Мальта
Астраўная дзяржава з паўмільённым насельніцтвам у Міжземным моры са сталіцай Валетай. Відаць, збольшага нашыя веды пра Мальту заканчваюцца на «мальтыйскім крыжы» і «Мальтыйскім ордэне», ну і яшчэ хіба народ у курсе, што гэтая краіна — хаб для вывучэння ангельскай мовы (бо яна там дзяржаўная, разам з мальтыйскай, і на невялікім востраве нейкая дзікая канцэнтрацыя моўных школ). А між іншага, выспа можа прыемна здзівіць: тут вельмі мяккая зіма, чароўная міжземнаморская прырода, архітэктура і кухня, добрая аўтобусная камунікацыя па ўсім востраве (які можна добра даследаваць за тыдзень) і параўнальна невысокія (асабліва ўзімку) цэны.
Photo by Luke Tanis on Unsplash
На Мальту лётаюць лаўкостары, таму калі няма прывязкі да канкрэтнай даты, можна знайсці квіткі з розных еўрапейскіх гарадоў пачынаючы ад 10 еўра ў адзін бок (прынамсі такія былі заўважаныя з Варшавы ў Wizzair).
Мадэйра
Акрамя таго, што тут нарадзіўся Крыштыяну Раналду і аднайменнае з назвай выспы віно (якое ў некаторых нашых мовах яшчэ чамусьці вядомае як «мадэра»), гэты партугальскі архіпелаг можа пахваліцца адным з самых мяккіх у свеце кліматаў. Сталіцу рэгіёну, горад Фуншал, праз чароўную архітэктуру называюць «Лісабонам у мініяцюры». На поўначы выспы часткова захаваліся монтэ-вэрдэ — некранутыя лясы, занесеныя ў спіс спадчыны ЮНЭСКА, якія калісьці займалі ўвесь востраў і далі яму назву («мадэйра» ўласна і значыць «драўніна»).
Аматары хайкінгу таксама будуць задаволеныя: на востраве ёсць прыгожыя горы, самая высокая кропка якіх — Піку-Руйву (1862 м). А яшчэ там свая, адрозная ад кантынентальнай партугальскай, кухня.
Photo by Tim Roosjen on Unsplash
Хутка і, калі пашанцуе, бюджэтна даляцець можна прамымі рэйсамі Wizzair з Варшавы, Катавіцаў, Будапешта і Вены або крыху даражэй — партугальскай кампаніяй TAP з перасадкай у Лісабоне.
Азоры
Яшчэ адзін партугальскі архіпелаг, які занесла яшчэ далей ад кантынентальнай Еўропы. Гэта дзевяць астравоў, паміж якімі можна перамяшчацца на паромах або на самалётах (ёсць магчымасць зрабіць гэта бясплатна). На Азоры едуць у першую чаргу па прыроду — акіян, лясы, гейзеры, горы (найвышэйшая кропка — вулкан Піку, 2351 м), пячоры, азёры ў кратарах патухлых вулканаў, рэдкія віды раслін і жывёл. Гэты архіпелаг — рай для фанатаў трэкінгу (як лёгкага, амаль пенсіянерскага, так і больш прасунутага), тым больш, што ёсць шмат гатовых маршрутаў, з рознай ступенню складанасці: бяры і ідзі.
Photo by Kévin et Laurianne Langlais on Unsplash[/caption]
Азоры пакуль што — далёка не папсовы варыянт, таму лётае туды няшмат кампаній. Аптымальны варыянт — Ryanair з Лісабона або Порту (а туды ўжо дабрацца нескладана рознымі варыянтамі).
Крыт
Калі летам на грэцкіх астравах топчуцца натоўпы турыстаў, то ўзімку тут дыхаецца нашмат вальней: у мора ў гэтую пару не залезеш, таму аматары пляжнага адпачынку выбіраюць іншыя маршруты. А ў гэты час Крыт вабіць да сябе аматараў старажытнасцяў — гэта радзіма мінойскай цывілізацыі, таму востраў багаты на археалагічныя музеі, самы вялікі з якіх месціцца ў сталіцы выспы, Іракліёне. Акрамя музеяў, Сойка раіць не прапусціць Кноскі палац. Ну, і ўсім аматарам руін прысвячаецца: рэшткі палацаў у Фесце і Маліі. Па-за культурным адпачынкам не забывайма, што глабальна грэцкая кухня, паводле кучы рэйтынгаў, адна з найлепшых у свеце, а ў прыватнасці сама кухня Крыта ўключаная ў спіс спадчыны ЮНЭСКА як адна са славутасцяў вострава.
