Гiды

Аўдыякнігі з калядна-зімовым настроем

Аўдыякнігі з калядна-зімовым настроем

Малюнак Аve

Снегу намяло так, што ўжо цалкам легальна можна заставацца дома і бавіць вечары ў фатэлі пад пледам або гатуючы імбірныя пернікі і ўпрыгожваючы жытло агеньчыкамі. І калі Jingle Bells на рэпіце паднадакучыў, то Сойка прапануе шыкоўны спіс з аўдыякніг пра зіму і Каляды ў беларускай агучцы.

Хронікі Нарніі. Клайв Стэйплз Льюіс

Фэнтэзійна-прыгодніцкі бэстсэлер пра іншасвет, які хаваецца за дзвярыма шафы. Дзеці Пітэр, С’юзэн, Эдмунд і Люсі мусяць перамагчы злую вядзьмарку, якая захапіла Нарнію, а таксама зло і здраду ўнутры саміх сябе. Але галоўная роля ў гэтым змаганні належыць сапраўднаму Валадару Нарніі, магутнаму Льву Аслану, які ідзе з-за мора і на якога ўскладаюць надзею ўсе нарнійцы і дзеці. Агучана ўжо тры кнігі з серыі, а чацвёртая рыхтуецца да выхаду.

Рэкмендаваны ўзрост: 6+
Дзе паслухаць: «Кніжны воз»

Калядны харал. Чарлз Дыкенс

«Калядны харал» – першая ў свеце гатычны калядны раман, напісаны Чарлзам Дыкенсам у 1843 годзе, перакладзены Ганнай Янкутай і агучаны Ісаем Свістулькіным. Напісаны з мэтай прыцягнуць увагу да вострых сацыяльных праблемаў, гэты твор зрабіўся адной з самых дасціпных у ангельскай літаратуры кніг для чытачоў усіх узростаў, такім самым сімвалам зімовых святаў, як вастраліст, смажаная гуска і калядны пудынг.

Рэкамендаваны ўзрост: 6+
Дзе паслухаць: «Кніжны воз»

Марта і яе мара пра снег. Ганна Янкута

Часам так хочацца снегу, а ён усё не ідзе. Але будзьце асцярожныя, калі агучваеце свае мары! Марта дужа марыла пра снег, і яго наваліла столькі, што давялося падключыць дэтэктыўную логіку і сапраўдныя чары, каб разблытаць гэтую дзіўную гісторыю.

Рэкамендаваны ўзрост: 6+
Дзе паслухаць: «Кніжны воз»

Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі. Наталка Харытанюк

Аказваецца, падарункі і цуды трэба не заслужыць, а ўмець убачыць, – лічыць аўтарка дзіцячай казкі пра Святога Міколу Наталка Харытанюк, таленавіта агучанай Алегам Гарбузам і Крысцінай Дробыш. Дзея разгортваецца акурат на Каляды, а ўсе дзеці і дарослыя распавядаюць Святому Міколу вершы альбо казкі. Потым, вядома, будзе сапраўдны экшан з яблыкамі на снезе, бо заўжды пад Новы год нехта ці нешта хоча перашкодзіць цудам, але казка на тое і казка, каб добра сканчацца.

Рэкаменаваны ўзрост: 3+
Дзе паслухаць: «Кніжны воз»

Калядны стол. Некулінарная кніга. Зараслава Камінская

Гэта не класічная кулінарная кніга, а хутчэй твор-біяграфія, у якім усе ўспаміны нараджаюцца ў сувязі з ежай. Любімыя стравы, забытыя месцы і людзі, з якімі вы дзялілі ежу і сваё жыццё. Што вы любілі есці, калі былі маленькімі? Хто для вас гатаваў калісьці і для каго вы гатуеце зараз? Што вы елі апошнім разам, калі адчувалі сябе шчаслівымі? Калі пачняце слухаць, на вас, магчыма, таксама наваляцца ўспаміны з дзяцінства ці юнацтва пра пюрэ з катлеткай ці грэчку з тушанінай – каму што.

Рэкамендаваны ўзрост: 16+
Дзе паслухаць: Soundcloud

На заснежаны востраў. Анка Упала

Гэта нон-фікшн кніга пра час, праведзены аўтаркай у Швецыі. Кніга пра змаганне з холадам фізічным і душэўным – адзінотай. Фрагментарна на шляху аўтаркі будуць паўставаць людзі з розных краінаў, падзеі і краявід Яблычнага горада, але асноўным героем застанецца чалавек, вырваны са звыклага асяроддзя, які спрабуе адаптавацца на чужыне і авалодаць культурным кодам новай прасторы. Потым аўтарка яшчэ правядзе два месяцы на выспе Шпіцберген падчас палярнай ночы, але гэта ўжо зусім іншая зімовая гісторыя.

