецца на ўвесь зімовы перыяд і скідаецца ўжо вясной, калі пачынаюць з’яўляцца новыя пупышкі. Таму сенькаўшчынскі волат амаль круглы год сустракае гасцей ва ўбранні лістоты.
Дуб Дэвайціс (Dewajtis)
- Берасцейская вобласць, Кобрынскі раён, вёска Грушава
На тэрыторыі старажытнага сядзібнага парку ў вёсцы Грушава расце дуб-волат з загадкавай назвай Дэвайціс (Dewajtis). Слова мае літоўскае паходжанне і ў народнай паэзіі часта азначае старэйшага бога: у легендах ён з’яўляецца ў выяве старога ці жабрачкі, якія вандруюць дзеля выпрабавання набожных людзей. Дуб расце на тэрыторыі невялікага пейзажнага парку, які, як мяркуецца, быў закладзены тут разам з сядзібай у 1825 годзе.
Хвоя «Пяціствольная»
- Гомельская вобласць, Ельскі раён, 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Вішанькі, Качышчанскае лясніцтва
У адрозненне ад некаторых герояў гэтага гайду, хвоя звычайная нідзе не хаваецца, яе лёгка прыкмеціць: яна расце збоку ад аўтадарогі мясцовага значэння Ельск — Качышчы. Прычым не заўважыць яе немагчыма: пяць ствалоў у форме ліры — такі цуд трэба яшчэ пашукаць. Цікава, што аўтар гэтага твора — не сама прырода як такая, а насякомыя (парасткаўюны), вусені якіх сілкуюцца расліннымі тканкамі ўнутры пупышак, атожылкаў або галін галоўным чынам хвоі. Адсюль скрыўленне ствалоў, шматвяршынне і іншыя пашкоджанні. У нашым выпадку дзеянне шкоднікаў прывяло да так званай «дэкаратыўнай выродлівасці», у выніку якой самая звычайная, шырока распаўсюджаная хвоя, якая не пераступіла нават векавой мяжы, заняла ганаровае месца сярод помнікаў прыроды.
Векавы дуб «Брыцалавіцкі»
- Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, 3 км на паўночны захад ад вёскі Ражнетава, Брыцалавіцкае лясніцтва
Сустракайце, яшчэ адзін цар-дуб, на гэты раз з Магілёўшчыны. «Брыцалавіцкі» — гэта топ у розных намінацыях: уваходзіць у дзясятку найстарэйшых дрэваў краіны, у пяцёрку самых высокіх і ў тройку самых магутных па абхопе (сярод тых, што растуць у лесе). Самае цікавае, што лес хавае гэтага волата памерам з 15-павярховы дом (!) сярод маладога насаджэння, таму без правадніка давядзецца патраціць час і намаганні на пошукі цар-дуба.
Мясцовыя кажуць, што падчас Другой сусветнай вайны партызаны выкарыстоўвалі дрэва як назіральную вышку, пра што доўгі час сведчылі прыбітыя да ствала драўляныя планкі (імправізаваныя «прыступкі»). Дарэчы, дубу 250 гадоў: калі яго добра папытаць, можа, і пра Напалеона нешта распавядзе.