Сочыва з пялёсткаў ружаў
Для прыгатавання гэтага ласунку спатрэбіцца няшмат рухаў, але шмат часу: 15 хвілінаў на падрыхтоўку, 15 хвілінаў на прыгатаванне і больш за содні на настойванне.
Ружы выкарыстоўваем толькі з уласнай ці сяброўскай клумбы: кветкі з крамы апрацоўваюцца хіміяй, таму не рызыкуйце здароўем.
Што ўзяць:
- 150 гр пялёсткаў ружаў;
- 1 кг цукру;
- 250 мл вады;
- стручок ванілі;
- сок аднаго лімона.
Як гатаваць:
- У пялёсткаў выдаляем белыя і пажоўклыя часткі. Добра прамываем халоднай вадой.
- Засыпаем пялёсткі 5–6 ст. л. цукру і пакідаем усё гэта на 7–8 гадзін.
- Разразаем стручок ванілі і акуратна здымаем мякаць нажом. Гатуем сіроп з цукрам і мякаццю ванілі. Дадаем у яго лімонны сок і зацукраваныя пялёсткі.
- Варым сочыва на малым агні 10 хвілін, а затым пакідаем яго на содні. Пасля раскладваем духмяную слодыч па стэрылізаваных слоіках, шчыльна закручваем і захоўваем у цёмным месцы.
Яблычнае жэле з карыцай і шафранам
Што ўзяць:
- 2 кг зялёных яблык кшталту антонаўкі ці грэні сміт;
- 4 лімоны сярэдняга памеру;
- 4 палачкі карыцы;
- 0,5 ч. л. молатага шафрану;
- 1,5 л вады;
- цукар – у залежнасці ад колькасці атрыманай вадкасці падчас прыгатавання – 400 гр на 0,5 л.
Як гатаваць:
- Садавіну наразаем з лупінай, косткамі і сарцавінай. Лімоны можна здрабніць у блэндары – трэба, каб яны былі дробна парэзаныя.
- Кладзем садавіну ў рондаль, дадаем разламаныя палачкі карыцы і заліваем усё вадой. На моцным агні даводзім да кіпення, потым варым пад накрыўкай 1,5 гадзіны на самым павольным агні, перыядычна памешваючы.
- Высцілаем марляй вялікі рондаль ці таз, адкідваем туды яблычную масу. Завязваем канцы так, каб атрымаўся мяшэчак, які мы падвесім над рондалем на 10–12 гадзін. Не адціскаем!
- Вымяраем колькасць вадкасці, затым змешваем яе з цукрам.
- Дадаем шафран, даводзім да кіпення на невялічкім агні, памешваючы і здымаючы пенку, да загусцення – прыкладна 15 хвілінаў. Раскладваем гарачае жэле па стэрылізаваных слоіках, закручваем і ахалоджваем.
Фейхоа ў яблычным сіропе
Гэтую незвычайную садавіну ўпершыню знайшлі ў Бразіліі. Назвалі яе ў гонар дырэктара мясцовага музея Жуао дэ Фейхо.
Што ўзяць:
- 1 кг фейхоа;
- 500 гр яблык без скуркі;
- 750 гр цукру;
- 1 лімон.
Як гатаваць:
- Фейхоа прамываем, адразаем кончыкі і праколваем плады ў некалькіх месцах.
- З лімона акуратна здымаем цэдру, не закранаючы белай «ваты».
- Яблыкі націраем на дробнай тарцы, выкладаем іх у вялікі рондаль, паліваем сокам лімону, дадаем цэдру і цукар. Зверху кладзем фейхоа.
- Варым нашае смарагдавае хараство на сярэднім агні. Перыядычна памешваем і здымаем пенку. Праз гадзіну выключаем агонь і накрываем рондаль ручніком, пакідаем на ноч.
- Прыгатаванае сочыва раскладваем па стэрылізаваных слоіках. Захоўваем у халодным цёмным месцы.
Сочыва з журавінаў
Што ўзяць:
- 1 кг журавінаў;
- 1,5 кг цукру;
- 600 мл вады.
Як гатаваць:
- Ягады перабіраем, асцярожна (каб не падавіць) прамываем, крыху абсушваем.
- Адкідваем журавіны ў друшляк і на 3–4 хвіліны апускаем у ваду, якая кіпіць.
- Гатуем сіроп з вады, у якой бланшавалі ягады, і дадаем у яго журавіны. Варым на сярэднім агні да гатоўнасці.
- Гарачае сочыва раскладваем па прагрэтых слоіках.
Ігрушавае сочыва з ваніллю
Што ўзяць:
- 1 кг ігруш вільямс;
- 2 вялікія памяранцы;
- 650 гр цукру;
- 20 гр пектыну;
- 2 стручкі ванілі.
Як гатаваць:
- Ігрушы разразаем уздоўж, выдаляем сарцавіны. Наразаем мякаць невялічкімі долькамі так, каб на кожнай з іх была лупіна. Дадаем прыкладна чвэрць цукру і пакідаем на гадзіну.
- З памяранцаў здымаем цэдру, выціскаем сок.
- У рондалі змешваем цукар, сок і 4–5 ст. л. вады. На сярэднім агні даводзім да кіпення, варым 3 хвіліны.
- Дадаем у рондаль ігрушы з цукрам, на моцным агні зноўку даводзім да кіпення, здымаем пенку і выключаем агонь. Пакідаем на дзве гадзіны. Паўтараем тыя ж дзеянні з давядзеннем да кіпення і астываннем на працягу дзвюх гадзінаў яшчэ два разы.
- Перад апошнім праграваннем кладзем у сочыва цэдру, мякаць ванілі і яе разрэзаныя стручкі.
- Пасля апошняга астывання ставім сочыва на моцны агонь, дадаем пектын, даводзім да кіпення і варым 2–3 хвіліны.
- Гарачае сочыва разліваем па слоіках, даем цалкам астыць і толькі тады закручваем.