Рэкамендаваны ўзрост: 16+
Дзе паслухаць: Soundcloud

Калядная быль. Ханс Крысціян Андэрсэн

Гэта прафесійны аўдыяспектакль радыё «Культура», створаны паводле казкі Андэрсэна «Ялінка». Ялінка расла ў лесе, але ёй не цярпелася хутчэй вырасці, бо тырчаць у лесе было даволі нудна: штодзень адно і тое ж. І хоць яна дужа баялася дрывасекаў, якія пілавалі старыя дрэвы, аднак ёй вельмі хацелася хутчэй адправіцца ў падарожжа, хай і ў выглядзе карабельнай мачты.

Рэкамендавны ўзрост: 6+
Дзе паслухаць: Беларуская палічка

Эліс і Раство. Аляксандра Хамянок

Гэта чарадзейная казка пра каркулю Эліс, якая адным вокам можа бачыць будучыню, і яе сябра вожыка на імя Раство, які выконвае жаданні. Але перад чарговым прыходам Раства нечаканы візіт мяняе жыццё Эліс. Яна не толькі знаходзіць новага сябра і атрымлівае першы ў жыцці падарунак, але і… знікае.

Рэкамендаваны ўзрост: 3+
Дзе паслухаць: «Кніжны воз»

На Каляды к сыну. Змітрок Бядуля

Гэта твор са школьнай праграмы за 7 клас, і ў школьнікаў ёсць магчымасць паслухаць яго, а не чытаць кароткі змест. Гэты аповед не столькі пра Каляды, колькі пра пачуцці маці і сына, якія былі раздзеленыя не толькі тэрытарыяльна, але і сацыяльна. Паслухайце, ці ўдалося пераадолець гэтую прорву.

Рэкамендаваны ўзрост: 10+
Дзе паслухаць: тут

Белы клык. Джэк Лондан

Зімовая атмасфера гэтай кнігі забяспечаная лакацыяй, у якой адбываецца асноўная дзея. Кніга распавядае пра лёс прыручанага ваўка падчас залатой ліхаманкі на Алясцы ў канцы XIX стагоддзя. Вялікая частка твора паказаная вачыма жывёлы і, у прыватнасці, самога Белага Клыка. Кніга ў тым ліку пра тое, як па-рознаму людзі могуць ставіцца да жывёлаў.

Рэкамендаваны ўзрост: 10+
Дзе паслухаць: тут

Завеі, снежань… Іван Мележ

Перш чым слухаць «Завеі, снежань», пачніце з «Людзей на балоце» і «Подыху навальніцы», каб ведаць гісторыю герояў, іх лёсы і карані іх драмы. Трэцяя частка «Палескай хронікі» з зімовай назвай «Завеі, снежань…» існуе ў двух варыянтах агучкі: Андрэя Каляды і Валера Будзевіча. Прасачыць за лёсам Ганны Чарнушкі можна да 1930-х гадоў. У планах у Івана Мележа было матэрыялу яшчэ як мінімум на 3-4 кнігі, але праз хваробу аўтара ім не выпала з’явіцца на свет. Ці былі б Ганна з Васілём разам, так і застанецца для нас таямніцай.

Рэкамендаваны ўзрост: 16+
Дзе паслухаць: тут

За летам ідзе зіма. Алена Церашкова

Гэта твор не пра Каляды і не пра сняжок. Ён пра 2020 год вачыма падлетка, пра няпросты лёс моладзі, якой давялося рана ўсвядоміць, што ў жыцці ўсё няпроста і неадназначна. Гэта кніга і пра тое, з чым можна мірыцца, а чаму трэба даваць адпор. Чым можна ахвяраваць, а што варта захаваць. І тое, што ў кнізе паказаныя тры пакаленні і іх погляды на падзеі, дазваляе зірнуць і слухачу на гэтую гісторыю з розных званіц, пакуль зіма трывае вакол.

Рэкамендаваны ўзрост: 14+
Дзе паслухаць: тут

Казачка пра гандляра Пятра, Казу і Каляды. Ігар Кузьмініч

Аўтарская казка, заснаваная на фальклорных калядных сюжэтах, якую таленавіта чытае Маляваныч. Яе можна не толькі паслухаць, але пры жаданні і паглядзець. З казкі вы даведаецеся, чаму на Каляды водзяць менавіта казу і чаму яна займае цэнтральнае месца ў абрадзе калядавання.

Рэкамендаваны ўзрост: 3+
Дзе паслухаць: «Бэйбус»

Мышыныя Каляды. Антон Францішак Брыль

 

Чароўная вершаваная казка Антона Францішка Брыля, агучаная Крысцінай Дробыш, распавядае гісторыю пра мышак, якія знайшлі на гарышчы незвычайную драўляную скрынку: з дзверцамі, паверхамі і нават сцэнай! Пачуўшы ад старой мышы Хрысці, што гэта батлейка, мышаняты вырашаюць зладзіць сапраўднае каляднае відовішча.

Рэкамендаваны ўзрост: 1+
Дзе паслухаць: «Кніжны воз»