Гiды

Нязломныя. Парады па захаванні канцавінаў у мароз

Нязломныя. Парады па захаванні канцавінаў у мароз

Быць беражлівым сёння можна: ашчаджаць грошы, аберагаць наваколле, дбаць пра псіхічнае здароўе, інфармацыйную бяспеку і яшчэ з дзясятак розных карыснасцяў. А Сойка навучыць вас клапаціцца пра свае канцавіны, каб у перыяд марознай слізгаты не здарылася ніякіх «хрусь і папалам».

Важна! Сойка хацела б абараніць усіх сваіх чытачоў ад усяго дрэннага, але мы жывем не ў казцы — непрыемныя рэчы здараюцца з добрымі людзьмі. Крылаў маленькай птушкі не хопіць, каб вывезці ўсіх, але калі ўсе мы паклапоцімся пра сябе і пра блізкіх, траўмаў і суму стане менш. Дбайце пра іншых!

Пазбягайце сустрэчы з галаледзіцай

Самы лепшы сродак абароны ад падзенняў на лёдзе — пазбягаць лёду. Па магчымасці заставайцеся дома ў слізкае надвор’е, а калі выхадаў у адкрыты космас не адмяніць, сканцэнтруйцеся на захаванні раўнавагі. Ежу і тавары замаўляйце на дом, навучыцеся самі і абавязкова навучыце старэйшых сваякоў карыстацца электроннымі плацяжамі. І нават выгул любімага цюценькі можна дэлегаваць дзецям — сваім ці суседскім. Яны таксама падаюць на лёдзе, але радзей за дарослых атрымліваюць сур’ёзныя траўмы.

Апранайцеся з розумам

Калі не пазбегнуць выхаду ў слізкае наваколле, то праверце сваю вопратку. У ідэальным свеце мы мусім мець адмысловы набор адзення на выпадак звышзімы:

  1. надзейныя скураныя боты з натуральным футрам на 1-2 памеры большыя, якія добра фіксуюцца на назе, маюць устойлівы шырокі нізкі абцас і не пластыкавую падэшву;
  2. лёгкая, свабодная куртка з добрай вентыляцыяй;
  3. натуральная і якасная тэрмабялізна.

Але мы жывем не ў ідэальным свеце, таму трэба звяртаць увагу хаця б на мінімальную адпаведнасць вопраткі сезону:

  1. каб у ботаў не ад’язджаў абцас (так часта здараецца з высокімі абцасамі);
  2. каб падэшва была не празмерна гладкай;
  3. куртка ці паліто павінны быць свабоднымі, каб можна было апрануць некалькі слаёў адзення;
  4. пажадана, каб яно было не занадта доўгае (не перашкаджала руху) і не звышкароткае (каб усе важныя часткі былі прыкрытыя);
  5. шапка, шалік і пальчаткі — найлепшыя сябры і для людзей усіх узростаў зімою!

Глядзі, куды прэш!

Будуйце свае маршруты так, каб пазбягаць небяспечных месцаў. Перш за ўсё гэта прыступкі і схілы. Таксама вельмі часта людзі шкодзяць канцавіны ў цемры — трымайцеся святла! А калі навокал няма вулічнага святла, не саромцеся падсвяціць сабе шлях ліхтарыкам. Легенды кажуць, што асвятляць сябе на ўскрайках беларускіх гарадоў апошнімі мадэлямі смартфонаў — дрэнная прыкмета, таму завядзіце сабе кішэнны ліхтарык. Яго зручна вешаць на ключы, торбы і заплечнікі.

Што ў цябе ў кішэні?

Як хадзіць па слізгаце і марозе, таксама мае значэнне. Па лёдзе трэба перасоўвацца не адрываючы пятак, быццам на лыжах. Таксама не варта трымаць рукі ў кішэнях — так цяжэй балансаваць. І самы важны момант — адарвіце вочы ад смартфона.

Рыхтуйцеся загадзя

Не спяшайцеся. Выдаткоўвайце больш часу на дарогу, чым звычайна. Таксама ўлічвайце, што ўсім навокал складана перасоўвацца, у тым ліку аўтамабілям. А яшчэ ім куды больш складана спыніцца, чым вам. Таму не выходзьце не дарогу, не спрабуйце перабегчы вуліцу. Падчас галаледзіцы колькасць аварыяў у Беларусі вырастае да 45%.

БОНУС! Невідавочныя парады

  1. Артапеды пахваляць вас, калі вы не забудзецеся ўжываць зімою вітамін D — ён дапамагае засвойваць кальцый, а кальцый робіць косткі моцнымі. Таксама карыснымі будуць фізічныя практыкаванні.
  2. Паглядзіце відэа аб тым, як правільна падаць. Так, правільна ляснуцца таксама трэба ўмець! Можна папрактыкавацца на ложку. Прынамсі, гэта будзе весела.
  3. Зрабіце дадатковую страхоўку на зімовы перыяд, калі падзенне — характэрная для вас справа. Такія паслугі ёсць і ў Беларусі, і ў Еўропе.