Гiды

Папоўніць запас: 8 прыёмаў, каб узбагаціць сваю мову

Папоўніць запас: 8 прыёмаў, каб узбагаціць сваю мову

Малюнак Ксеніі Лагавой

Сойка правяла апытанне сярод падпісантаў і высветліла, што ж беларусам замінае размаўляць па-беларуску больш за ўсё. І гэта не страх памылак і выпраўленняў, а бедны слоўнікавы запас. Што ж, выпраўляем сітуацыю. Ляцім да вас з гайдам па методыках узбагачэння лексікону і запамінання новых слоў. А вы дадавайце ў каментарах вашы ўласныя спосабы. Няхай зіхоткая здрада ніколі не завабіць вас хлуснёю ў віры! (Прынамсі вы будзеце адпаведна ўзброеныя)

Лайфхак 1. Назавіце ўсе рэчы вакол па-беларуску

Лічыцца, што ўсе назвы прадметаў, якія можна пабачыць, памацаць і сустрэць у штодзённым жыцці, належаць да пачатковага ўзроўню валодання мовай (так званы ўзровень А1). Таму адна з базавых тэхнік пашырэння слоўнікавага запасу заключаецца ў тым, каб па-беларуску называць усе прадметы, што вы бачыце вакол сябе.
Паспрабуйце вылучыць пару хвілін на дзень, каб сканцэнтравацца і назваць усе прадметы, якія вы бачыце тут і цяпер. Яшчэ лепш запісаць іх: кава, кубак, лямпа, люстэрка, кававарка, крэсла, ноўтбук, пазногці, джынсы і т. д. Калі вы бачыце посуд для кавы і не можаце ўспомніць, філіжанка гэта ці кубак, праверце сябе у слоўніку.

Лайфхак 2. Расфарбуйце тэкст маркерамі

Раздрукуйце невялікі тэкст (можна ўзяць любы артыкул з сайта Сойкі) і вазьміце тры маркеры (лінгвісты раяць класічныя святлафорныя). Зялёным маркерам адзначайце знаёмыя словы, жоўтым — тыя, у якіх вы сумняваецеся, а чырвоным — зусім незнаёмыя словы, незразумелыя з кантэксту.

Пашукайце ў слоўніку значэнне жоўтых і чырвоных слоў, праскануйце тэкст вачыма і паспрабуйце запомніць, якія словы былі якога колеру. Каляровыя асацыяцыі і запамінанне слоў у кантэксце дапамогуць хутка дадаць новую лексіку ў зялёную зону знаёмых слоў.

Лайфхак 3. Прыдумляйце асацыяцыі да слоў

Асацыяцыі, заснаваныя на гучанні слова або яго значэнні, дапамагаюць запамінаць новыя словы. Напрыклад, небарака — так паблажліва гавораць пра таго, каго шкадуюць. І тады ў вашым уяўленні можа ўзнікнуць такая асацыяцыя: небарака, бо жыве ў бараку. А ў бараку, як вядома, жыццё не цукар.

Калі ў вас дастаткова багатая фантазія — гэта ваш метад. Калі ж наадварот, прыдумляць асацыяцыі вам яшчэ складаней, чым запомніць словы, то прапускайце гэты метад і ідзіце далей.

Лайфхак 4. Напішыце словы на стыкерах

Калі вы напішаце незнаёмыя словы на стыкерах ці картках, вы задзейнічаеце не толькі візуальны канал, але і дробную маторыку рук — гэта дапаможа хутчэй запомніць іх напісанне. На адваротным баку картак ці стыкераў пазначце тлумачэнне ці пераклад. Гартайце стыкеры ці картуйце таллю картак, пакуль не запомніце ўсе словы.

Гэтую методыку таксама можна аўтаматызаваць, дадаючы спісы слоў на адукацыйныя платформы для тэстаў кшталту Quizlet ці Wordwall.

Лайфхак 5. Прыдумайце 10 сінонімаў

Гэтая тэхніка падыдзе для ўзбагачэння вакабуляру дзеясловамі, прыметнікамі і прыслоўямі. Напрыклад, хутка — гэта жвава, порстка, скора, борзда, шпарка, імкліва, імпэтна, таропка, імгненна

Чым больш сінонімаў і блізказначных слоў вы зможаце падабраць, тым багацейшы ваш слоўнікавы запас. Лічыцца, што чалавек на ўзроўні А1 можа падабраць 5 сінонімаў, на А2 — 10, на В1 — 15 і гэтак далей. А ў слова хутка, дарэчы, больш за 70 сінонімаў.

Лайфхак 6. Складзіце тэкст са словамі ў алфавітным парадку

Пачніце пісаць сказ, у якім кожнае слова пачынаецца з наступнай літары алфавіту. Напрыклад, «Андрэй Беларэцкі вандраваў гарэзліва, доўга едучы. Ён жыў зухавата і купляў лядашчыя маёнткі»

Як вядома, абмежаванні спрыяюць развіццю творчых здольнасцяў, фантазіі і памяці. Доўга шукаючы прыдатнае слова да пэўнай літары і, нарэшце, узгадаўшы яго і ўставіўшы ў свой аповед, вы яго дакладна не забудзецеся.

Лайфхак 7. Агучвайце герояў фільмаў

Пастаўце фільм ці мультфільм без гуку і паспрабуйце агучыць рэплікі персанажаў на беларускай мове. Дадумвайце, што маглі героі сказаць у кожнай канкрэтнай сітуацыі. Спачатку гэта будуць фразы з 2-3 слоў, а потым усё больш разгорнутыя дыялогі, нават блізкія да сюжэту.

Гэты вясёлы прыём дазваляе паступова пазбавіцца ад страху гаварыць, руйнуе моўны бар’ер і дазваляе кшталтаваць вуснае маўленне.

Лайфхак 8. Самы эфектыўны

Запомніць некалькі новых слоў за дзень не так ужо і складана. Але значна складаней не забыцца іх на наступны дзень. А каб перавесці свой слоўнікавы запас з пасіву ў актыў, словы неабходна ўжываць у гаворцы.

Завядзіце дзённік ці блог, каб запісваць свае думкі, уражанні ці планы на беларускай мове. Старайцеся выкарыстоўваць новыя словы кожны дзень, каб замацаваць іх ужыванне ў кантэксце. Каментуйце іншых блогераў, размаўляйце па-беларуску ў чатах і, вядома, ужывую!