Гiды

Ферментацыя: што за звер і якая ад яго карысць

Ферментацыя: што за звер і якая ад яго карысць

Малюнак Ave

«Ферментацыя» — гэта не заклён з «Гары Потэра», але працэс напраўду магічны, у выніку якога з простых прадуктаў і без надта вялікіх высілкаў вы атрымліваеце карысныя бактэрыі і прыносіце радасць свайму арганізму.

Тэст на ўзрост: спалучыце ў адну карцінку качаны капусты, «шынкоўку» і ванну. Удалося? Тады гэты тэкст для вас, бо прыйшоў час ушчыльную задумацца над сваім здароўем і наферментаваць пару бочачак капусты, кімчы або камбучы.

Карысць: крыху нуднай тэорыі

Ферментацыя — біяхімічная перапрацоўка арганічных рэчываў (сыравіны або прадукту) пры дапамозе ферментаў (бялковых каталізатараў) або пад уздзеяннем мікраарганізмаў. Навукоўцы сцвярджаюць, што ферментаваныя прадукты засвойваюцца лепш, чым тыя ж самыя прадукты ў свежым выглядзе, а яшчэ ў іх больш вітамінаў, прабіётыкаў і іншых патэнцыйна карысных рэчываў. Ужыванне як мінімум кісламалочных прадуктаў памяншае рызыку многіх хранічных хвароб і спрыяе падтрыманню здаровай вагі.

У любові мікробаў-ферментатараў да простых цукроў ёсць яшчэ адна перавага. Паколькі яны з’ядаюць большую частку лактозы, людзі з яе непераноснасцю могуць ужываць некаторыя ферментаваныя малочныя прадукты — напрыклад, сыр чэдар.

Што можна ферментаваць

Ферментаваць можна практычна любыя прадукты: мяса, рыбу, малако, гародніну, бабовыя і гарбату. Напрыклад, так робяць пуэр. Прычым ферментаваць можна не толькі лісце, але і ўжо завараны салодкі чай: тады ў вас атрымаецца камбуча.

Ферментацыя — гэта вам не марынаванне

Паводле вызначэння Міжнароднай навуковай асацыяцыі прабіётыкаў і прэбіётыкаў (ISAPP), ферментаванымі можна лічыць прадукты і напоі, атрыманыя шляхам жаданага мікробнага росту і ферментатыўнага ператварэння харчовых кампанентаў, якія першапачаткова ўтрымліваліся ў ежы. То бок ёгурт, камбуча і хлеб на дражджавой заквасцы — ферментаваныя прадукты, а гародніна, марынаваная ў воцаце, — ужо не. (І насамрэч «саленні-марынады» з савецкага мастхэву — «Книги о вкусной и здоровой пище» — гэта далёка не заўсёды пра здароўе.)

Што адбываецца з ежай пры ферментацыі: Ферментаваць ежу здольныя многія віды малочнакіслых бактэрый, плесневых і дражджавых грыбкоў. Мікраарганізмы засвойваюць з ежы цукры, а наўзамен насычаюць яе вынікамі сваёй жыццядзейнасці: вітамінамі, спіртамі, вуглякіслым газам і арганічнымі кіслотамі. У выніку атрымліваецца ежа, прыкметна адрозная па складзе ад першапачатковага прадукту.

Што адбываецца з ежай пры марынаванні: Марынаванне — кансерваванне прадуктаў, з прымяненнем марынаду — расолу з дадаткам воцатнай або лімоннай кіслаты. Канцэнтрацыя солі і цукру ў марынаваных прадуктах значна перавышае норму, што можа стаць прычынай розных праблем са здароўем: гэта небяспечна для сэрца, нырак, печані і нервовай сістэмы. Для людзей з захворваннямі ЖКТ (у прыватнасці язвай і гастрытам) яны могуць быць небяспечныя праз кіслату.