Photo by 12photostory on Unsplash
Дабрацца на Крыт нескладана з розных еўрапейскіх гарадоў — як у Іракліён, так і ў Ханью, што на паўночным захадзе вострава. На жаль, узімку лаўкостары абмінаюць гэтую выспу.
Корсіка
Корс, яна ж Корсіка, — радзіма Напалеона Банапарта, і не дзіва, што пра гэта нагадваюць мноства мясцін на востраве: статуі, мемарыялы і дом у сталіцы — Аяча, дзе цяпер месціцца музей «вялікага карсіканца». Тут лепей арандаваць машыну і едзіць па прыемных мястэчках, якія палюбяць аматары і французскай, і італьянскай архітэктуры (і кухні, і культуры ў цэлым). Горад Бастыя, праз яго архітэктуру ад 14 стагоддзя і да эпохі барока, часта называюць музеем пад адкрытым небам.
Аднак звычайна асноўная прычына наведаць Корсіку — гэта прырода. Тут некалькі нацыянальных паркаў (самы вядомы — Скандола), гранітныя скалы, пячоры Баніфача, паўпустыня Агрыятэ. А для аматараў хайкінгу тут ёсць вядомы турыстычны маршрут GR 20, які лічыцца адным з самых складаных у Еўропе: ён перасякае Корсіку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і складаецца з 16 этапаў; 200 кіламетраў праходзяць па даволі стромкіх сцежках (у асобных месцах вышыня над узроўнем мора дасягае 3 000 м) і далінах, нязменна зачароўваючы краявідамі на працягу ўсяго шляху ад Каленцаны да Конка.
Photo by Mathilde Cureau on Unsplash
Даляцець на Корсікі давядзецца з перасадкай у мэйнлэнд-Францыі.
Ісландыя
Здаецца, Ісладныя сёння ўжо не патрабуе рэкламы, так што Сойка проста нагадае: гэта абсалютна чароўная краіна, якая не пакіне вас у спакоі, пакуль вы туды не злётаеце (і нават тады не пакіне — але ў добрым сэнсе). Адпачынак там не бюджэтны (Ісландыя — у топ-3 самых дарагіх краін Еўропы), але гэта таго варта: успамінаў і фота для сацсетак хопіць надоўга. Краіна вадаспадаў, гейзераў, вулканаў, ледавікоў і яшчэ шмат чаго, што вы вывучалі на ўроках геаграфіі. Ехаць туды варта хаця б на тыдзень, адзін дзень зойме агляд сталіцы, Рэйк’явіка (туды вы хутчэй за ўсё прыляціце), а пасля найлепшы варыянт — праехаць кола па ўзбярэжжы вострава (лепш за ўсё арандаваць кэмпер), спыняючыся на хайлайтах (іх шмат, так што давядзецца выбіраць самае-самае). Ісладныя чароўная ў любую паравіну года, а галоўная прычына ехаць туды ўзімку — гэта магчымасць убачыць паўночнае ззянне.
Photo by Kym Ellis on Unsplash
У Рэйк’явік лётае мноства кампаній, сярод якіх і лаўкостар Wizzair з Варшавы і Вільні.
Свальбард
Свальбард, ён жа Шпіцберген, — нарвежскі архіпелаг у Паўночным Ледавітым акіяне, і гэта пункт для самых адважных і advanced падарожнікаў. Тут амаль круглы год мінусавая тэмпература, паказваюць паўночнае ззянне, у сталіцу рэгіёну Лонгйір заходзяць белыя мядзведзі, з канца кастрычніка да сярэдзіны лютага — палярная ноч, а яшчэ тут нельга нараджацца і паміраць. Але як кажуць мясцовыя (яны ж панаехаўшыя): гэты космас заваблівае ў палон, і адсюль не хочацца з’язджаць. Кажуць, што магія гэтага месца — у краявідах, у пэўнай адрэзанасці ад астатняга свету, у самым блізкім кантакце з прыродай. А яшчэ, для асаблівых фанатаў, тут ёсць цэлыя закінутыя паселішчы — былыя савецкія Піраміда і Грумант, дзе жылі шахцёры, пераважна з Данбасу.
Photo by Chris-Håvard Berge on Unsplash
Свальбард — свет няблізкі, таму і дарога няпростая: ляцець давядзецца да Осла, а пасля, хутчэй за ўсё, да Тромсё і ўжо там перасядаць на трэці самалёт да Лонгйіра.