Гiды

Як не баяцца памылак у беларускай мове?

Як не баяцца памылак у беларускай мове?

Малюнак Ксеніі Лагавой

Як не рабіць памылак? А ніяк. Каб не памыляцца, можна проста нічога не рабіць: маўчаць, напрыклад. Але гэта не наш варыянт — мы так проста не здаёмся. Да таго ж, мы звыклыя да выпраўленняў. Яшчэ ў расейскай мове нас часта выпраўлялі: «не звОнишь, а звонИшь», «не с тебя смеются, а над тобой». І нічога, выраслі і зразумелі, што гэтыя «памылкі» былі беларусізмамі ў нашай расейскай. А цяпер, пры пераходзе на беларускую, могуць вылазіць то русізмы, то паланізмы ці нават украінізмы. І за іх ніхто не паставіць нам двойку ў дзённік ці кляймо на лоб. Але страх памыліцца ўсё адно ёсць.

Чаго мы насамрэч баімся?

Ці сапрады мы баімся менавіта памылак? Хіба мы баімся, што знявечым беларускую мову няслушным націскам ці русізмам? Не, хутчэй мы баімся рэакцыі людзей на нашы памылкі, на нашу неідэальнасць у спробе размаўляць па-беларуску. А калі мы разбіраем страх на зразумелыя складнікі, яму ўжо прасцей даць рады.

Ці баіцеся вы, што нехта будзе смяяцца, калі вы ляснецеся з ровара? Але вы ўсё адно катаецеся на ровары? Іншая рэч, што ў вывучэнні ангельскай ці ўменні рабіць арыгамі мы ўнутрана дазваляем сабе памыляцца, бо гэтыя навыкі не былі прыроджанымі. А родная, матчына мова быццам бы мусіла быць дадзеная нам з малаком маці, і мы нібыта мусім ёй валодаць, як супергероі. Аднак не.

Трэба прызнаць, што для многіх з нас беларуская мова — гэта такі ж свежы навык, як плаванне або JavaScript. Памылкі ў новай для цябе сферы — гэта нармальна.

Чаму мы баімся быць неідэальнымі?

Доўгі час у Беларусі панаваў наратыў, што беларуская мова — гэта мова культуры, музейны экспанат, якому месца толькі ў кніжках класікаў ці на ўроках белмовы і белліту. Мы чулі толькі ідэальна пастаўленыя галасы дыктараў на радыё, чыталі адрэдагаваныя кніжкі і нават дзівіліся, калі беларуская мова з’явілася ў рэкламе. А калі нехта пачынаў побач гаварыць па-беларуску і часам памыляўся, то яму хутка затыкалі рот, маўляў, не ламай язык, не псуй святую беларускую мову.

Але нешта змянілася. Змяніліся нават трэнды інстаграму: цяпер тут модна паказваць сваё натуральнае жыццё, а не ідэальную карцінку. Маладыя мамы ўжо не саромеюцца быць неідэальнымі і часта сцвярджаюць, што для гадавання шчаслівага дзіцяці дастаткова быць не ідэальнай, а дастаткова добрай мамай.

Пара ўжо падхапіць гэты трэнд і дазволіць сабе быць дастаткова добрымі беларусамі і пакрысе вывучаць беларускую мову. Шмат глядзець, чытаць і слухаць па-беларуску, часам лезці ў слоўнік, калі ўзнікаюць сумневы — і з цягам часу памылак стане меней.

Не ведаеш, як правільна? Лупі трасянкай

Калі мы пачынаем размаўляць ці рэдка размаўляем па-беларуску, у нашу мову прарываюцца ўплывы той, на якой мы гаворым часцей. Гэта нармальна. Не варта адплёўвацца і зноў пераходзіць на польскую, расейскую ці ангельскую. Проста ўстаўце слова з іншай мовы і ідзіце далей. Калі побач будзе нехта, хто ведае, як гэта па-нашаму, хай падкажа. Калі не, то перад сном праверце слова ў слоўніку — і хай яно вам прысніцца. Галоўнае, гаварыце больш па-беларуску, і тады вам стануць сніцца сны на беларускай.

А што калі памылкі ўвойдуць у норму?

Так, ёсць такая практыка. Кава ў расейскай мове ўрэшце стала і мужчынскага, і ніякага роду — пад уплывам жывога маўлення. Такім чынам некалі ў беларускую мову ўвайшлі калькі «Добрай раніцы!», «Пакуль» і «Прывітанне!» Цяпер, напрыклад, рызыкуюць увайсці ў беларускую мову ўкраінізмы «бескаштоўны» і «спілкавацца», бо надта яны палюбіліся беларусам.

Праўда, цяпер на кадыфікацыю беларускай мовы (стварэнне слоўнікаў) практычна не вылучаюцца сродкі, таму ў нас ёсць час падвышаць сваю культуру маўлення і праз жывую практыку замацоўваць, як па-беларуску будзе правільна: цікток ці тыкток, падкаста ці падкасту, місачкі ці кошычкі ў станіку.

Выправілі памылку? Прымі і ідзі далей

Калі з усіх рэакцый на вашу беларускую ад захаплення да асуджэння вы баіцеся менавіта выпраўленняў, то з гэтым можна даць рады. Проста ставіцца да іх трэба як да парадаў, якія часта бываюць няпрошанымі. Так, яны могуць быць карыснымі — і тады скажыце дзякуй, запомніце новае слова ці правільны канчатак у месным склоне і гаварыце далей. Галоўнае, не забыцца, пра што была гаворка.

Калі ж няпрошаная парада парушае вашы межы, вы можаце абараніць сябе: напішыце ў сваіх сацсетках, што выпраўленні вас дэматывуюць ці засмучаюць, і папрасіце аўдыторыю выказвацца наконт таго, што напісана, і ўстрымлівацца ад каментароў наконт таго, як напісана.

У прынцыпе, карысна ўспрымаць выпраўленні як сродак росту, як рэсурс для самаўдасканалення. Вядома, калі яны выказаныя карэктна, ветліва і па справе. А то ж часам могуць выпраўляць «пасольства» на «амбасаду» ці «чамадан» на «валізу» — а гэта сінонімы, якія зафіксаваныя ў слоўніках.

Карціць некага выправіць? Спытайся, ці трэба

Калі вы на 100% упэўненыя, што нехта памыліўся, і хочаце сапраўды дапамагчы чалавеку, а не самасцвердзіцца за ягоны кошт, то паспрабуйце зрабіць гэта максімальна акуратна:

  • А як ты ставішся да выпраўленняў? Добра? Тады «ў малацэ», а не «ў малаку».
  • А цябе можна выправіць? Не? Ок.
  • Слухай, а па-беларуску будзе «каменні»? Я вось чула слова «камяні» і «каменне»…

Часта чалавек можа ведаць, што ён памыліўся, але ў яго проста вырываюцца больш звыклыя выразы, і проста лянота сябе вечна выпраўляць, дублюючы адразу слушнае слова. У такіх выпадках лепей стрымацца і не лезці са сваімі парадамі.

Але бываюць сітуацыі, калі сапраўды важна ўдакладніць сэнс сказанага, каб не адбылося непаразумення, у выніку якога нехта можа выпіць не тыя пігулкі, заблукаць ці нават памерці. Калі ж такой небяспекі няма, то лепш дзесяць разоў падумаць, перш чым некага выправіць. А ці не стане ваша выпраўленне тым трыгерам, пасля якога чалавек больш не стане гаварыць па-беларуску?