Спосабы ферментацыі

  1. Натуральнае закісанне. У гэтай сітуацыі ежу ператвараюць мікраарганізмы, якія ўжо жывуць у сырых прадуктах або на паверхні посуду, у якім іх гатуюць: так нараджаецца, напрыклад, квашаная капуста і кімчы.
  2. Ферментацыя шляхам дадання стартавых культур. Да сырых прадуктаў дадаюць невялікую колькасць ужо гатовай культуры мікраарганізмаў, напрыклад закваску або дрожджы, або трохі ўжо ферментаванай ежы: гэтак робяць, напрыклад, ёгурт і камбучу (вядомую нам з дзяцінства пад стрэмнаватым іменем «чайны грыб»).

Як не нашкодзіць здароўю

Але калі няправільна захоўваць або гатаваць слабакісла ферментаваныя прадукты (некаторыя сыры, рыбу, камбучу), у іх могуць трапіць шкодныя мікробы. Таму пры падрыхтоўцы такіх прадуктаў дома важна строга трымацца рэцэпту і выконваць правілы бяспечнага прыгатавання ферментаванай ежы:

  1. Выкарыстоўвайце толькі свежыя прадукты і абавязкова мыйце іх. Калі ў ежы ўжо было шмат шкодных мікробаў, малочнакіслых бактэрыям будзе складана іх здушыць.
  2. Выкарыстоўвайце толькі чысты посуд, нажы і дошкі. Калі вы плануеце кансерваваць ферментаваныя прадукты — абавязкова стэрылізуйце слоікі.
  3. Сачыце за тэрмінамі. Як правіла, для ферментацыі большасці садавіны і агародніны патрабуецца ад трох да шасці тыдняў.

Топ-10 ферментаваных прадуктаў

  1. Кефір
  2. Квашаная капуста
  3. Кімчы
  4. Камбуча
  5. Квас
  6. Ёгурт
  7. Соевы соўс
  8. Тэмпе
  9. Міса
  10. Хамон

Імбірнае піва: рэцэпт ад Сойкі

Гэта газаваны безалкагольны напой, які робіцца шляхам натуральнай ферментацыі імберцу, з выкарыстаннем дрожджаў і цукру.

Што спатрэбіцца:

  • 100 гр. імберцу
  • 10 гр. дрожджаў
  • 90-100 гр. цукру
  • сок 1 лімона
  •  1 л вады

Як гатаваць:

  1. Імберац пачысціць і нарэзаць на драбнюткія кубікі (4-5 мм), адправіць іх у пластыкавую бутэльку разам з лімонным сокам.
  2. У асобнай місе ў 200 мл вады распусціць дрожджы і цукар, дадаць у бутэльку з імберцам. Даліць рэшту вады у бутэльку, вельмі шчыльна закрыць яе і пакінуць на 12 гадзін пры пакаёвай тэмпературы.
  3. Пасля гэтага, калі бутэлька стане вельмі цвёрдай, паставіць у лядоўню. Пасля можна ўжываць, працадзіўшы праз сіта/марлю (адкрываць бутэльку вельмі асцярожна і лепей над ракавінай 🙂

Культурнае значэнне

Ферментаваныя прадукты страшна папулярныя ў азіяцкай кухні, але не чужыя ў нашых Еўропах. Скандынаўскія краіны, Нямеччына і краіны самага нашага рэгіёну гатовыя спрачацца за Sauerkraut — кіслую капусту — лічачы яе адной са сваіх галоўных страваў. Праўда, многія з нас, траўмаваныя ёй як адной з асноўных страў дзяцінства, забылі яе як страшны сон — а дарма. Шведы вунь наогул ядуць Surströmming (сюрштромін — кансерваваны квашаны селядзец з вельмі спецыфічным пахам) — і нічога, жывыя, больш за тое, ганарацца гэтым як важнай часткай культуры.

У вегетарыянскім 2019 годзе ў менскай «Галерэі Ў» праходзіла выстава мастацкай групы «Slavs and Tatars», якая даследуе археалогію штодзённасці «на ўсход ад былой Берлінскай сцяны і на захад ад Вялікай Кітайскай сцяны», і на гэтай выставе канцэпт ферментацыі быў адным з цэнтральных — як тое, што аб’ядноўвае нашы такія, здавалася б, далёкія культуры.

Slavs and Tatars
«Малаток і смочка», 2016
«Skisła władza: zamiast mleka po jej piersiach kefir ścieka» («Скіслая ўлада: замест малака ў яе па грудзях сцякае кефір»)